4 мая 2024, суббота, 3:38
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Забаронім крызіс – будзем добра жыць

6
Забаронім крызіс – будзем добра жыць

Трывога агарнула свет. Крызіс паглыбляецца. І нават самыя рашучыя захады лідэраў сусветнай эканомікі істотных вынікаў пакуль што не даюць. Рэцэсія набывае глабальны характар. І толькі Беларусь застаецца адзіным астраўком спакою і стабільнасці.

Так, ва ўсякім разе, пераконваюць улады сваё даверлівае насельніцтва. Гэта немцы, французы ды амерыканцы палохаюць наіўных абывацеляў жудаснымі лічбамі непазбежнай катастрофы. А ў нашай краіне ўсе паказчыкі павінны мацаваць упэўненасць і аптымізм. І сапраўды, чаго баяцца? Абвесцім той крызіс, нібы якога-небудзь непажаданага госця, персонай нон грата. І няхай сабе блукае па замежжы. А да нашага калючага дроту каб і не набліжаўся.

На мінулым тыдні натхніцель і арганізатар усіх нашых перамог сабраў паплечнікаў – Сідорскага і Пракаповіча. І перад тэлекамерамі строга папярэдзіў: “Ссылки на то, что сегодня тяжело, невозможно продать продукцию, не принимаются. Я еще раз хочу повторить: кризис – не для нас”. Які стыль, якое стратзгічнае мысленне! Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі ў галіне эканомікі шукаюць і не могуць знайсці выйсце. Амерыка мільярды кідае на падтрыманне банкаўскай сістэмы і вытворцаў, па якіх прайшла ўжо хваля першага спаду. А трэба ж, як высвятляецца, усяго толькі выклікаць адказных таварышаў і строга папярэдзіць. Крызіс – не для нас!

Што застаецца пасля гэткіх слоў? Толькі скакаць бесклапотна каля навагодняй елкі ў кампаніі Снягуркі ды чакаць шчодрых падарункаў ад Дзеда Мароза. А той пачаў ужо іх раздаваць. Па асабістым даручэнні таварыша Крызіса. Таго самага, непажаданага. Высветлілася раптам, што золатавалютныя рэзервы краіны толькі ў лістападзе зменшыліся раптам на 227 мільёнаў даляраў. І гэта менавіта ў той час, калі быў атрыманы першы мільярд расійскага крэдыту. Розныя варожыя элементы ды шэраговыя нядобразычліўцы пачалі цікавіцца, а куды ж падзеўся ў такім разе выратавальны расійскі мільярд? Няўжо яго паціху дзе-небудзь ужо распілавалі?

Хвалююца дарэмна. Ніхто нічога не чапаў. Проста кіраўніцтва старанна надзімала вясёлыя святочныя балонікі. Каб усіх пераканаць, што тут - бязмежная стабільнасць. Беспрацоўе нават і не сніцца. А гэты просценькі, здавалася б, спектакль для масавага гледача запатрабаваў непрадбачаных выдаткаў. І крэдыт той падаецца зараз нейкай кропляй у моры. Не цяжка падлічыць, колькі яшчэ часу зможа ўлада распавядаць зачараваным слухачам казачку пра тое, што глабальны крызіс нас чамусьці абміне.

На ўсялякі выпадак зноў распачалася старая ўсенародная гульня пад назовам “Шукаем вінаватага”. Экзекуцыя злосных карупцыянераў, якія сваё паселішча нахабна збудавалі вокнамі на нашы родныя Дразды, аптымістычныя настроі ў грамадстве крыху падтрымала. Але не надоўга. А таму тэрмінова патрабуюцца новыя разбуральнікі беларускага эканамічнага цуду. І падобна на тое, што яны ўжо знойдзены. Ва ўсякім разе, напрамак народнага гневу пазначаны. На той жа высокай нарадзе. Сідорскаму і Пракаповічу было даведзена дакладна: “Руководителей предприятий надо заставить работать так, как будто нет никаких кризисов, и продавать свою продукцию”.

Якое простае і ўсім зразумелае выйсце – прымусіць. І будуць працаваць, нікуды не падзенуцца. У гэтым геніяльным эканамічным адкрыцці ёсць адна толькі прыкрая няўвязачка. Галоўны вораг тутэйшага дабрабыту – пакупнік. Асабліва замежны. Як толькі надыходзіць крызіс, ён імгненна забывае сваю неўтаймаваную прагу да набыцця тавараў. І хоць ты яго страляй, не зменіцца нічога. І давядзецца злосць спаганяць усё на тых жа дырэктарах. Загадалі ж ім прадаваць прадукцыю. А яны яе – на склад. Чым не сабатажнікі?

Але і гэта – дробязь. Галоўнае ў нашай краіне – паказчыкі. Дзеля іх, а не для нейкага незразумелага нам рынку працуе эканоміка. І таму ў наступным годзе запланаваны яе рост на 9 – 10 адсоткаў. Калі ўсё так, які тут крызіс?.. І што самае дзівоснае, паказчыкі тыя, магчыма, сапраўды стануць рэальнасцю. Будзе кіпець на заводах ударная праца. І выйдуць з канвеера новыя, звышпланавыя трактары. І камбайны, і тэлевізары. А што яны нікому не патрэбныя – каго тое цікавіць?

З’есць ўдарная праца апошнія грошы. Але і ў гэтым вялікай бяды няма. У Расіі пазычыць улада чарговы мільярд. Калі адмовіць ненадзейны сусед, Міжнародны валютны фонд дапаможа. Там не дадуць, да Муамара Кадафі можна звярнуцца. Нездарма ж ён быў братам абвешчаны. А што дзяржаўная запазычанасць дасягнула ўжо 14 мільярдаў даляраў, не варта хвалявацца. Не гэтаму ж рэжыму пазыку давядзецца аддаваць. І магчыма, не надта ўжо страшная лічба. У параўнанні з тым, пра што мала хто тут ведае.

А на якіх умовах у такі цяжкі для яе час Расія бесклапотна пераводзіць першы транш двухмільярднага крэдыту свайму непрадказальнаму суседу? Сантыменты засталіся ў мінулым. Чым у такім разе ахвяравала Беларусь?

Гэтага не ведае ніхто. І нават “дасведчаныя крыніцы інфармацыі” з абодвух бакоў, звычайна надта гаваркія, маўчаць зацята. Нейкая брыдота ўсё ж рыхтуецца. Магчыма, тое, у што пакуль ніхто не хоча верыць.

Пазычаць вялікія грошы ў каварнага суседа надзвычай небяспечна. Асабліва ў час крызісу. Тым болей забароненага. Святочны балонік стабільнасці можа лопнуць нечакана. Хтосьці ў чарговы раз на тым нагрэе рукі. Астатнім скажуць, што фокус не ўдаўся.

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях