18 октября 2019, пятница, 10:25
Мы в одной лодке
Рубрики

Зянону Пазьняку – 75 год

32
Зянону Пазьняку – 75 год
Зянон Пазьняк

Лідар беларускага Адраджэння святкуе юбілей.

Зянон Станіслававіч Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 году ў вёсцы Суботнікі (Іўеўскі раён Гарадзенскай вобласці).



Будучы лідар Беларускага Народнага Фронту і нацыянальнага Адраджэнння беларусаў з'явіўся на свет у сям’і старэйшага сына заходнебеларускага грамадзкага дзеяча Янкі Пазьняка.

У снежні 1944 году будучы палітык асірацеў праз гібель бацькі на фронце (на тэрыторыі Польшчы), якога забралі ў Чырвоную армію ўлетку. З гэтае нагоды Зянон Пазьняк звярнуўся да пахваліўшага Гітлера Лукашэнкі ў 1995 годзе:

«Вы, спадар Лукашэнка, заахвочваючы Гітлера, апаганьваеце памяць майго бацькі, які загінуў пад Катавіцамі у барацьбе з гітлераўцамі, як і памяць майго дзядзькі, які прайшоў з 1941-га ўсю вайну ў танку «КВ» і згарэў у ім 9 лютага 1945 года пад Меркіш-Фрыдлянд ва Усходняй Прусіі. Калі б яны ўваскрэслі - яны б вам паказалі Гітлера».

У 1967 годзе будучы старшыня БНФ скончыў мастацтвазнаўчае аддзяленьне Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытуту, а ў 1972 годзе – аспірантуру пры Інстытуце этнаґрафіі, мастацтвазнаўства і фальклёру Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў дысэртацыю «Праблемы станаўлення і разьвіцця беларускага прафэсійнага тэатру пачатку ХХ стагодздзя (1900—1917 гг.)».

Пасьля палітычна-адміністрацыйных рэпрэсіяў ў 1974 годзе і пазбаўленьня працы ў Інстытуце мастацтвазнаўства Зянон Пазьняк займаўся археалогіяй. Гэта стала вырашальным у адкрыцці Курапатаў: у 1988 годзе падчас раскопкаў Зянон Пазьняк адкрыў для беларускай і сусветнай грамадзкасці будучы народны мемарыял у Курапатах і правёў археалагічныя даследаваньні масавых пахаванняў людзей, расстраляных органамі НКУС.

З траўня 1990 году па студзень 1996 году Зянон Пазьняк быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12-га склікання і кіраўніком дэпутацкай апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

Пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка здзяйсняліся такія важныя справы, як адкрыццё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы, вяртанне нацыянальнай сымболікі (бел-чырвона-белага сьцягу і «Пагоні»), распрацоўка сацыяльна-эканамічнага заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасці краіны і вярнула беларусаў з «гарачых кропак» СССР.

Па патрабаванні дэпутатаў апазіцыі БНФ 24 жніўня 1991 была склікана нечарговая сэсія Вярхоўнага Савета, на якой дэпутаты БНФ пад кіраўніцтвам Пазьняка вылучылі пакет законапраектаў аб вяртанні незалежнасці Беларусі. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет прагаласаваў за наданне Дэкларацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статусу канстытуцыйнага закону, што азначала вяртанне незалежнасці Беларусі.

У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце была створана Канцэпцыя эканамічнага развіцця дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікавана ў «Народнай газеце» 16 красавіка 1992 году).

На выбарах прэзыдэнта Беларусі 1994 году Зянон Пазьняк атрымаў 12,8% галасоў (трэцяе месца). Пры гэтым у Гарадзенскай вобласці ён заняў другое месца і выходзіў у наступны тур выбараў.

Даверанымі асобамі Зянона Пазьняка на выбарах 1994 году былі такія вядомыя дзеячы беларускага Адраджэння, як Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, віцэ-прэзыдэнт Акадэміі навук Радзім Гарэцкі, прафэсар Іван Нікітчанка.

Пасля абрання Лукашэнкі на пасаду прэзыдэнта Беларусі Зянон Пазняк узначаліў палітычную апазіцыю да будучага дыктатара.

11 красавіка 1995 году дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га склікання абвясцілі галадоўку на знак пратэсту супраць рэфэрэндума аб змене Канстытуцыі, правядзення якога дамагаўся Лукашэнка. На рэферэндум выносіліся пытанні аб вяртанні савецкай сімволікі, наданні расейскай мове статусу дзяржаўнай, інтэграцыі з Расеяй. Таксама Лукашэнка атрымліваў права распускання парламента. Рэферэндум быў запланаваны на 14 траўня 1995 года.

У галадоўцы, якая была абвешчаная 11 красавіка, апроч Зянона Пазняка, узялі ўдзел 19 дэпутатаў - прадстаўнікоў партый БНФ і БСДГ. Яны засталіся начаваць у будынку парламэнта.

У ноч на 12 красавіка 1995 года супрацоўнікі спецслужбаў жорстка збілі дэпутатаў апазіцыі проста ў зале пасяджэнняў беларускага парламента.

26 сакавіка 1996 году, унікаючы магчымых арышту і фізычнага знішчэння, Зянон Пазьняк пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам.

31 сакавіка Служба бяспекі Ўкраіны адмовіла Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў выдачы Пазьняка пасля адпаведнага звароту старшыні парлямэнцкай фракцыі Народнага руху Ўкраіны Вячаслава Чарнавіла да прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучмы.

26 красавіка нечакана для ўладаў Зянон Пазьняк вярнуўся ў Менск на Чарнобыльскі Шлях, на які выйшла, па розных дадзеных ад 60 да 100 чалавек. Дзякуючы дапамозе беларускіх патрыётаў палітык пазбег арышту пасля акружэння і штурму АМАПам сядзібы БНФ.

Палітык нейкі час знаходзіўся ва Ўкраіне, потым у Чэхіі, Польшчы, Вялікабрытаніі, затым быў запрошаны ў ЗША на шэраг палітычных сустрэчаў. Там атрымаў пацверджаньне пра распрацоўку ў палітычных колах рэжыму на Беларусі плану яго фізычнага знішчэньня. У сувязі з пагрозай жыццю ўрад ЗША прадаставіў Зянону Пазьняку палітычны прытулак.

Аднак палітык захаваў беларускае грамадзянства, усе гады на эміграцыі ён займаецца беларускай палітыкай, сустракаецца з палітычнымі дзеячамі, грамадзкасьцю і журналістамі розных краінаў.

З 1996 году на грамадзкіх пачатках Зянон Пазьняк рэдагуе і выдае ў Варшаве сумесна з жонкай Галінай Пазьняк бюлетэнь «Беларускія Ведамасці» і непасрэдна праводзіць паседжаньні кіруючых структураў КХП-БНФ, старшынём якога з'яўляецца.