24 ноября 2024, воскресенье, 14:45
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Ивонка Сурвилла: «Как только Беларусь будет в хороших руках, мы передадим наши полномочия» (Видео)

Перемены в Беларуси произойдут по воле самих белорусов, считает председатель Рады БНР Ивонка Сурвилла.

На гэтыя ды іншыя пытаньні “Салідарнасьці” адказала Івонка Сурвіла напярэдадні Дня Волі.

— Спадарыня Івонка, а дзе асабіста вы будзеце сьвяткаваць 90-я ўгодкі БНР?

— Па ўсім сьвеце. Мяне запрашаюць і прымяркоўваюць час святочных імпрэзаў да маіх магчымасьцяў. Так што я буду сьвяткаваць і ў Лёндане, і ў Нью-Ёрку… Ну і, безумоўна, у Празе, дзе мне надзвычай прыемна быць.

— Але менавіта 25 сакавіка дзе будзе накрыты ваш сьвяточны стол?

— У Францыі. Паеду ў бацькоўскі дом, да брата Лёніка Шыманца. Запросім некалькі беларусаў і адсьвяткуем вельмі ўрачыста: са сьцягам, запаленай сьвечкай на стале, успамінамі пра розныя падзеі ў нашым жыцьці, зьвязаныя з 25 сакавіка. Запяём гімны “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”, “Магутны Божа”. Апошнім я проста захопленая. І заўсёды плачу, яго сьпяваючы.

— Ці падзяляеце вы меркаваньне, што без БНР не было б БССР і незалежнай Беларусі?

— Абсалютна падзяляю. БССР зьявілася толькі таму, што існавала Беларуская Народная Рэспубліка. І безумоўна, дзякуючы гэтаму і была абьвешчаная незалежнасьць у 1991 годзе. Я ў сваім сёлетнім сакавіцкім прывітаньні якраз і кажу, што без БНР беларусы ўжо не існавалі б. Нас ужо не было б на гэтай зямлі.

— Чаму ж, на вашу думку, беларускі народ не скарыстаўся з магчымасьцяў, якія яму былі дадзеныя ў 1991-м годзе, каб адрадзіць сваю вольную дзяржаву?

— Пра гэта я разважаю ў сваёй кнізе “Дарога”. Мне вельмі-вельмі балюча, што беларускі народ не скарыстаўся. Але ёсьць шмат прычынаў. Я думаю, што акупацыя савецкая задоўга трывала. І Масква змагла так перарабіць мазгі людзей, што яны абсалютна ня ведаюць, што такое незалежнасьць.

Адна з прычынаў — страх яшчэ з часоў Савецкага Саюзу. Людзі адчуваюць патрэбу быць скрытнымі, думаюць, як той ці іншы іхні ўчынак адаб’ецца на іх сям’і, ці ня страцяць яны працу. Гэта, я ўважаю, галоўнае. Да таго ж Чарнобыль… Ён фізычна аслабіў беларускі народ. Людзі страцілі энэргію, якая патрэбная, каб змагацца за абстрактную незалежнасьць, якой яны фактычна й ня ведалі. Людзі, якія аслабленыя фізычна, перастаюць верыць, яны жывуць абы толькі выжыць да заўтра.

І тут вельмі важную ролю адыгрывае моладзь, таму што яна мае гэтую энэргію і мае веру ў будучыню.

— Які ўнёсак зрабіла Рада БНР у стратэгію Эўразьвязу, што датычна Беларусі?

— Мы фактычна пачалі ад патрэбы інфрамацыі. Гэта першае, за што мы змагаліся. Мы пісалі лісты, сустракаліся з Эўракамісіяй, з Эўрапарлямэнтам, з Радаю, каб як найхутчэй даць беларускаму народу магчымасьць самому вырашаць свае праблемы, а не толькі слухаючы прапаганду Лукашэнкі. Пасьля, безумоўна, усё тое, за што змагаецца апазыцыя беларуская. Мы яе падтрымоўваем усюды, на кожным кроку. І таксама ў рамках Эўразьвязу.

— Ці можа беларускі ўрад на выгнаньні ўплываць на зьмены ў самой Беларусі і ў яе стасунках з Эўропай, ЗША ды іншымі краінамі?

— Зьмены ў самой Беларусі, я ўважаю, прыйдуць ад саміх беларусаў. Беларусь асягне незалежнасьць і волю знутры. Гэта іначай адбыцца ня можа.

Адзінае, што мы можам рабіць, — гэта здабываць падтрымку сьвету для дэмакратычнай і незалежнай Беларусі. Мы здабываем прыяцеляў для Беларусі, якіх Беларусь ня мела ў 1918 годзе. Дзеля гэтага яна і не змагла адстояць сваю незалежнасьць. Цяперака Беларусь мае падтрымку ўсюды: і ў Амэрыцы, і ў Эўропе. Абсалютна ўсе заходнія дзяржавы, ведаюць пра Беларусь і падтрымліваюць дэмакратыю, правы чалавека, незалежнасьць для беларускага народу.

Што да санкцыяў, то мы даводзім, што санкцыі можна ўжываць толькі ў тым выпадку, калі гэта можа нейкім спосабам зьмяніць палітыку Лукашэнкі, але каб толькі санкцыі не зашкодзілі беларускага народу.

— Рада БНР — апошні ў Эўропе ўрад на выгнаньні. Як адбывалася перадача мандатаў урадамі на выгнаньні ўрадам на мэтраполіі ў іншых краінах?

— Усе постсавецкія краіны мелі ўрады на выгнаньні. Калі гэтыя краіны абвесьцілі сваю незалежнасьць, тады і адбылася перадача мандатаў. Мы адзіныя не перадалі.

— І Беларусь жа ў 1991 годзе стала незалежнай, афіцыйна вярнула свае сымбалі, загаварыла па-беларуску… Урад Кебіча, пішаце вы ў сваёй кнізе, рабіў дзеля гэтага высілкі, дык чаму перадача не адбылася?

— Усе іншыя былі перакананыя, што перадаюць уладу нармальным дэмакратычным урадам. Украіна крышку зарана перадала свае паўнамоцтвы. І пасьля ўкраінцы шкадавалі. У Беларусі, і час гэта паказаў, незалежнасьць не была трывалая. Парлямэнт быў абраны за часамі савецкай улады, і не было ніякай надзеі, што незалежнасьць утрымаецца.

Як толькі Беларусь будзе ў добрых руках, а дэмакратычныя свабоды і незалежнасьць замацуюцца незваротна, мы перадамо нашыя паўнамоцтвы. Ня можам дачакацца!

— Пры якіх умовах вы маглі б сесьсці за стол перамоваў з Лукашэнкам і перадаць мандат БНР сёньняшняму ўраду?

— Ні пры якіх. Такіх умоваў няма.

— А калі дэмакратычнымі сіламі Беларусі будзе створаны ценявы кабінэт ураду?

— Не, не перадамо. Занадта небясьпечна было б гэта для іх. Мы думаем, што сам сымбаль незалежнасьці, які мы сабою прадстаўляем, мусіць застацца цалкам незалежным.

— Якія тэндэнцыі прасочваюцца цяпер у жыцьці беларускай дыяспары ў сьвеце?

— Старая, паваенная эміграцыя працягвае працу, як і дагэтуль. Ёсьць новая эміграцыя, якая часта папросту выехала дзеля фінансавых мэтаў. Яна не заўсёды далучаецца да нашай працы. Але нейкая частка таксама ёсьць нацыянальна сьведамая.

У Таронта, напрыклад, нашае беларускае жыцьцё ўтрымоўваецца цяпер ужо новай эміграцыяй. Яе прадстаўнікі вельмі добра ставяцца да Рады, да беларускіх нацыянальных каштоўнасьцяў. У 2006 годзе, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, яны наладзілі надзвычайную дэманстрацыю перад гарадзкой управай Таронта.

— Як бы вы сёньня ацанілі стасункі паміж беларускай дзяржавай і дыяспарай? Апазыцыяй і дыяспарай?

— На жаль, беларуская дзяржава вельмі “цікавіцца” дыяспарай. Замоцна “цікавіцца”. Гэтак заўсёды было. І мы не сумняваемся, што цяперака ў кожным асяродку ёсьць людзі, мэта якіх — раскалоць нашыя арганізацыі. Эміграцыя сама, а Рада БНР тым болей, прадстаўляла і прадстаўляе небясьпеку для людзей, якія выступаюць супраць усяго беларускага.

З апазыцыяй цудоўныя адносіны. Два тыдні таму мы былі запрошаныя разам з усёй апазыцыяй у Эўрапарлямэнт, дзе сьвяткавалі 90-я ўгодкі БНР. Было ўсё вельмі ўрачыста. І ўсюды былі прадстаўнікі апазыцыі і мы — прадстаўнікі Рады БНР.

— Адзіным фронтам выступалі?

— Так, адзіным.

— Толькі што адбылася вашая он-лайн канфэрэнцыя на радыё “Свабода”. Ці былі падчас яе пытаньні, якія зьбянтэжылі вас?

— Не, не было. Але трапляліся пытаньні цяжкаватыя і нават непрыемныя. Напрыклад, пра легітымнасьць Рады. Дзіва, што і цяпер яшчэ ёсьць людзі, якія гэтага не разумеюць.

— Што вы адказалі?

— Што Рада БНР ёсьць беспасярэднім пераемнікам паўнамоцтваў тае Рады, якая была абраная Ўсебеларускім зьездам і якая абвесьціла незалежнасьць Беларусі. Тая Рада была голасам 1872 дэлегатаў, абраных у розных рэгіёнах і рознымі слаямі насельніцтва. Гэтыя дэлегаты былі разагнаныя бальшавікамі 31 сьнежня 1917 году. Цяпер радныя абіраюцца беларускай дыяспарай, і ўжо яны абіраюць Старшыню Рады. Хацелася б, каб так свабодна і дэмакратычна праводзіліся выбары ў Беларусі — без фальсыфікацыяў і іншых таталітарных мэтадаў.

— Ваш муж Янка Сурвіла лічыў Раду БНР найбольшым скарбам беларускага народу. У чым, на вашу думку, галоўная каштоўнасьць БНР для сучаснага беларускага грамадзтва?

— Я думаю, што трэба прачытаць пра гэта ў Васіля Быкава. Мне падаецца, так доўга, як існуе БНР, можа існаваць надзея, што Беларусь станецца нармальнай вольнай дэмакратычнай краінай.

— Што вы ставіце на чале вашай дзейнасьці на карысьць Беларусі і чым гэта адрозьніваецца ад задачаў, якія вырашалі вашыя папярэднікі?

— У статуце Рады найважнейшай мэтай спачатку было асягненьне незалежнасьці, а цяперака — абарона незалежнасьці Беларусі. Пагроза заўсёды была і ёсьць з боку Расеі. За гэтым мы вельмі пільна сочым, каб Расея не праглынула Беларусі.

Падчас халоднай вайны Старшыня Рады Мікола Абрамчык быў надзвычай актыўны ў міжнароднай дзейнасьці. Ён арганізаваў паняволеныя народы (народы былога СССР і камуністычнага лягеру) у Парыскі блёк. Ён здабыў для беларусаў хвалі радыё “Свабода” (пачатковая назва — “Вызваленьне”). Вінцэнт Жук-Грышкевіч найбольш займаўся наладжваньнем унутранага жыцьця Рады. У часы перабудовы старшынём быў Язэп Сажыч. Ён лічыў, што наша роля хутка скончыцца (фактычна ўсе мы так думалі на той час). Я была абраная ў 1997-м годзе, і дагэтуль абарона незалежнасьці Беларусі для мяне — галоўная задача.

— Пасьля нашага інтэрвію у вас заплянаваная сустрэча з Вацлавам Гаўлам. Вы зь ім сябруеце?

— Сустракаемся ў другі раз. Але ён сябра Беларусі, і дзеля гэтага ён і мой сябра. Чэскі ўрад наагул (і спадар Гавэл асабіста) лічаць, што Беларусь мусіць быць эўрапейскай краінай, што яна мусіць быць у Эўразьвязе, што Эўропа ня можа існаваць без Беларусі. Гэтаксама ён заўсёды выказваў падтрымку апазыцыі і Радзе БНР. Я толькі магу за гэта яму быць удзячнаю.

— Апошнім разам вы наведвалі Беларусь у 1992 годзе. Ці рабілі пасьля захады, каб атрымаць магчымасьць завітаць на Радзіму?

— Ад 1992 году не рабіла. Справа ў тым, што я пры нейкай нагодзе гаварыла з былым амбасадарам Беларусі Міхаілам Хвастовым у Атаве. Ён сказаў, што Лукашэнка дасьць мне візу, калі я напішу асабіста да яго ліст. Я ня ведаю, ці гэта для вас зразумела, але для мяне гэта папросту абраза.

— Ваш прагноз: ці будуць новыя палітзьняволеныя пасьля святкаваньня 90-х угодкаў БНР у Менску?

— Напэўна, будуць, на жаль.

— А калі ў Беларусі нарэшце Дзень Волі стане афіцыйным нацыянальным сьвятам, за ўдзел у якім ня будуць кідаць за краты?

— Веру, што я гэта яшчэ пабачу.

— І дзе паселіцеся, калі будзе магчымасьць настала вярнуцца ў Беларусь?

— Ці на Янкавай радзіме каля Жодзішкаў, ці ў Засульлі пад Стоўпцамі, гэта вёсачка маіх дзядоў. Таксама Ішкальдзь мне падабаецца — гэта мястэчка маёй мамы. Ды наагул у любым месцы. У Полацку, магчыма. Ну, я ня ведаю, што й казаць… Уся Беларусь — мая краіна.

— Ці варта было б вярнуць дэмакратычнай беларускай дзяржаве назву БНР?

— Гэта нам было б вельмі прыемна. Але будзе гэта зроблена, ці не — ня так важна. Некаторыя мяркуюць, што варта было б вярнуцца да гістарычнай назвы Беларусі — да Вялікага Княства Літоўскага. Але я асабіста ўважаю, што самае галоўнае, каб Беларусь была сапраўднай эўрапейскай вольнай дзяржавай. Усё роўна, як яна будзе называцца. Жыве Беларусь!

Даведка:

Старшыня Рады БНР Iвонка Сурвіла (Шыманец) нарадзілася ў 1936 годзе ў Стоўпцах. З 1944 году — у эміграцыі. Жыла ў Даніі‚ Францыі, Гішпаніі. Цяпер жыве ў Канадзе.

Скончыла вышэйшую Мастацкую школу ў Парыжы‚ лінгвістычнае аддзяленьне Сарбонскага ўнівэрсытэту. Акрамя роднае мовы‚ валодае яшчэ васьмю: францускай‚ гішпанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚ дацкай‚ лацінскай‚ нарвэскай‚ польскай. З 1969 году і да апошняга часу працавала англа-францускім перакладчыкам у Фэдэральным Урадзе Канады.

У 1989 годзе арганізавала Канадзкі Фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі і заставалася яго кіраўніком да моманту абраньня на старшыню Рады БНР у 1997 годзе.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях