Гарри Погоняйло: «Власти придерживаются сталинского принципа: не важно, как голосуют, важно, кто считает…»
- 18.09.2008, 18:51
Некоторые партии, чьи представители зарегистрированы кандидатами в депутаты, а также отдельные граждане подали жалобы в суды на действия местных администраций, связанные с формированием участковых избирательных комиссий.
На думку заяўнікаў, адбылося грубае парушэнне дзеючага заканадаўства. Але суды адмовілі ва ўзбуджэнні грамадзянскіх спраў па гэтых скаргах. Вядомы праваабаронца Гары Паганяйла лічыць адмову ў правасуддзі незаконнай.
— У Канстытуцыі і выбарчым заканадаўстве, якія гарантуюць удзел грамадзян у абранні ўлады, ясна прапісаны прынцыпы, згодна з якімі праводзяцца выбары, — гаворыць Гары Паганяйла ў інтэрв’ю “Народнай волі”. — У заканадаўстве сцвярджаецца, што ўсе выбарчыя працэдуры павінны быць адкрытымі і галоснымі. Толькі ў гэтым выпадку і выбаршчыкі, і іншыя ўдзельнікі выбарчай кампаніі могуць давяраць той уладзе, якую абралі.
Але з моманту прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі прынцыпы адкрытасці і галоснасці выбарчага працэсу сталі груба парушацца. Тэхналогія гэтых парушэнняў адточвалася з кожнай новай выбарчай кампаніяй. Таму на сённяшні дзень у Беларусі няма свабодных выбараў. Ёсць толькі імітацыя іх правядзення, бо ў рэшце рэшт вынік на кожных выбарах быў такі, які задавальняў толькі саму ўладу, але не выбаршчыкаў...
— Гары Пятровіч, вы сказалі, што выбары ў Беларусі даўно згубілі адкрытасць. На ваш погляд, з чым гэта звязана, якія фактары зрабілі выбарчы працэс у Беларусі "непразрыстым"?
— Непразрыстасць выбараў у Беларусі на сённяшні дзень абумоўлена многімі фактарамі, але галоўны з іх — гэта тое, што вызначальная роля ў гэтым працэсе ў свой час была аддадзена Цэнтральнай выбарчай камісіі і ніжэй стаячым выбарчым адміністрацыям, якімі кіравалі і кіруюць выканаўчыя органы ўлады. Менавіта тыя, хто ў першую чаргу зацікаўлены ў захаванні ўлады.
Дзіўна, але паняцце справядлівых і чэсных выбараў у выбарчым заканадаўстве Беларусі наогул адсутнічае.
Сённяшняя сітуацыя вымушае беларускія ўлады зрабіць "карцінку" адкрытых і празрыстых выбараў. Улады цудоўна разумеюць, што прадставіць такую "карцінку" для Захаду з тым, каб Палата прадстаўнікоў была прызнана легітымным органам можна, але ж сапраўдных дэмакратычных вынікаў яны не хочуць мець. Бо гэта ў першую чаргу залежыць ад таго, наколькі сумленна будуць падлічаны галасы ўчастковымі выбарчымі камісіямі.
Галоўная роля ў ажыццяўленні планаў улады адводзіцца менавіта ўчастковым камісіям. Таму і працэс іх фарміравання сёлета быў яшчэ больш закрытым і жорсткім. Дарэчы, згодна з Канстытуцыяй, пры фарміраванні выбарчых камісій усіх узроўняў перавага аддаецца палітычным партыям, якія змагаюцца за ўладу ў межах канстытуцыйнага ладу.
У Беларусі ж існуе рэжым, галоўнай мэтай якога з'яўляецца самазахаванне. Таму чыноўнікі разумеюць, што пры правядзенні сумленных выбараў можна страціць уладу. І яны прытрымліваюцца сталінскага прынцыпу "не важна, як галасуюць, важна, хто лічыць галасы".
— А хто іх лічыць?
— На сённяшні дзень у Канстытуцыі і Выбарчым заканадаўстве замацаваны наступны стандарт: пры фарміраванні ўчастковых камісій прыярытэт павінен быць аддадзены партыям. Не сказана, якім — праўладным ці апазіцыйным. Лепшы варыянт — парытэт альбо хаця б наяўнасць прадстаўнікоў апазіцыі як суб'ектаў выбарчага працэсу ва ўсіх выбарчых камісіях. Але... Прынцып фарміравання ўчастковых камісій не змяніўся з савецкіх часоў.
Камісіі ствараюцца па тэрытарыяльных прыкметах і размяшчаюцца яны звычайна ў будынках, якія належаць дзяржаўным органам: у школах, клубах, іншых памяшканнях дзяржаўнай уласнасці.
У складзе камісій у асноўным прадстаўнікі працоўных калектываў, дзяржаўных органаў. Хаця, паўтараю, у законе ясна прапісана, што перавага павінна аддавацца палітычным партыям. Дарэчы, 70% сяброў выбарчых камісій па Мінску менавіта ад працоўных калектываў. У той жа час прадстаўніцтва партый у выбарчых камісіях па ўсё краіне складае толькі 0,04% ад іх складу.
Варта засяродзіць увагу на тым, што на сённяшні дзень усе прадстаўнікі працоўных калектываў звязаны са сваёй адміністрацыяй кантрактамі. Пры гэтым кіраўнік прадпрыемства, арганізацыі ці ўстановы мае права без тлумачэння прычын звольніць любога прадстаўніка працоўнага калектыву па заканчэнні кантракта. Больш за тое, менавіта гэтыя кіраўнікі, чые вылучэнцы знаходзяцца ў камісіях, як правіла, кіруюць працай гэтых жа самых камісій.
Даходзіць да смешнага, але шараговыя сябры выбарчых камісій часта самі не ведаюць рэальных вынікаў галасавання на ўчастку. Што ж тады казаць пра назіральнікаў, якія толькі здалёк назіраюць за працай выбарчай камісіі, прадстаўнікі якой працуюць моўчкі, а па выніках падліку амаль тайна і паасобку перадаюць запіскі аб выніках падліку галасоў старшыні камісіі?..
— Па якіх крытэрыях адбіраюцца кандыдатуры ў выбарчыя камісіі?
— У Выбарчым кодэксе не пазначаны механізмы, якія забяспечваюць роўнае прадстаўніцтва ў камісіях усіх суб'ектаў выбарчага працэсу. Невядома таксама, з якой прычыны перавага аддадзена таму ці іншаму чалавеку. Гэта інфармацыя закрытая. У заканадаўстве прапісаны прынцып галоснасці правядзення выбарчай кампаніі, але там ні слова не сказана аб тым, што зацікаўленым асобам павінны быць прадастаўлены дакументы, згодна з якімі той ці іншы чалавек апынуўся ў складзе выбарчай камісіі.
У 34-м артыкуле Канстытуцыі Беларусі прапісана, што дзяржаўныя органы, кіраўнікі арганізацый, кіруючыя асобы павінны прадаставіць інфармацыю, калі яна датычыцца правоў і свабод канкрэтнага грамадзяніна. Але ні мне як выбаршчыку, ні іншым зацікаўленым у выніку выбараў суб'ектам не вядома, як на самай справе фарміруюцца камісіі, якія па законе і падлічваюць галасы.
— Атрымліваецца нейкае замкнёнае кола. Няўжо і закон не дазваляе абскарджваць рашэнні наконт фарміравання выбарчых камісій, нягледзячы на тое, што, па сутнасці, яны сфарміраваны ў закрытым рэжыме. Няўжо нельга звярнуцца ў суд, калі мае месца відавочнае парушэнне заканадаўства?
— У выбарчым заканадаўстве не ўказаны парадак абскарджвання рашэнняў мясцовых адміністрацый па фарміраванні ўчастковых камісій. Здавалася б, у гэтым выпадку павінен дзейнічаць агульны парадак абскарджвання гэтых рашэнняў — праз суд. Судовы кантроль за законнасцю правядзення выбарчых працэдур з'яўляецца адным з найгалоўнейшых механізмаў у дэмакратычнай прававой дзяржаве. Як вядома, Беларусь абвясціла сябе такой дзяржавай адразу пасля атрымання незалежнасці і замацавала адпаведную норму ў Канстытуцыі.
Аднак суды адмаўляюцца ўзбуджаць падобнага роду справы, спасылаючыся на тое, што ў Выбарчым заканадаўстве не прадугледжаны судовы парадак абскарджвання гэтых рашэнняў. Пры тым, што права на судовую абарону замацавана Канстытуцыяй. Згодна з сённяшнім станам рэчаў, калі нейкая норма закона не замацавана, напрыклад, у Выбарчым кодэксе, то павінна дзейнічаць канстытуцыйная норма (арт.60, 137 Канстытуцыі). Акрамя таго, такі ж самы парадак абскарджвання рашэнняў устаноўлены Законам "Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь", Грамадзянскім кодэксам, а таксама Грамадзянскім працэсуальным кодэксам.
Сапраўды атрымліваецца нейкае замкнёнае кола, але гэта не значыць, што ў суд падаваць не трэба. Скаргі на рашэнні аб фарміраванні выбарчых камісій павінны падавацца абавязкова, бо ў рэшце рэшт можна звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Калі такіх скаргаў будзе шмат, то гэта ўплывовая міжнародная арганізацыя можа прымусіць нашых чыноўнікаў, у тым ліку і суддзяў, рэалізаваць права грамадзян на судовую абарону. Залішне казаць, што адпаведнае права замацавана нашай Канстытуцыяй.