«Зброя ў руцэ – мір у сэрцы»: гісторыя сапраўдных Герба і Сцяга Беларусі
2- 15.05.2023, 22:40
- 6,656
105 гадоў таму Рада БНР абрала «Пагоню» ў якасці герба.
15 траўня 105 гадоў таму Рада БНР абрала «Пагоню» ў якасці герба Беларусі ў дадатак да бел-чырвона-белага сцягу. Заканадаўча гэта замацавалі 5 жніўня 1918 года. Апошняя дата варта таго, каб зрабіцца Днём Герба і Сцяга Беларусі, пiша «Белсат».
«Мужыцкая» рэспубліка БНР
БНР стваралася першапачаткова як «мужыцкая» (сялянская) рэспубліка, што засведчыла Першая Устаўная грамата ад 21 лютага 1918 года. Яна змацавана пячаткай з выявай са снапом, граблямі і касой, якую абраў сабе Народны Сакратарыят Беларусі, абвешчаны вярхоўнай уладай да моманту склікання Устаноўчага Сходу Беларусі.
Пры гэтым у якасці сімвалу БНР пачала ўжывацца таксама «Пагоня», выява якой разам з бел-чырвона-белым сцягам прысутнічала падчас Першага Усебеларускага з’езду ў снежні 1917 года. За «Пагоню», як гістарычны сімвал Беларусі, шырока вядомы сярод яе жыхароў, выступалі заснавальнікі «Нашай нівы» браты Антон і Іван Луцкевічы, палітык Раман Скірмунт і гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі.
Доўнар-Запольскі нават зрабіў яе сімвалам Беларускай гандлёвай палаты, якая дзейнічала ў Кіеве і займалася вырашэннем тэрытарыяльных спрэчак адносна Палесся з ўкраінцамі ды дамаглася атрымання фінансавай дапамогі. 23 красавіка 1918 года падчас перамоваў у Вільні з літоўскай Тарыбаю прадстаўнікі Рады БНР выказваючыся пра федэрацыю Беларусі і Літвы як формы адраджэння Вялікага княства Літоўскага адзначылі, што іх гербам зʼяўляецца колішні дзяржаўны сімвал ВКЛ.
«Адзнакі Беларусі»
Урэшце, 15 траўня 1918 года ў Радзе Беларускай Народнай Рэспублікі абмеркавалі новую пячатку, выява якой павінна была зрабіцца гербам краіны. Даклад пра яе зачытаў Язэп Варонка, першы старшыня БНР. У выніку адзінагалосна быў зацверджаны наступны малюнак: «Изображающий печать белоруссколитовского князя Миндовга начала ХІІІ столетия (1242–1263). В центре печати помещен рисунок «Погоня» в выпуклом и квадратном орнаменте с древнебелорусским узором по сторонам. Попона на лошади с тремя зубцами, в отличие от круглой; по кругу надпись в стиле летописей: Беларуская Народная Рэспубліка».
Афіцыйна ж у якасці гербу БНР «Пагоня» замацавалася ў «Дэкларацыі новаго беларускаго кабінету (пана Р. Скірмунта)», у якой пад пунктам 25 прапісана: «Гэрбам Беларускай Дзержавы прызнаецца «ПАГОНЯ».
Згодна Раману Скірмунту, другому кіраўніку БНР, «Пагоні» адпавядаў спокліч «Arma in manu cum pace in corde», што з лацінскай мовы перакладаецца як «Зброя ў руцэ – мір у сэрцы». Герб краіны ўвасабляў яе вобраз не толькі для беларусаў, але і для нашых суседзяў: «Паколькі іншыя народы выявяць да нас нязычлівыя імкненні, ім, вядома, павінны быць аказаны належны адпор».
Так 5 жніўня «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг, уведзены з лёгкай рукі інжынера Клаўдыюша Дуж-Душэўскага, былі заканадаўча замацаваны ў якасці дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Ужо 11 жніўня 1918 года ў газеце «Вольная Беларусь» змясцілі іх афіцыйнае апісанне ў артыкуле Вацлава Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму беларусу»:
«Адзнака Беларускае дзяржавы – гэта гэрб даўнейшаго Вялікаго Князства Беларуска-Літоўскаго: віцязь на белым каню ў чырвоным полі. Гэтым гэрбам адзначаліся даўней усе беларускія землі, або – як іх пазьней звалі – ваяводзтвы…
Нацыянальны беларускі колер – бела-чырвоны. З гэтых колераў зложан і беларускі флаг, які складаецца с трох, уздоўжкі, палосак – белай, чырвонай і зноў белай».
30 верасня 1918 года Рада БНР падрыхтавала «Часовы наказ для павятовых Беларускіх Нацыянальных Рад», паставіўшы на мэце стварэнне сеткі рэгіянальных выканаўчых структур. Павятовыя Рады павінны былі займацца развіццём роднай культуры, паляпшэннем эканамічнага развіцця. Кожна з іх павінна была мець пячатку з надпісам на беларускай мове двумя шрыфтамі – кірыліцай і лацінкай: «(гэтакая) павятовая беларуская Нацыянальная Рада», а пасярэдзіне беларускі нацыянальны гэрб (беларуская пагоня)». Але здзейсніць гэта ўжо не атрымалася з-за падзелу Беларусі паміж Польшчай і Савецкай Расеяй.
У міжваенны час «Пагоня» і «бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся беларусамі па-за межамі БССР. Спроба ж уключыць нацыянальны сцяг у сімволіку Савецкай Беларусі, які прадпрымаўся ў 1924 годзе, урэшце быў адхінуты ў 1927 годзе на карысць гербу, падобнага агульнасавецкаму.
«Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг сталі зноў дзяржаўнымі ў Беларусі 19 верасня 1991 года і прабылі імі да 14 траўня 1995 года.
Герб з памылкай і адцэнтраваны на Расею
14 траўня 1995 года, рэферэндум, праведзены са шматлікімі парушэннямі, сярод іншага скасоўваў у якасці дзяржаўных нацыянальныя сімвалы – герб «Пагоню» і бел-чырвона-белы сцяг. Аляксандр Лукашэнка вярнуў сімвалы БССР, якія засведчылі імкненне да аднаўлення СССР і далучэння Беларусі да Расеі. Так пад маркай «суверэнных» беларусам павярнулі адзнакі каланіяльнай залежнасці, увасобіўшы гэта ў новае свята, уведзенае Лукашэнкам 12 красавіка – Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь, якое ладзілася 14 траўня.
Пры гэтым гісторыя самога лукашэнкаўскага гербу паказвае, што нягледзячы на рэвізію, беларусы ад навязанай залежнасці паступова адыходзяць. Напрыклад, на хвалі прызнання прадстаўнікамі БНР Савецкай Беларусі і пераезду іх у Менск, распрацоўваўся герб, які павінен быў уключаць у сябе і нацыянальны сцяг. Але ён так і не быў прыняты ў якасці дзяржаўнага. Герб БССР у 1927 года стаў калькай агульнасавецкага, пры гэтым ён вылучаўся надпісам «Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся!» на чатырох мовах (беларуская, расейская, польская і ідыш). У 1938 годзе замест «злучайцеся» дадалі «яднайцеся». Але крытыкам не спадабаўся пачатак з «ЯД», таму на гербе БССР надпіс зрабілі з памылкай: «Пралетарыі ўсіх краін, еднайцеся». Гэтая памылка праіснавала на гербе БССР да 1958 года. Урэшце, на лукашэнкаўскім гербе гэты надпіс, як і серп з малатком, у 1995 годзе прыбралі. Пры гэтым толькі нядаўна зямную кулю, скіраваную на Расею, адцэнтравалі на Беларусь.
Уціхую падправілі сцяг
З лукашэнкаўскім сцягам усё яшчэ весялей. Калі выкарыстоўваць сённяшнюю рэпрэсіўную тэрміналогію, якая паўтарае сталінскую, то сцяг цяперашняй Беларусі прыдуманы калабарантам з выкарыстаннем узору, вышытага ўдавой «ворага народу». Дарэчы, арыгінальную каларыстыку ўзору «Узыходзячага сонца» першапачаткова перавярнулі. А каб паказаць, што сцяг БССР больш старажытны, па ўзору, вытканага Матронай Маркевіч, нават казалі, што ён 1917 года, але гэта дата чыста ўмоўная, каб яшчэ больш прывязаць Беларусь да «Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі» таго ж году.
Сцяг БССР быў створаны ў 1951 годзе на загад Іосіфа Сталіна, які збіраўся ўмацаваць пазіцыі СССР у Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў за кошт прысутнасці ў ёй саюзных рэспублік, якія павінны былі ўзмацняць голас Савецкага Саюза на міжнароднай арэне (параўнайце, як гэта робіць лукашэнкаўская Беларусь на карысць пуцінскай Расеі).
Пасля рэферэндуму 1995 года сцяг БССР стаў сцягам Беларусі, але з інверсіяй узору, якая мела аўтэнтычны выгляд і традыцыйную бел-чырвона-белую каларыстыку, што падкрэслівалася белымі палоскамі паабапал. У 2012 годзе ўжо без якога-небудзь рэферэндуму сцяг лукашэнкаўскай Беларусі падправілі: павялічылі ўзор а белыя палоскі прыбралі. Галоўны ж сэнс гэтага сцяга, нягледзячы на спробы яго сённяшняй трактоўкі лукашэнкаўскімі прапагандыстамі, дакладна вызначаны ў апісанні: «Государственный флаг Белорусской Советской Социалистической Республики является символом государственного суверенитета Белорусской ССР, добровольного объединения Белорусской ССР с другими равноправными республиками в братский Союз Советских Социалистических Республик и нерушимого союза рабочих и крестьян в борьбе за построение коммунистического общества». Г.зн., што адпачатку ў сімвале БССР закладаўся яго падпарадкаваны характар.
9 жніўня 2023 года спаўняецца тры гады з дня пачатку Беларускай рэвалюцыі як імкнення беларусаў вырвацца з-пад каланіяльнай залежнасці і стаць гаспадарамі ў сваёй краіне. Некалі гэты дзень будзе святочным. Яго ж узмацненнем і сведчаннем гістарычнай пераемнасці ўжо зараз мог бы стаць 5 жніўня – як Дзень Герба і Сцяга. Тым больш што ў гэтым годзе ён прыпадае на выходны суботні дзень.