4 мая 2024, суббота, 0:11
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Краіна Бангалор

12
Краіна Бангалор

Прадпрымальнікі рыхтуюць рэванш. Паведамленне пра тое прамільгнула ў імклівай інфармацыйнай плыні.

На яго асаблівай увагі не звярнулі. А дарэмна. На масавую акцыю зноў наважыліся тыя, каго на пачатку мінулага года так шчыра вітала дэмакратычная Беларусь. Прадпрымальнікі тады рашуча заявілі свой пратэст супраць палітыкі знішчэння прыватнай ініцыятывы. І выклікалі пэўныя надзеі ў грамадстве і брутальную рэакцыю ўлады. Адзін толькі працэс чатырнаццаці чаго быў варты.

І вось ужо рахтуецца новы выступ. Не абы які – марш пратэсту. Зарэгістраванае на Украіне аб’яднанне “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” выступіла яго ініцыятарам. Прадпрымальніцкі заклік дыхае гневам і абурэннем. “Хлусня і падман пранізвае ўсю гэтую ўладу. Сёння склалася такая сітуацыя, калі, па-першае, падманутыя ўсе, і, па-другое, не пачутая большая частка насельніцтва”. Якія словы! Застаецца, здавалася б, толькі падтрымаць патасны зварот. І шчыра пажадаць плёну ў барацьбе. Ды толькі замінае адна прыкрая акалічнасць.

Акцыя прызначаная на 25 сакавіка – Дзень Волі. Але падобна на тое, што для ініцыятараў абраная дата застанецца своеасаблівай аздобай уласнага мерапрыемства. І не болей таго. Інакш як зразумець безнадзейна сентыментальную назву – “Марш пакрыўджаных і непачутых”. Хіба што Алівер Твіст, Гаўрош ды дзеці падзямелля, паплакаўшы над сваім незайздросным лёсам, маглі выдумаць такое. Але якое дачыненне маюць тыя сантыменты да Дня Волі?

І ўвогуле, хто тут непачуты? Вось ужо з кім галоўны начальнік быў бязмежна шчыры, дык гэта з прадпрымальнікамі. Варта толькі ўспомніць тыя ганебныя мянушкі, якімі ён іх шчодра надзяляў. Даўно маглі б яго пачуць. І зразумець, чым усё тут можа скончыцца. Аднак зрабіць высновы не пажадалі. І далучацца да тых, хто змагаўся за незалежнасць і свабоду, не спяшаліся. Праязджаючы міма плошчы, на якой стаялі пратэстоўцы, яны свае машыны не спынялі. Аўтамабільныя гудкі былі адзінай іх падтрымкай. Адукаваныя ж людзі. Выдатна разумелі, што на плошчы вырашаецца таксама і іх лёс. Але спяшаліся міма, націскаючы рашуча на клаксон. Якая смеласць! Усё ж зафіксаваў аднойчы міліцэйскі пратакол і сапраўдны ўчынак. Быў схоплены амапаўцамі ўладальнік кавярні, які спрабаваў перадаць цёплыя рэчы абаронцам намётавага лагеру на плошчы Каліноўскага. Той чалавек прайшоў аўганскую вайну і быў не з палахлівых. Большасць абмежавалася гудком.

А цяпер вось прыпякло. Улада душыць моцна і непрыхавана. І, ратуючыся, пачалі хапацца за саломінку. Ад даўняй смеласці не засталося нават следу. Паспрабавалі хоць неяк паддобрыцца да тых, хто там, наверсе. На сыходзе года абвесцілі нават, што на сваім чарговым маршы ў безнадзейнасць апазіцыйных актывістаў бачыць не жадаюць. Бо маюць намер толькі сціпла заявіць пра сваю бяду. А заадно – і пра гатовасць да бязмежных кампрамісаў. Але ўлада ў шэрагі пакорлівых іх не прыняла. Занадта позна – там ужо няма вакантных месцаў. І вось яшчэ адзін крык адчаю – “Марш пакрыўджаных і непачутых”. Менавіта ў той дзень, калі няскораная Беларусь адзначае сваё найвялікшае свята. Але яны – не ў гэтых шыхтах. Яны – асобна. Сваёй сцяжынкай. Толькі за ўласны дабрабыт. Цяжка нават уявіць больш выразны месідж уладзе. Няўжо яна і гэтым разам нікога не пачуе?

Марныя надзеі. Улада баіцца тых, хто пад бел-чырвона-белым сцягам. І зусім не бачыць таго, хто спрабуе ісці сваёй асобнай сцежкай. Калісьці, адасобіўшыся рашуча ад

апазіцыйных рухаў, на сцежцы той шукалі шчасце незадаволеныя машыністы Мінскага метро. Яны – толькі за сябе. За свае ўласныя правы. Без палітыкі. Трымаюцца сваёй, рабочай каляіны. І дзе цяпер тыя самотныя шукальнікі праўды? Выгналі ў каршэнь. І на доўгія гады паставілі выразную кропку на пратэстах па прафесійнаму профілю.

Няма сёння ў Беларусі асобных праблем рабочых, сялян, настаўнікаў, медыкаў або гаротных прадпрымальнікаў. А ёсць адна агульная для ўсіх праблема ўлады. Паасобку яе тут не вырашыць нікому.

У 1994 годзе, калі толькі пачынала стварацца вертыкаль, Пазняк дарэмна заклікаў даць новаабранай уладзе сто дзён спакою. Было ўжо зразумела, хто прыйшоў на змену камуністычным бюракратам. У выніку той выбарчай памылкі наверх прарваліся раёншчыкі. Дробнае, малаадукаванае саўковае чынавенства. Разбэшчаныя хамы. Вясковыя сібарыты, якія прыйшлі ўзяць усё магчымае ад гэтага жыцця. І чхаць ім было на праблемы нейкай там дзяржавы. У той прымітыўнай калгасна-паліцэйскай сістэме, якую яны здолелі стварыць, былі ўжо непатрэбнымі шмат якія адмыслоўцы і пэўныя асобы. Што з імі рабіць? Вертыкаль не разважала доўга. Пайшла даўно апрабаваным шляхам.

У кожнай нялюдзкай улады ёсць гета. Рэзервацыя. Або нейкая не пазначаная зона. Тое месца, дзе пад наглядам знаходзіцца павінны ўсе непажаданыя. Тэрыторыя, адкуль выйсця няма. Аддзеленая каменнай сцяной. Калючым дротам. Або мяжой уяўнай. Але не меней жорсткай і надзейнай. Яе няма на мапе. Яе нібы ўвогуле няма. Аднак той, хто уладзе не спадабаўся і туды трапіў, на ўласнай скуры адчуе яе зусім не віртуальную існасць. Своеасаблівы воўчы білет. Пазбаўленне якой бы там ні было перспектывы. Кожны, нават самы дробны кручок у вертыкальнай сістэме ўмее беспамылкова адрозніваць сваіх ад чужых. І не трэба ніякіх палітзняволеных – гэта пройдзены этап, лагерны прымітыў, учорашні дзень.

Рэжым узору 1994 года абвесціў адразу, што Рэспубліка Беларусь павінна быць дзяржавай карпаратыўнай. Інакш кажучы, краінай для сваіх. А для ўсіх нязгодных са з’едлівай усмешкай была прапанавана перспектыва іншая – Бангалор. Не плошча на балоце. І не горад у далёкай Індыі. Краіна Бангалор. Туды сёння пажыццёва сасланыя мільёны нашых грамадзян. Вядомыя палітыкі. Славутыя навукоўцы. Нават народныя пісьменнікі – яшчэ зусім нядаўна ганарылася імі Беларусь. Там вялікае мноства людзей, якія не пагадзіліся на ганебную ролю статыстаў у гульні калгасных вылучэнцаў. Чатырнаццаць гадоў яны вялі няспыннае змаганне. Не за тое, каб толькі выжыць. За вяртанне Беларусі ў цывілізаваны свет. Быў час, калі ўсё тое здавалася справай амаль безнадзейнай. Але тыя, хто гонар не страціў, ведалі добра - не можа быць у адной дзяржаве дзвюх краін. І гэтую анамалію ніякія спецназы не ўтрымаюць. Не той час. Не тыя людзі. Сёння відавочная большасць ужо ўсведамляе, што дзеля вызвалення ад калгаснай дыктатуры павінен кожны зрабіць хоць нейкі ўнёсак. Аўтамабільнага гудка тут будзе мала.

Написать комментарий 12

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях