9 августа 2024, пятница, 16:33
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

У Варшаве адбыўся пікет у падтрымку тэлеканалу «Белсат»

У Варшаве адбыўся пікет у падтрымку тэлеканалу «Белсат»

На акцыі прасілі не змяняць канцэпцыю каналу.

Пікет у абарону тэлеканалу «Белсат» прайшоў увечары 8 жніўня каля канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты палітзьняволеных беларускіх журналістаў, перадае «Радыё Свабода».

Ініцыятарам акцыі выступіў беларускі палітык Зянон Пазьняк.

У межах рэарганізацыі канал «Белсат» перастане быць самастойнай адзінкай у структурах Польскай тэлевізіі. Плянуецца, што каналы, якія працуюць на беларускай, расейскай і ўкраінскай мовах, будуць трансьлявацца пад уласнымі брэндамі. Кожны зь іх будзе мець шэсьць гадзін трансьляцыі цягам дня, нагадала «Польскае радыё».

TVP падало заяву ў пракуратуру аб падазрэньні былой дырэктаркі тэлеканалу «Белсат» і фактычна яго заснавальніцы Агнешкі Рамашэўскай-Гузы ды іншых адказных асобаў у зьдзяйсьненьні злачынстваў, у тым ліку прычыненьня фінансавай шкоды і махлярстве.

Рамашэўская адпрэчвае гэтыя абвінавачаньні. Яна падкрэсьлівае, што, сярод іншага, у выпадку рэарганізацыі каналу Польшча страціць эфэктыўны інструмэнт уплыву.

Раней кіраўніцтва «Белсату» выступіла з заявай, у якой патлумачыла, дзеля чаго наймала фірму праграмістаў, і адзначыла, што на праграмным забесьпячэньні TVP немагчыма было б працаваць настолькі разнастайна, як канал рабіў гэта цягам некалькіх гадоў, разьвіваючы розныя мультымэдыйныя плятформы.

На пікеце ў Варшаве нагадалі, што сярод 37 працаўнікоў прэсы, якія знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, ёсьць і супрацоўнікі «Белсату», якія пацярпелі за сваю прафэсійную дзейнасьць, атрымаўшы палітычна матываваныя прысуды.

На пікеце выступалі настаўнік і суарганізатар беларускіх акцый Васіль Плешкуноў, прадстаўнік моладзевай арганізацыі «Рух» «Ігнась», намесьнік дырэктара TVP Міхал Бранятоўскі, журналістка Аліна Коўшык, палітыкі Алена Дзядзюля, Вячаслаў Сіўчык, Зянон Пазьняк і былая дырэктарка каналу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

На акцыі прынялі рэзалюцыю са зваротам да міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага. Яе адразу накіравалі на электронную пошту ў бюро кіраўніка МЗС, піша канал Пазьняка.

У дакумэнце адзначаецца, што апошнія падзеі могуць пакласьці канец 17-гадовай дзейнасьці каналу. Прычынаў зьнішчэньня каналу заяўнікі не разумеюць, бо дзейнасьць «Белсату» адпавядае беларускім і польскім нацыянальным інтарэсам.

У звароце да міністра Сікорскага беларусы і палякі адзначылі, што спадзяюцца на скасаваньне пляну перафарматаваньня «Белсату», і выказалі надзею, што канал будзе працаваць як раней. Яны просяць польскія ўлады працягнуць далейшае функцыянаваньне тэлеканалу.

Написать комментарий

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях