25 декабря 2024, среда, 10:27
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Чорны дзень беларускай гісторыі

53
Чорны дзень беларускай гісторыі

Сёньня – адзін з найбольш чорных дзён у гісторыі Беларусі, гадавіна таго, што ўлада называе «рэфэрэндумам».

Днямі адзін мой калега выказаўся ў тым сэнсе, што дрэнна, калі апанэнты з абодвух бакоў называюць сьцягі анучамі (за пару дзён да гэтага кіраўнік фэдэрацыі хакея назваў бел-чырвона-белы сьцяг анучай, а я ў фэйсбуку назваў анучай лукашэнкаўскі, чырвона-зялёны).

Перакананы: ставіць побач нацыянальны сьцяг і лукашэнкаўскі - нельга. Гэтак жа сумнеўна выглядаюць і банэры з выявай бел-чырвона-белага сьцяга і чырвона-зялёнага разам і слоганам «Мы адзін народ».

Для мяне чырвона-зялёны сьцяг - не толькі ніякі не дзяржаўны, бо быў ён вывешаны праз цалкам нелегітымны «рэфэрэндум», праз зьбіцьцё нас, дэпутатаў БНФ, у залі парлямэнту, праз масавыя фальсыфікацыі і татальную прапагандысцкую хлусьню. Гэта яшчэ - і сымбаль дыктатуры, якая некалькіх апанэнтаў забіла, тысячы адправіла за краты, сотні выціснула ў эміграцыю, зьнішчыла свабоду слова і ўсе тыя заваёвы дэмакратыі, якія з такой цяжкасьцю былі дасягнутыя ў пачатку 1990-ых гадоў, нарэшце, стварыла пагрозу незалежнасьці самой дзяржавы. Вельмі сымбалічна, што той жа самы «рэфэрэндум» паставіў крыж на дзяржаўнасьці беларускай мовы (спадзяюся, толькі часова). І таму чырвона-зялёны - гэта ніякі не беларускі сьцяг. Гэта антыбеларускі сьцяг. І тое, што «частка грамадзтва яго прыняла» – ня можа быць аргумэнтам. Нават калі гэтая частка і складае 90 працэнтаў. Ды нават калі б яна склала 100 працэнтаў.

У нацысцкай Нямеччыне сьцяг са свастыкай прымалі практычна 100 працэнтаў (нязгодныя эмігравалі, тых, хто не пасьпеў - адправілі ў газавыя камэры). Свастыка была дзяржаўным сымбалем Нямеччыны. Са свастыкай выдаваліся пашпарты, пад свастыкай маршыравалі, пад свастыкай нараджаліся, вучыліся, пад свастыкай паміралі.

Ці была свастыка сымбалем нямецкага народу?

Не, свастыка была ганьбай нямецкага народу.

І ў момант падзеньня гітлераўскага рэжыму свастыка была зьдзёртая з флагштокаў, як ануча.

І нікому не прыйшло ў галаву памясьціць яе ў музэях на той падставе, што са свастыкай зьвязаная частка гісторыі Нямеччыны («Сталин и красный флаг - это ведь часть нашей истории»), ці пад свастыкай, да прыкладу, нямецкія спартоўцы заваёўвалі алімпійскія мэдалі, альбо былі пабудаваныя аўтабаны («Не все только плохое в истории Германии связано с известным Адольфом Гитлером»).

Пад свастыкай па вуліцы Бэрліну ці Мюнхэну вы пракрочыце роўна столькі, колькі трэба, каб да вас дабраўся бліжэйшы паліцэйскі. Хаця, хутчэй, вас спыняць звычайныя прахожыя. Далей – суд.

Нямецкі народ выціснуў з сябе нацызм разам з ягонымі сымбалямі.

Зрэшты, пагаджуся з тым, што называць чырвона-зялёны сьцяг анучай - не зусім карэктна. Ануча - рэч у гаспадарцы неабходная. А чырвона-зялёны лукашэнкаўскі сьцяг - гэта сымбаль антынцыянальнага, антычалавечага рэжыму і месца яму – на сьметніку гісторыі, там, дзе дагнівае свастыка Адольфа.

Сяргей Навумчык

Написать комментарий 53

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях