18 мая 2024, суббота, 10:30
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Дэманы тутэйшага тунелю

9
Дэманы тутэйшага тунелю

Дзве адметныя падзеі красамоўна і выяўна засведчылі надыход вясны. Падзея першая, на вялікі жаль, паныла побытовая. Нейкі чалавек у метро саскочыў перад цягніком на рэйкі ды пабег кудысьці па тунелі.

Злаўмысніка злавілі. Дапыталі. Высветлілася, што дурных намераў у чалавека не было. Проста на двары – вясна. Сезон вядомы. Да таго ж зусім нядаўна перажыло грамадства яшчэ адно выпрабаванне – зацьменне месяца. Поўнае, здаецца. Вось у гэткім стрэсе і паімкнуўся чалавек ад дэманаў уцячы. А куды ж ад іх хавацца? Вядома кожнаму – у метро.

Падзея другая – зусім іншага, амаль эпічнага маштабу. Горды і непахісны рэжым моцна грымнуў дыпламатычнымі дзвярыма. Усе прыціхлі ў жаху. Гэта ж вам не штодзённыя разборкі з суседняй Польшчай. На Злучаныя Штаты Амерыкі замахнуліся. Ды яшчэ як! Неверагодна прынцыповы і рашучы рэжым адклікаў свайго амбасадара з гэтых ненавісных Штатаў і амерыканскаму амбасадару настойліва параіў нашу краіну пакінуць. Пасля гэткага выбрыку застаецца толькі адно – выцягнуць з нафталіну мундзір з пагонамі няведама якога чыну і персанальна з’явіцца перад войскам. І паказаць нарэшце гэтым нахабным амерыканцам славутую “кузькину мать”. Тую самую, якой палохаў клятае замежжа таксама непахісны лідэр Мікіта Хрушчоў.

І ўсё ж звязваць наўпрост гэты дыпламатычны канфлікт з вышэйпамянёным выпадкам у метро наўрад ці варта. Сезоннымі абвастрэннямі тлумачыцца не ўсё. Да таго ж у андэграўнднай гісторыі – логіка жалезная. Каму невядома, што тутэйшыя тунелі дэманы любяць апантана. Але панічна баяцца падземных цягнікоў.

А вось чым абумоўлена нечаканая істэрыка рэжыму, сказаць цяжка. Афіцыйная заява МЗС на гэты конт высвятляе сітуацыю не надта. Паводле яе рашэнне адклікаць амбасадара РБ з Вашынгтону абумоўлена ўвядзеннем дадатковых санкцый да канцэрна “Белнафтахім”. Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў патлумачыла, што яно толькі пашырае ўжыванне санкцый ужо існуючых, якія абвешчаны былі 13 лістапада 2007 года. Чаму ж тады не ўзнялася гэткая хваля абурэння? Чаму так запознена выбухнуў кіраўнічы гнеў?

Няйначай д’ябал, як заўсёды, тоіцца ў дэталях. Тыя асноўныя санкцыі відаць яшчэ не закраналі непасрэдна нейчых асабістых інтарэсаў. А гэтае сціплае “пашырэнне” напэўна дасягнула мэты. Зачапіла за жывое. Той самы момант, калі захлынуцца можна ад злосці і бяссілля. І сапраўды, чым адказаць на гэткую крыўду? Хіба што, кажучы высокім кіраўнічым стылем, “выкинуть посла”. Але факт застаецца фактам. Знайшлі. Дацягнуліся. Ударылі балюча. Так, ёсць іншая версія раптоўнай істэрыі. РБ у выніку гэтага пашырэння губляе амаль што цэлы мільярд. А то як жа – было б такое ўзбуджэнне. Ды чхаць на нейкі мільярд. Не дабудуем яшчэ адзін спартовы комплекс ды басейн для тых, хто хоча даць глыбіннага нырца? Дабудуем. Пазычым у Расіі, калі што. Не нам жа аддаваць!

На тэлеэкране афіцыйны прадстаўнік МЗС РБ старанна спрабаваў падаць апошнія падзеі ў якасці варожага выпаду Амерыкі супраць беларускага народу. Вось менавіта гэты момант у гісторыі з прышчымленым хвастом найбольш цікавы.

Бачыце, што высвятляецца! Гэта не чыноўнікі тутэйшыя, а беларускі народ шчыруе ў замежжы з сумніўнымі рахункамі. Стварае адпаведныя фірмы ды кампаніі. Набывае нерухомасць на падстаўных асоб. Гэта беларускі наш народ забудаваў прэстыжныя ваколіцы Мінска шыкоўнымі дамамі ды набыў сабе аўто, якія не кожны заходні мільянер сабе дазволіць можа. І злосны амерыканскі Мінфін менавіта па яго, народа, інтарэсах нанёс удар. І гаротнае наша чынавенства сцяной устала на абарону яго, народа, інтарэсаў.

Ну як не адказаць на гэта ўсенароднай любоўю да ўлады!

А таму падзеі ў бліжэйшы час хутчэй за ўсё будуць развівацца па старой, даўно апрабаванай схеме. Народным масам будзе прэзентаваны вораг. Не абы які – зацяты, моцны. З даўняй рэпутацыяй. Вядомы добра пенсіянерам і вайскоўцам. Перад якім трэба забыць штодзённыя дробныя клопаты і ўстаць сцяной.

Што там ні кажы, а становішча куды якое незайздроснае. З кожным днём пагаршаецца жыццё. І за поспехамі “у цэлым” гэта не схаваць. Ляснулі жабрацкія ільготы. Касірка ў краме выкрыквае кудысьці ў прастору: “А колькі сёння каштуе гэты бублік?” І ўжо нават самыя адданыя прыхільнікі са старых і нецвярозых пачынаюць абурацца. Выйсце з гэтай рэальнай небяспекі толькі адно – новы стары вораг. І вось ён пад рукой – Амерыка! Уводзіць дадатковыя санкцыі. На жабрацтва выракае наш народ. А таму ўсе як адзін на абарону самага прынцыповага ў свеце кіраўніцтва! Адстаім. Не дазволім.

І ўсё ж з-за чаго ён узняўся, гэты віхор абурэння? Запатрабавалі ў тутэйшых непакорлівых, каб яны, калі хочуць мець партнерскія дачыненні з Амерыкай, паводзілі сябе прыстойна. Як належыць цывілізаваным людзям. Выканалі б некалькі ўмоваў. Не кідаць палітыкаў у турмы за тое, што не падабаюцца іх погляды. Не душыць апантана недзяржаўную прэсу. Не пасылаць супраць уласных грамадзян, якія выйшлі на мітынг або дэманстрацыю, узброеных галаварэзаў, якія на жанчынах і старых удасканальваюць сваё майстэрства.

Наіўныя! Доўга давядзецца ім чакаць.

Пасля грозных воклічаў і неверагоднага ўздыму кіраўнічага імпэту ўлада раптам заўважыла, што амерыканскую амбасаду ўсё гэта не ўзрушыла. І ніхто нікуды з’язджаць не паспяшаўся. Як выйсці ў такім разе з прыкрай сітуацыі? Пасля доўгага мазгавога штурму знайшлі нарэшце мудрае рашэнне: МЗС выказаў здзіўленне.

Усё гэта было б смешна, калі б не было так сумна. Купка дробных савецкіх кіраўнікоў, дарваўшыся аднойчы да вышэйшай улады, вырашыла болей яе не пакідаць. Гэтыя людзі з іх замшэлым саўковым уяўленнем аб жыцці і свеце нічога добрага зрабіць не могуць. Каб нават моцна захацелі. Узровень не дазваляе. І прыстойная некалі краіна ў выніку іх мітуслівай дзейнасці паступова ператвараецца ў агароднае пудзіла Еўропы.

І толькі адзін начальнік у гэтай краіне мае ўсе паўнамоцтвы, каб патлумачыць бедалагам іх поўную і катастрафічную неадпаведнасць займаемым пасадам. Імя таго магутнага кіраўніка ўсім вядома добра. Гэта – Народ.

Але дзе ён?

Написать комментарий 9

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях