4 мая 2024, суббота, 1:20
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Аншлюс Беларусі пачаўся 22 верасня

8
Аншлюс Беларусі пачаўся 22 верасня

Напярэдадні “выбараў” у краіну увойдзе расійскае войска. Гэта не чуткі. Пра тое ў нядзелю паведаміла інфармацыйнае агенцтва “Новости” Не, пакуль не акупацыя. Усяго толькі вайсковыя вучэнні. Стратэгічныя. Сумесныя.

Прызначаныя ваяўнічым суседам менавіта на той час, калі тут выбіраюць якую ні ёсць “палатку”. У прыстойных краінах у гэткія дні нават мухам лётаць забаронена, каб не парушаць свабоднае волевыяўленне выбарцаў. А тут будуць галёкаць вайскоўцы. Навошта?

Расійскае інфармацыйнае агенцтва “Новости” цытуе даслоўна выказванне прэзідэнта Мядзьведзева на сустрэчы з міністрам абароны Расіі Анатолем Сердзюковым і начальнікам Генштаба Мікалаем Макаравым. І выказванне тое сапраўды ўвагі вартае: “Мною утверждён план проведения стратегических учений “Стабильность-2008”.22 сентября начнётся активная фаза учений”. Ён не пераблытаў дату пачатку актыўнай фазы. Ён цудоўна ведаў, што гэта апошні тыдзень “выбарчай кампаніі” ў Беларусі. І не мог не разумець, што навязванне суcедзям стратэгічных манеўраў менавіта на гэты час – выразны палітычны выклік. Але такія дробязі імперскія памкненні не спыняюць. Расія яшчэ і ўсяму свету дэманструе, хто тут у хаце сапраўдны гаспадар. Як дэманстравала зусім нядаўна, што міжнароднае права і суверынітэт нейкай там Грузіі не вартыя нават пылу на гусеніцах расійскіх танкаў. Тая кароткая вайна, якой яны сёння так апантана ганарацца, таксама пачыналася са стратэгічных вайсковых вучэнняў “Кавказ-2008”. Пасля завяршэння нібыта звычайных вучэнняў войскі ў казармы свае не вярнуліся. Засталіся ў стане падвышанай баявой гатовасці. Чакаючы зручнага моманту. А ўсё астатняе было справай элементарнай. У расійскім Генштабе напэўна ж вывучалі досвед аперацыі “Гляйвіц”, з якой пачаўся гітлераўскі наступ на Польшчу.

Паведамленне расійскага інфармацыйнага агенцтва трэба чытаць да апошняга радка. Тым болей, што іншай інфармацыі пра вераснёўскія гульні стратэгаў пакуль што няма. “Министр обороны РФ пояснил, - паведамляе агенцтва,- что в ходе учений планируется отработать вопросы организации и развертывания Вооруженных сил РФ, а также задачи по применению группировок войск при локализации вооруженных конфликтов, при стихийных бедствиях и катастрофах, стратегического сдерживания, обеспечения безопасности союзного государства РФ и Беларуси”. Якія нашы стыхійныя бедствы вымагаюць прысутнасці расійскага войска? Чаму ўсё тое ў адным кашы са стратэгічным стрымліваннем няведама каго? І ўвогуле, калі ў прысутнасці галоўнакамандуючага міністр абароны так няпэўна фармулюе задачу вайсковых вучэнняў, то хутчэй за ўсё яны штосьці зусім іншае маюць на мэце.

Маскоўскія стратэгі занепакоіліся раптам наконт бяспекі “саюзнай дзяржавы”, якая існуе толькі ў гарачых галовах імперцаў. Ды яшчэ ў няўцямных паперах, якія за столькі гадоў нават да рэферэндума не дацягнулі. А ў такім разе – грош ім цана. Але гэтыя дробязі нязваных абаронцаў не цікавяць.

Як інфармуе агенцтва, вучэнні тыя прайсці павінны ў два этапы. Ажно месяц, з 22 верасня да 21 кастрычніка, не пакіне нас у спакоі гэты “абарончы” заслон. Маскоўскі сцэнар прадугледжвае “постепенное обострение обстановки с перерастанием от кризисных ситуаций к вооруженным конфликтам”. І маштаб – адпаведны. Рэалізоўваць задумы стратэгаў будуць войскі Маскоўскай і Далёкаўсходняй вайсковых акругаў, сілы Балтыйскага, Паўночнага і Ціхаакіянскага флатоў, ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння, касмічныя войскі, арміі паветраных сілаў і супрацьпаветранай абароны, тылавыя часткі, “а также соединения и воинские части Вооруженных сил Беларуси”. Вось так – праз коску, пасля расійскага абозу. Каб ведалі саюзнікі сваё сапраўднае месца ў імперскіх гульнях. А Захад нарэшце зразумеў бы, хто тут насамрэч вядзе рэй.

Было даўно ўжо відавочна, што Расія пасля “небольшой победоносной войны” не супакоіцца. Моцна ўдарыў у галаву хмель шалёнай перамогі. Гэта ж не жарты – у паўднёвага суседа адарваць два кавалкі тэрыторыі. Ні для каго ўжо не сакрэт, што новым незалежнікам імперскага катла не абмінуць.

Вайсковы механізм прыведзены ў дзеянне. Патрыятычнае грамадства прагне новых поспехаў. І расчароўваць яго ў гэтых настроях нельга. А таму – далей, далей! Найбольш перспектыўны напрамак – заходні. Тут ёсць зачэпка нават лепшая, чым расійскія пашпарты абхазаў і асецін. Саюзная дамова. Не абы якая – аб адзінай дзяржаве. Чаму ж у такім разе не пагрукаць моцна ў дзверы неразумнага суседа, які сам улез у пастку. Ды яшчэ ўласнае войска ператварыў фактычна ў частку расійскага.

Недарэчна гэтая сітуацыя выглядае не толькі таму, што стратэгічныя вайсковыя вучэнні суседзяў супадаюць з тутэйшымі выбарамі. Парадокс у тым, што і ў Беларусі запланаваны ўласныя вайсковыя вучэнні пад сціплым назовам “Восень-2008”. Яны павінны прайсці з 15 па 21 кастрычніка. І там тактоўна была прадугледжана прысутнасць авіяцыі ваяўнічага суседа. Ды толькі сусед чхаць хацеў на тыя няўклюдныя рэверансы. Цяпер ён сам дыктуе ўмовы гульняў – палітычных і вайсковых.

У інфармацыйным паведамленні расійскага агенцтва ёсць яшчэ цікавая дэталь. “Учения “Стабильность-2008” станут стержнем подготовки российских ВС, в том числе МВД, МЧС, Минюста, ФСБ”. Падрыхтоўкі да чаго? І навошта спатрэбіліся на вайсковых вучэннях, калі гэта не рэпетыцыя захопу новых тэрыторый, МВД, Мінюст і ФСБ? Падобна на тое, што адказ на гэтае пытанне беларусы знойдуць хіба што ў сумнавядомай дамове, з дапамогай якой правінцыйная вертыкаль збіралася перахітрыць крамлёўскага партнёра. Трэба ж дадумацца было – адзіная дзяржава! На знак бязмежнай удзячнасці расійцы нават свайго траянскага каня назвалі любімым словам тутэйшага правіцеля – “стабильность”.

Кагосьці яшчэ суцешыць напэўна тое, што манеўры гэтыя – камандна-штабныя. На вялікі жаль, крывавыя падзеі мінулага жніўня месца для наіўнасці нам не пакідаюць. Госць са зброяй дадому не спяшаецца. Не мае значэння, увойдзе ў Беларусь гэтым разам армія, дывізія або толькі адзін чужы салдат. Аншлюс пачаўся. Дакладна вядомы ягоны першы дзень - 22 верасня.

Написать комментарий 8

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях