4 мая 2024, суббота, 2:23
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Хто падкінуў крызіс Беларусі?

11
Хто падкінуў крызіс Беларусі?

Нічога кепскага тут пакуль няма. Гэтую простую ісціну з лічбамі ў руках фактычна даказаў Андрэй Кабякоў.

Той самы, пасада якога пішацца цяпер з вялікай літары – Намеснік Прэм’ер-міністра. І гэтае новаўвядзенне выглядае ўжо не столькі граматычнай недарэчнасцю, колькі знакам ўдзячнасці самага шчаслівага народа. І сапраўды, якія тут жарты? Навокал эканамічны землятрус, а ў Беларусі ўсё тая ж славутая стабільнасць. Дзе яшчэ ў свеце ўрадавы чыноўнік змог бы сёння так упэўнена сказаць: “Мы обеспечим экономический рост в текущем году”.

І ён мае ўсе падставы так сцвярджаць. Беларусь скончыла мінулы год з фантастычнымі паказчыкамі. Вось дакладныя лічбы. Іх не абвергнеш. Тэмп роста ВВП – 110 адсоткаў. Якая яшчэ краіна можа пахваліцца гэткім поспехам у змрочны час рэцэсіі? Да таго ж і крызіс гэты – з’ява нам чужая. Начальнік, яшчэ больш высокі за таварыша Кабякова, дакладна патлумачыў, што мясцовае чынавенства да эканамічных катаклізмаў не мае дачынення. “За мою бытность нам подбрасывают уже третий кризис”. А што ж вы хочаце – ворагі навокал. Як родныя карацупы мяжу ні пільнавалі, а злаўмыснікі ўсё ж падкінулі брыдоту цераз наш калючы дрот.

Аднак урад нечаканую небяспеку ацаніў цвяроза. І, па свдчанні намесніка з вялікай літары, узяў усё пад кантроль. “Мы мониторим ситуацию каждый день, находим выходы, и это позволяет нам быть уверенными в росте экономики”. Штосьці ў гэтых словах да болю знаёмае. Дзесьці і раней ўжо неадольна віраваў аптымізм без берагоў.

Так, пачатак дзевяностых. Незабыўны прэм’ер Савецкага Саюза Паўлаў. Тая ж саркастычная ўсмешка: дзе вы бачылі той крызіс? Усё пад кантролем. А потым – знакамітая грашовая рэформа.

А сённяшняя ўлада Беларусі – хіба не той жа закансерваваны савок? І ў цяжкую хвіліну дзейнічаць яны будуць па тых жа савецкіх метадах, бо іншых не ведаюць. І ведаць не хочуць. Яшчэ не здарылася катастрофа, проста спатрэбілася занадта завышаны курс рубля хоць крыху наблізіць да рэальнасці. І яны за адну ноч абрабавалі грамадзян, як падлічыў Леанід Заіка, амаль на мільярд даляраў. І гэта толькі кветачкі. Сціплы сігнал пра будычыя захады ў тым жа накірунку. На вуліцы эканаміста Карла Маркса і за бронзавай спіной юрыста Уладзіміра Ульянава не сціхаюць спрэчкі наконт таго, а колькі ж наяўнай валюты на руках у нашых грамадзян. Мільярд, два мільярды, або ўсе дзесяць? І цікаўнасць тая зусім не беспадстаўная. Калі прыцісне моцна, улада знойдзе спосаб, як скарыстаць у высокіх мэтах патэнцыйныя рэзервы.

Яшчэ ўвосень кіраўніцтва краіны настойліва пераконвала грамадства, што тут ніякага крызісу няма. А на ўсялякі выпадак нават была створана “падушка бяспекі” з немалога золатавалютнага запасу. І раптам з той падушкі паляцелі пух і пер’е. Хіба перапоўненыя нікому не патрэбнай прадукцыяй склады сведчаць пра неверагодны эканамічны ўздым? Вось жа афіцыйныя паказчыкі скарачэння золатавалютнага запасу за апошнія месяцы: жнівень – 44,6 млн. даляраў, верасень – 459,7 млн., кастрычнік – 691,4 млн., лістапад – 653,1 млн., снежань – 1214,3 млн. І гэта ў той час, калі быў атрыманы першы мільярд расійскага крэдыту і яшчэ паўмільярда было пазычана ў Венесуэлы. Можа, гэткія выдаткі выклікалі глыбокія эканамічныя рэформы ў краіне, пераход прамысловасці на звышновыя тэхналогіі, а сельскай гаспадаркі на цывілізаваны шлях? Ды не – проста затыкалі дзіркі. І новы год палёгкі не прынёс. Толькі першы транш крэдыту МВФ даў уладам падставу сцвярджаць, што золатавалютныя рэзервы за дзве дэкады студзеня скараціліся ўсяго на 100 млн. Насамрэч інерцыя выдаткаў не змяншаецца.

А кіраўніцтва краіны шчодра рассыпае абяцанні. І сацыяльныя праграмы застануцца. І беспрацоўе нам не пагражае. А між тым звесткі з антыкрызісных франтоў усё больш змрочныя. Разлічваць на вялікія валютныя прыбыткі не даводзіцца. Як паведаміў кіраўнік Мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі, знешнегандлёвае сальда Беларусі адмоўнае. У памеры 6,2 мільярда даляраў. А ў гандлі з Расіяй гэтае адмоўнае сальда і ўвогуле складае 12,96 мільярда – ажно 55 адсоткаў.

Зменаў да лепшага на расійскім напрамку чакаць не даводзіцца. Там таксама крызіс вязкі і глыбокі. Дык дзе ж тутэйшае кіраўніцтва возьме грошы на ўсе свае амбітныя праекты, на ўтрыманне нерэфармаванай прамысловасці, калгаснай сельскай гаспадаркі, вялізнага войска і незлічонай арды чыноўнікаў і вертухаяў? Ды што тут гадаць. Грошы знойдуцца там, дзе знайшоў іх калісьці сумнавядомы савецкі прэм’ер – у кішэнях уласных грамадзян. Рана ці позна ўлада іх абрабуе дашчэнту. І іх нашчадкаў таксама, набіраючы такія крэдыты, па якіх Беларусь не здолее расплаціцца ніколі. Але гэта акалічнасць каманду аптымістаў не хвалюе. Не ім жа давядзецца аддаваць.

Вясковы алкаш, які ходзіць па сялу, пазычаючы на бутэльку ў суседзяў, можа прапіць гаспадарку. Рэжым, які сваю бездапаможнасць кампенсуе мільярднымі пазыкамі, рана ці позна прывядзе краіну да краху.

Будзем чакаць?

Написать комментарий 11

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях