Милинкевич против санкций
90- 30.05.2008, 10:12
Лидер движения «За свободу» Александр Милинкевич выступил против введения санкций в отношении режима Лукашенко.
27 мая после заседания Европарламента, организованного делегацией Европарламента по отношениям с Беларусью, прошла пресс-конференция белорусской делегации в составе лидера Движения «За Свободу» Александра Милинкевича, сопредседателя БХД Павла Северинца и координатора кампании по защите права на свободу совести Сергея Луканина.
Адкрыў прэс-канферэнцыю дэпутат Еўрапарламента Сп. Яцэк Пратасевіч, які прадставіў беларускую дэлегацыю, запрошаную ў Брусэль для абмеркавання пытання свабоды сумлення ў Беларусі. Сп. Пратасевіч нагадаў прысутным аб прыняцці Еўрапарламентам адмысловай рэзалюцыі пра арышты палітычных апанентаў Беларусі, прынятай 22 траўня і дзе адзначаецца пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека на Беларусі. Сярод 18 параграфаў рэзалюцыі ЕП некалькі параграфаў былі прысвечаны праблеме Закона аб рэлігіях, які дзейнічае з 2000 года ў Беларусі, палажэнні якога супярэчаць фундаментальнаму прынцыпу правоў чалавека аб свабодзе сумлення, паведамляе сайт milinkevich.org.
Аляксандар Мілінкевіч:
Мы прыехалі ў сталіцу аб’яднанай Еўропы, каб яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што на мяжы Еўразвязу парушаюцца правы чалавека. Галоўнай тэмай нашага візіту з’яўляецца праблема са свабодай сумлення ў Беларусі. Беларуcкі рэжым вядомы ў Еўропе як аўтарытарны рэжым, які спрабуе кантраляваць у грамадстве ўсё. Рэжым трымаецца на дзвюх рэчах: з аднаго боку, гэта стварэнне атмасферы страху і, з другога боку, гэта дэзынфармацыя грамадства. Страх ствараецца вельмі проста: калі чалавек нелаяльны да ўлады, ён выкідаецца з работы і, такім чынам пазбаўляецца сродкаў на існаванне. Дэзынфармацыя адбываецца з-за таго, што ўсе публічныя сродкі масавай інфармацыі знаходзяцца ў руках улады. Свабоды слова на Беларусі сёння практычна не існуе. Улада спрабуе падзяліць грамадства на правільных і неправільных, лаяльных і нелаяльных. Яна жорстка карае апазіцыйную думку, любую альтэрнатыву існуючай уладзе.
У тым што тычыцца сітуацыі з вернікамі ў нашай краіне, то трэба адзначыць, што яна надзвычай цяжкая. Пасля дзесяцігоддзяў бальшавізму многія людзі вяртаюцца да веры, ідуць у храмы, але ўлада не стварае роўных умоваў для канфесіяў : адны маюць прывілеі, другія трапілі ў апалу. Улада не выдзяляе зямлю пад будаўніцтва храмаў, што абмяжоўвае правы вернікаў. Улада жорстка карае дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў. А зарэгістраваць многія рэлігійныя суполкі фактачна не магчыма. Людзі, якія збіраюцца на малітву ў сваіх дамах, пераследуюцца, бо гэта лічыцца несанкцыянаваным мерапрыемствам.
Для нас вельмі важна мець салідарнасць тут, у сэрцы Еўропы. Мы выдатна разумеем, што гэта наш абавязак змагацца за правы чалавека на Беларусі, і мы гэта робім. Прыкладам гэтага ёсць тое, што ва ўмовах татальнага пераследу грамадскай ініцыятыве “За свабоду сумлення” удалося сабраць 50 тыс. подпісаў пад пратэстам супраць парушэнняў права на свабоду сумлення ў Беларусі. Гэта сведчанне існавання грамадзянскай супольнасці ў Беларусі, якая здольная бараніць свае правы. Але для нас надзвычай важна, каб дэмакратычная Еўропа, Еўропа, якая аб’ядналася на каштоўнасцях шанавання асобы, ведала пра праблемы са свабодай сумлення ў Беларусі і была з намі салідарнай. Мы спадзяемся, што са свайго боку Еўропа будзе рабіць усё, каб у Беларусь вярнуліся свабода, дэмакратыя і праўда.
Сяргей Луканін:
Падчас кампаніі па абароне правоў на свабоду сумлення было сабрана 50 тыс. подпісаў грамадзян нашай краіны з патрабаваннем змяніць рэлігійнае заканадаўства Беларусі. У дадатак да таго, што адзначыў Сп. Мілінкевіч, я хацеў бы прывесці некаторыя прыклады пераследу вернікаў, што адбыліся апошнім часам. Так, за некалькі апошніх месяцаў у Беларусі былі кінуты за краты тры святары за тое, што яны збіралі вернікаў сваіх цэркваў ва ўласным доме, каб памаліцца. Каля трыццаці служачых цэркваў былі высланы з краіны толькі за тое, што займаюцца рэлігійнай дзейнасцю. Чатыры царквы, кіраўнікі якіх не падабаліся беларускім уладам, былі ліквідаваны па фармальных прычынах. Таму па ініцыятыве БХД была распачата кампанія па зборы подпісаў, падчас якой цягам 10 месяцаў было сабрана 50 тыс. подпісаў. Гэтыя подпісы былі перададзены ў адпаведнасці з законам ураду Беларусі. Аднак наш зварот не быў нават разгледжаны. Замест таго ініцыятары кампаніі былі аштрафаны на даволі значныя для нашай краіны сумы. Такім чынам, адзіным выйсцем, які мы пакуль бачым, гэта прасоўваць кампанію на міжнародным узроўні. Менавіта таму мы зараз знаходзімся тут.
Павал Севярынец:
Хрысціяне Беларусі як людзі свабоды, людзі веры, выступілі ў падтрымку дэмакратыі. За гэта рэжым пачаў іх масіраваны пераслед. Пад ціскам у хрысціянскім руху нарадзілася новая дынамічная сіла, якая ставіць за мэту аб’яднанне вернікаў, маральных людзей, сем’яў, моладзі вакол ідэяў свабоды і дэмакратыі. Беларуская хрысціянская дэмакратыя намагаецца стварыць маральны грунт для будучых пераменаў у Беларусі. Гэта вельмі важна, бо за 70 гадоў камуністычнага панавання ў Беларусі і за 14 гадоў панавання рэжыму Лукашэнкі ў нашай краіне была практычна разбурана маральнасць і законнасць. Хлусіць стала нормай, красці стала нормай, баяцца і палохаць іншых, парушаць закон, стала нормай. Менавіта дзеля таго, каб вярнуць Беларусі падмурак, на якім будавалася еўрапейская дэмакратыя, мы працуем разам з вернікамі. Рэжым “ацэньвае” гэтую працу тым, што дзесяткі актывістаў БХД прайшлі праз турмы, арышты і пераследы. Але тым не менш, усё больш і больш вернікаў-беларусаў, далучаюцца да дэмакратычнага руху, да Руху “За Свабоду”. Людзі прыходзяць на сустрэчы з Алякандрам Мілінкевічам, які цягам апошніх месяцаў ездзіў па краіне.
Усё больш людзей разумее, што царква ў Беларусі можа адыграць такую самую ролю, якую, напрыклад касцёл адыграў у Польшчы ў часы “Салідарнасці”. Менавіта таму мы звяртаемся да еўрапарламентароў, да дэлегацыі па сувязях з Беларуссю, да партыяў ЕП па дапамогу ў арганізацыі акцыі салідарнасці з кампаніяй за свабоду веравызнання ў Беларусі, у прыватнасці слуханняў у Еўрапарламенце. Для гэтага мы будзем сустракацца са Старшынёю Еўрапарламента і дэпутатамі.
Сёння хрысціянская царква – найбуйнейшая структура грамадзянскай супольнасці, якая непадкантрольная рэжыму. Гэтым і тлумачыцца абвастрэнне сітуацыі вакол свабоды веравызнання ў Беларусі.
Пытанні да ўдзельнікаў прэс-канферэнцыі:
Пытанне да Сп. Мілінкевіча. Калі выбары ў верасні гэтага года ў Беларусі не будуць дэмакратычнымі, што хутчэй за ўсё і будзе, за якую рэакцыю міжнароднай супольнасці вы б выступалі, можа за больш моцныя эканамічныя санкцыі супраць Беларусі?
Аляксандар Мілінкевіч:
Восенню гэтага года маюць адбыцца выбары, якія аніяк нельга назваць сапраўднымі выбарамі ў заходнім разуменні гэтага слова. Але беларускія дэмакратычныя сілы маюць намер узяць удзел у гэтай кампаніі, бо мы лічым, што гэта магчымасць сустрэцца з людзьмі, данесці да іх інфармацыю, паразмаўляць аб надзённых праблемах грамадства. Так, у апошнія гады ўлада татальна фальсіфікавала выбары, але ў гэтым годзе ў нас ёсць надзея на тое, што мы ўнутры краіны зможам прымусіць уладу змяніць практыку прымянення закона, напрыклад, уключыць прадстаўнікоў апазіцыі ў камісіі, дапусціць апазіцыю да сродкаў масавай інфармацыі, спыніць рэпрэсіі. Падаецца, што ў гэтым годзе ёсць спадзеў, што ў нас будзе на гэта больш шансаў, чым раней. Бо ўлада церпіць эканамічны крах, эканоміка Беларусі неканкурэнтназдольная, нерэфармаваная. Улада вельмі хоча атрымаць эканамічную падтрымку Захаду, перш за ўсё ад ЕС. Таму Захад мусіць ставіць пэўныя ўмовы: ў абмен на дапамогу інвестыцыямі, магчыма крэдытамі, улада ў Беларусі са свайго боку мусіць пачаць рэфармаваць выбарчую сістэму, даць свабоду медыям.
У тым, што тычыцца санкцыяў, асабіста я супраць жорсткіх эканамічных санкцыяў, бо разам з рэжымам можа быць знішчана і незалежнасць Беларусі. Крах эканомікі стварае вялікую рызыку анэксіі Беларусі Расіяй.
Сп. Мілінкевіч, учора ў Польшчы была агучана сумесная польска-шведская ініцыятыва стварэння рэгіянальнага форума “Усходняе партнёрства”, на платформе супрацоўніцтва шасці краінаў, уключна з Беларуссю. Як бы вы маглі пракаментаваць гэтую ініцыятыву, ці былі ў вас кансультацыі па гэтым пытанні? Падаецца, што Польшча прапануе ўключэнне ў сістэму адносінаў з Беларуссю не толькі санкцыі, але і заахвочванні.
Аляксандар Мілінкевіч:
У пэўным сэнсе я маю дачыненне да паўстання такіх праграмаў супрацоўніцтва. Гэта вельмі важная ініцыятыва, таму што, безумоўна, у Еўропе шмат праблемаў, але для нас вельмі важна, каб праблемы Цэнтральнай і Усходняй Еўропы былі ў парадку дня ЕС. Для такіх краінаў, як Беларусь, Грузія, Украіна праграма Добрасуседства, праграмаў развіцця эканамічных сувязяў і палітычных кантактаў надзвычай важная. Датычна Беларусі, мы катэгарычна супраць ізаляцыі краіны. Так, беларускі рэжым ізалюе сам сябе, што адпавядае палітыцы любой дыктатуры. Але мы спадзяемся, што з дапамогаю ЕС Беларусь адкрыецца на супрацоўніцтва з суседнімі краінамі. Таму я разлічваю, што Нямеччына, Францыя, Велікабрытанія таксама падтрымаюць ініцыятыву Польшчы і Швецыі. Калі гэты год у ЕС ідзе пад назвай года Міжземнамор’я, дык наступны год варта б было назваць годам Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
У гэтай сувязі хачу яшчэ раз звярнуцца да ўсіх еўрапейскіх палітыкаў. Пашырэнне Шэнгенскай прасторы стварыла вялікія праблемы для беларусаў, якім стала нашмат складаней наведваць краіны ЕС. Беларусы чакаюць ад ЕС зніжэння коштаў на візы і спрашчэння працэдураў іхнага атрымання.
Якім чынам падзел у стане апазіцыі ўплывае на рэжым?
Павал Севярынец:
У Беларусі няма свабодных выбараў ужо больш дзесяці гадоў. Таму галоўнай сілай застаецца грамадскі пратэст, застаецца вуліца – акцыі, якія ўскладаюцца на грамадзянскую супольнасць. Апошнія некалькі гадоў у Беларусі абуджаюцца ўсё больш людзей, уключна моладзь, прадпрымальнікаў і вернікаў. Безумоўна, ад актыўнасці ўсіх людзей залежыць набліжэнне да магчымых пераменаў у краіне.