19 июня 2024, среда, 20:33
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Японец Юске Касівагі: «Беларуская мова заўсёды супакойвае мяне»

2
Японец Юске Касівагі: «Беларуская мова заўсёды супакойвае мяне»

Жыхар Токiё быў у Беларусі толькі праездам.

Ён вывучае беларускую мову на ўжо нашумелых курсах у японскай сталiцы. Цяміць у адрозьненьнях тарашкевіцы-наркамаўкі, упэўнена карыстаецца беларускай лацінкай, любіць беларускія вершы і вывучае гісторыю беларускіх 90-х па незалежнай беларускай прэсе, пiша generation.by.

Yūsuke Kashiwagi нарадзіўся, вырас і дагэтуль жыве ў Токіё. Цяпер ён магістрант унівэрсытэту Васэда, які знаходзіцца таксама ў Токіё. Дасьледуе гісторыю СССР і спрабуе вывучаць гісторыю Беларусі пачатку ХХ стагодзьдзя. Вывучэньне ў Японіі даецца цяжка, бо паплечнікаў амаль няма ды й матэрыялаў мала. 

Беларускую Юске пачаў вывучаць у красавіку гэтага году, і ўжо досыць добра размаўляе, чытае па-беларуску ды ўпэнена карыстаецца беларускай лацінкай. Юске цікава чытаць беларускія вершы, сярод якіх ужо ёсьць фаварыт — самы любімы верш «Явар і каліна» Янкі Купалы.

«Я яе шчыра люблю»

Спачатку я стаў цікавіцца гісторыяй Беларусі, бо калі быў студэнтам, дасьледаваў гісторыю СССР. Таму каб вывучаць гісторыю і грамадзтва, пачаў вывучаць мову. Але цяпер для мяне беларуская мова ўжо ня толькі просты інструмэнт вучобы. Я яе шчыра люблю. 

У нас у Токіё ёсьць штотыднёвы курс па беларускай мове «Беларуская Гутарня», які арганізуюць адна беларуска і японка, якая валодае беларускай моваю. Я ўдзельнічаю ў кожным занятку і там вывучаю мову. 

«У самой Беларусі мала хто валодае беларускай моваю»

Вывучаць граматыку, запамінаць новыя словы — усё дужа цяжка. Але самае складанае, што нялёгка знайсьці носьбітаў беларускай мовы. То бок калі хочам гутарыць з кімсьці на беларускай мове, звычайна мы не можам.

Асабіста вельмі шкада, што нават у самой Беларусі мала хто валодае беларускай моваю і паўсядзённа размаўляе на ёй. 

Аднак, па-мойму, самае галоўнае — не спыняцца. У такой сытуацыі вельмі важна, што беларускамоўныя беларусы стараюцца выкладаць і распрасюджваць беларускую мову. Таму я паважаю людзей, якія робяць такія спробы. 

«У Беларусі нават калі хочаш працаваць у дзяржаве, ня трэба валодаць беларускаю моваю»

Мне вельмі цікавая моўная сытуацыя Беларусі, бо першапачаткова я цікаўлюся самасьвядомасьцю народаў у сьвеце, і беларуская моўная сытуацыя вельмі асаблівая ды характарная. 

У Японіі мноства японцаў ведаюць толькі японскую мову і хутчэй вельмі рэдка сустракацца з неяпонскамоўнымі японцамі. Хаця калі б ён ці яна вырасьлі ў замежжы, звычайна бацькі б стараліся, каб дзеці валодалі японскаю моваю. Таму мне дужа цікава, што ў Беларусі няшмат хто валодае беларускаю моваю. І хаця ў іншых краінах былога савецкага саюза, нават у краінах, дзе, як і ў Беларусі, шматлікія людзі звычайна і ў доме размаўляюць па-расейску, улада стараецца захоўваць мову тытульнай нацыі. Але ў Беларусі нават калі хочаш працаваць у дзяржаве, ня трэба валодаць беларускаю моваю. Я ведаю, што сытуацыя Японіі таксама асаблівая й характарная. Але менавіта таму, што ў нас сытуацыя наадварот, мне гэтая адрознасць і цікавая. 

Я цяпер стараюся чытаць «Нашу Ніву» 90-х гадоў. Гэта проста ад цікавасьці. Я шчыра хачу разумець беларусаў, таму спрабую вывучаць мову, чытаць навіны, г.д. І адначасова я як аматар беларускай культуры й гісторыі цікаўлюся тым, якую думку мелі беларускамоўныя актывісты пасля таго як СССР зьнік. 

«Яна заўсёды супакойвае мяне»

Беларуская мова мілагучная, прыемна гучыць. І яна насамрэч падобная да расейскай. Гэта натуральна. Беларуская, украінская ды расейская — усе ў адной усходнаславянскай сям’і. Яны лягічна падобныя адна да адной, прынамсі падобней, чым да іншых моў. 

Вельмі прыгожая і чароўная мова. Гукі меладычныя. Я яе вельмі люблю. Беларуская мова, мне здаецца, вельмі мяккая мова. 

Яна заўсёды супакойвае мяне. 

Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях