24 декабря 2024, вторник, 22:59
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі: Бог прыходзіць у свет самым звычайным чынам

3
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі: Бог прыходзіць у свет самым звычайным чынам
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Фота: catholic.by

Нельга баяцца зла, бо яно не можа раўняцца з веліччу Пана.

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі звярнуўся да каталiцкiх вернiкаў напярэдаднi свята Божага Нараджэння. Яго зварот публiкуе catholic.by:

— Пры вігілійным стале мы дзяліліся аплаткай, выказвалі сваю дабрыню, павагу і любоў да нашых родных і блізкіх. Складаючы калядныя пажаданні, мы глядзелі адно аднаму ў вочы, жадаючы блізкаму чалавеку здароўя і радасці, душэўнага спакою і надзеі. Мы ўспаміналі сваё дзяцінства, успаміналі тых, хто ўжо адышоў да Пана, можа, нашага бацьку ці нашую маці. Гэта яны вучылі нас веры, хрысціянскім каштоўнасцям і традыцыям, вучылі, што мы, як аплаткай, павінны дзяліцца сваім сэрцам.

Сапраўды, так і павінна быць, бо Пан Бог даў нам сэрца, каб падзяліцца ім, як аплаткай у вігілію Божага Нараджэння. Ён хоча, каб ты быў сапраўдным бацькам, была сапраўднай маці, сынам, дачкою. Бог жадае, каб вы стварылі святую сям’ю, падтрымлівалі адно аднаго, каб кожны з нас быў чалавекам, на якога заўсёды можна разлічваць, якому заўсёды можна давяраць. Бо хрысціянін з’яўляецца сведкам гэтай маленькай Любові, якая нарадзілася ў яслях, таму мы павінны дзяліцца гэтай любоўю, каб іншыя, калі сустрэнуцца з намі, сказалі, што яны сустрэлі добрага і міласэрнага чалавека, сведку Хрыстовай любові згодна з выказваннем: «Пакуль нашы сэрцы сагрэты полымем Хрыстовай любові, тым, хто побач з намі, мароз не пагражае».

У цішыні Бэтлеемскай ночы Бог прыходзіць у свет самым звычайным чынам: прыходзіць як дзіцятка, народжанае маці. Бог стаўся чалавекам, каб мы ўсвядомілі і ўбачылі, наколькі кожны чалавек каштоўны і важны ў вачах Бога. Гэтая святая ноч няспынна нагадвае нам, што самае важнае — гэта чалавек ва ўсёй праўдзе і велічы сваёй чалавечнасці і годнасці. Ён важны для Пана Бога ад самага зачацця, калі яшчэ знаходзіцца пад сэрцам маці, ажно да яго апошняга ўздыху. Для Бога важны кожны чалавек — і той, жыццё якога пазначана крыжам цярпення; і той, які невылечна хворы; і той, які пакутуе ад няўпэўненасці, страху, адчаю ці адкінуты іншымі людзьмі. Задумаемся над таямніцай Бэтлеемскай стаенкі, дзе спачыў Бог-Чалавек, каб навучыць нас павазе да годнасці іншага чалавека. Бог прамаўляе да нас з любоўю. Пазнавайма любоў у гэтай таямніцы Уцелаўлення Бога і Яго прыйсця на зямлю, пазнавайма праз штодзённае чытанне Святога Евангелля, праз удзел у Эўхарыстыі, каб лепш разумець тое, што Бог прамаўляе да кожнага з нас.

Аднойчы пэўны святар падчас медытацыі пачуў такія словы Пана Езуса: «Скажы людзям, што Я люблю іх бясконцай любоўю; любоўю такой вялікай, што Я нават не вагаўся прыйсці на зямлю. Я прыйшоў дзеля кожнага з іх. Я — Бог, Усемагутны, Стварыцель неба і зямлі, Уладар усяго сусвету — Я стаў Чалавекам, стаў іх Братам. Я прыйшоў у свет як малое, безабароннае дзіця, каб ніхто, нават самы слабы, не баяўся прыйсці да Мяне. Я нарадзіўся ў беднай стайні, каб ніхто, нават самы бедны, пакінуты і беспрытульны, не адчуваў страху перад бляскам і хараством. Я прыйшоў у свет, узяўшы за Маці бедную дзяўчыну з Назарэта, а за Апекуна — звычайнага цесляра, каб ніхто, нават просты і неадукаваны чалавек, не збянтэжыўся і не баяўся звярнуцца да Мяне. Скажы людзям, што я стаў чалавекам, каб усё чалавечае жыццё было святым: іх праца і стомленасць, іх чалавечае каханне, адзінота, пакуты і цярпенні… Больш Я ім нічога не даў — толькі самога сябе.»

Задумаемся над гэтымі словамі і над сённяшняй выключнай, збавеннай для чалавецтва падзеяй, і ўсвядомім, што Дзіцятка ў гэтай стаенцы, на якое мы сёння глядзім, — гэта наша непахісная надзея. Менавіта Хрыстус, калі толькі мы дазваляем Яму быць часткай нашага жыцця і дазваляем суправаджаць нас, гэта Ён чыніць так, што нават самая горшая сітуацыя, якая здараецца ў нашым жыцці, не з’яўляецца канчатковай. Езус заўсёды паказвае нам прастору для развіцця і паказвае выйсце з безвыходнай, здавалася б, сітуацыі.

Калі нас ахоплівае безнадзейнасць, мы часта задумваемся аб прычынах таго ці іншага няшчасця. Між тым, мы павінны задумвацца над асноўным пытаннем: у якога Бога мы верым? Ці мы верым у таго Бога, які стаў чалавекам, — Эмануэлем, Богам з намі, каб акунуцца ў нашу безнадзейнасць? А, можа, мы верым у нейкіх ідалаў, якія прывабліваюць толькі ілжывай і ілюзорнай надзеяй і якім так лёгка паддаецца сучасны чалавек? Менавіта сёння ёсць добрая нагода зрабіць крок да Нованароджанага Езуса, каб аднавіць нашу, можа, вельмі кволую, надзею. Але калі мы цалкам даверымся Пану Богу, Ён напоўніць нас радаснай надзеяй і любоўю, а Ягоны Провід усё, што для нас карыснае, спашле і зробіць у свой час і толькі Яму вядомымі шляхамі. Нельга баяцца зла, бо яно не можа раўняцца з веліччу Бога.

Святы Ян Павел ІІ падкрэсліваў: «Незвычайнае пасланне надзеі, якое вынікае з Добрай Навіны аб тым, што Бог, багаты міласэрнасцю ў Хрысце, кожны дзень аб’яўляе сваю любоў. Уваскрослы Хрыстус кажа кожнаму з нас: «Перастань баяцца! Я Першы і Апошні, Я Жывы. Я быў мёртвы, і вось жыву на векі вечныя». Гэта пасланне Божай міласэрнасці, якое я нясу сёння ўсім: «Перастаньце баяцца!» Даверцеся Богу, які багаты міласэрнасцю. З вамі Хрыстус, верны Даўца надзеі».

24 снежня ў Ватыкане распачынаецца Юбілейны год хрысціянства. Юбілейны 2025 год, абвешчаны Папам Францішкам, з’яўляецца своеасаблівым часам ласкі для Касцёла і свету. Гэты Юбілей, карані якога сягаюць біблійнай традыцыі, з’яўляецца заклікам да духоўнага, грамадскага і маральнага аднаўлення. Мэта кожнага юбілею хрысціянства — ажывіць і паглыбіць нашую веру, дапамагчы людзям знайсці Хрыста, асэнсаваць сваё жыццё і распазнаць місію, якую даручае Бог кожнаму з нас. Так 2024 год, абвешчаны Апостальскай Сталіцай Годам малітвы, быў належнай падрыхтоўкай да гэтага Юбілейнага года. З радасцю зазначу, што вернікі нашага Касцёла актыўна рыхтаваліся, пілігрымуючы да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай, каб удзельнічаць у набажэнствах да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. Дзякуючы падрыхтоўцы да гэтага юбілею, калі ў парафіях праводзіліся перапрашальныя набажэнствы ў першы чацвер, першую пятніцу і першую суботу месяца, мы глыбей усвядомілі галоўную сутнасць хрысціянства, якая заключаецца ў Божай любові і міласэрнасці, што «сыходзіць з Найсвяцейшага Сэрца Езуса».

Такім чынам, Юбілейны год хрысціянства будзе для нас своеасаблівым працягам 2024 года, калі мы стараліся малітвамі і ўчынкамі, а таксама праз інтранізацыю мітраполіі, парафій, супольнасцяў і сем’яў, уміласцівіць Найсвяцейшае Сэрца Езуса, «бо ў Пана міласэрнасць і шчодрае ў Яго адкупленне» (Пс 130 (129), 7).

Нагадаю, што кожную першую суботу месяца арганізаваны пілігрымкі ў Будслаўскі санктуарый, дзе на працягу дзевяці месяцаў праводзіцца Навэнна да Божай Міласэрнасці і набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі. Пілігрымкі і набажэнствы будуць працягвацца да 7 чэрвеня, а 5 ліпеня падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай Касцёл у Беларусі будзе прысвечаны Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Дэвіз Юбілейнага 2025 года «Пілігрымы надзеі» заклікае з упэўненасцю глядзець у будучыню і нагадвае нам, што ўсе мы — вандроўнікі, якія крочаць да канчатковай сустрэчы з Богам. Думаю, што ўсіх тых, хто, нягледзячы на дождж і холад, на розныя выпрабаванні і цярпенні, ахвяраваўся ўдзельнічаць у малітве перапрашэння ў Будславе, можна назваць мужнымі пілігрымамі надзеі, якія выпрошваюць Божую міласэрнасць для нас і для ўсяго свету. Заахвочваю ўсіх вас, наследуючы нашага Пана Езуса Хрыста, старацца быць пілігрымамі веры, надзеі і любові для нашых бліжніх, для тых, з кім працуем, з кім жыццё зводзіць нас кожны дзень. Таксама заахвочваю сем’і, якія яшчэ не прысвяцілі сябе Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса, здзейсніць гэта, карыстаючыся добрай нагодай, калі святар будзе наведваць вас з калядным візітам. Трэба зрабіць усё магчымае, каб у Святы год як мага больш нашых сем’яў прынялі Пана Езуса сваім Валадаром. Заахвочваю, каб падчас Юбілейнага 2025 года мы засяродзіліся на глыбокім перажыванні таямніцы Хрыста, асабліва прысутнай у сакрамэнтальных знаках. Няхай кожная эўхарыстычная сустрэча з Панам, які прыходзіць да нас, напоўніцца Яго прысутнасцю і ажывіць нашу веру. Адчынім Езусу свае сэрцы, каб Ён перамяніў іх, каб ачысціў ад усяго таго, што не падабаецца Пану Богу, і ўчыніў нас удзельнікамі Яго абяцанняў. Няхай кожная Эўхарыстыя будзе нагодаю для таго, каб мы набіраліся духа і моцы, а кожная святая Камунія будзе нашым перапрашэннем і ўміласціўленнем за грахі свету. Згодна з рэкамендацыямі Папы Францішка, прадстаўленымі ў буле Spes non confundit, 5 («Надзея не расчаруе» ад 9 мая 2024 года), ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначы юбілейнымі святынямі Юбілею Святога 2025 года, у якіх можна атрымаць поўны адпуст ва ўзгаданы перыяд, наступныя касцёлы: Нацыянальны санктуарый Маці Божай у Будславе; архікатэдра Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску; конкатэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Магілёве.

Спадзяемся, што Юбілейны год хрысціянства ўмацуе нас у веры, любові і міласэрнасці, дапаможа нам распазнаваць уваскрослага Хрыста ў нашым жыцці, і, дзякуючы неабходным ласкам Божым, пераменіць нас у сапраўдных пілігрымаў хрысціянскай надзеі.

Добрая Навіна, аб якой сведчыць Евангелле, заключаецца ў тым, што сёння нарадзіўся Збаўца, Той, Хто паяднае чалавека з Богам. Бог стварыў чалавека, каб чалавек мог жыць Божым жыццём, жыць у еднасці з Богам. Добрая Навіна Евангелля — гэта не толькі навіна аб Нараджэнні: гэта навіна аб тым, што з гэтага моманту распачаўся час, у якім адбываецца збаўленне чалавецтва, час перамогі дабра над злом. Езус нараджаецца для чалавецтва, якое шукае свабоды і спакою. Ён нараджаецца для кожнага чалавека, змучанага грахом, які чакае збаўлення і прагне надзеі. Давайце ж памятаць і жыць пасланнем Божага Нараджэння, пасланнем любові і спакою ў час, у які Бог выбраў нас.

Просім Найсвяцейшую Багародзіцу, Маці надзеі, каб Яна вучыла нас, нягледзячы на розныя выпрабаванні і цяжкасці быць вернымі Хрысту, каб Яна вяла нас бяспечнымі шляхамі да свайго Сына і Збаўцы. Няхай дзякуючы заступніцтву Маці Божай, Каралевы Беларусі і Апякункі Мінска, наша краіна стане своеасаблівай стаенкай, у якой заўсёды нараджаецца Езус Хрыстус — адзіны Збаўца і Валадар свету, Князь спакою і любові.

Жадаю, каб Божае Дзіцятка благаслаўляла вас і каб вашае жыццё было шчасцем для іншых, каб Святая Сям’я апекавалася вамі, каб Пан Езус адарыў ўсіх вас здароўем, спакоем і радасцю, каб вашыя сэрцы заўсёды палалі Хрыстовай любоўю. Радуйцеся, бо нарадзіўся Збаўца свету.

На святкаванне Божага Нараджэння, на калядны перыяд, а таксама на духоўнае перажыванне Юбілейнага 2025 года і духоўнае аднаўленне ад шчырага сэрца благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа святога. Амэн.

Написать комментарий 3

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях