18 мая 2024, суббота, 11:15
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

І пахіснецца сцяна...

1
І пахіснецца сцяна...

Які там, кажаце, марш? Еўрапейскі? Мы хіба ўжо ў Еўропе? А, яшчэ трэба дайсці да яе!.. Няўжо гэты марш туды давядзе?

А дзень, тым болей, выходны. І такі краявід за вакном! Дрэвы ў найпрыгажэйшым убранні. Хмары бягуць. Сонца ўспыхвае і згасае. Рэдкі дождж сыпане і адумаецца. Цішыня. І нават вецер – усяго толькі стан цішыні. І піва – халоднае.

Што там тэлевізар балбоча? Даўно трэба выключыць. Штосьці знайшлі… Што яны там знайшлі? А, гэта не ў нас. У Маскве. Трыццаць чатыры шкілеты ў сутарэнні пад нейкім домам. У самым цэнтры, каля Крамля. Почырк усім добра вядомы: куля ў патыліцу. Ёсць і іншая версія – гэта злачынства даўніх стагоддзяў. Магчыма, лютавалі апрычнікі. І пісталет нават кінулі. Сістэмы “браунінг”…

Вецер сарваў добрую жменю лістоты. Праляцела яна палахліва міма вакна. У шыбы стукае дождж. Чым не Еўропа? І куды яшчэ трэба ісці?..

Дык што там , папраўдзе – апрычнікі? Вядома, яны. І ніхто болей. У нас жа таксама знайшлі. У лесе пад Гомелем. І почырк – той жа. І гільзы ад нагана. І версія напагатове: расстрэльвалі нямецкія акупанты. Заўсёды пад рукой. Не трэба за вушы цягнуць Івана Жахлівага з яго ненажэрнай апрычнінай. І савецкая гісторыя наша будзе заўсёды чысцюткай, як першы снег. Ды ўвогуле, думаць пра тое не трэба. Вунь ужо збіраецца ўлада збудаваць на тым месцы новы мікрараён. Узнімуцца гмахі. Разбягуцца шырокія вуліцы. Кветачкі вырастуць. А калі якое-небудзь дзіця ў пясочніцы выкапае раптам чэрап з дзіркай у патыліцы – ну дак што ж! Была вайна…

А хмары яшчэ ніжэй. Здаецца, і неба прыціснула гэту краіну. Дзе жыць няўтульна. І з кожным днём – цяжэй. Адкуль уцякаюць усе, каму надакучылі казённы аптымізм, штодзённая хлусня і безнадзейнасць. І дзеля якога ражна мы тут ахвяравалі ўсім – надзеяй на заўтра, верай у перавагу спрадвечных каштоўнасцей і нават свабодай? Што атрымалі ўзамен?

Так, стабільнасць! Наш галоўны козыр у махлярскіх гульнях з Захадам і Усходам. Тое, што раней называлася словам простым і зразумелым: застой. Гніенне. Дэградацыя. Страта нацыянальнага аблічча. Ператварэнне народа ў натоўп. А краіны – у зону маўчання. Калі ад асобнага чалавека ўжо не залежыць нічога. Калі павуцінне татальнай хлусні не адолець, не разарваць. Калі ўвогуле няма выйсця.

Як жа няма?.. А гэны шлях? Еўрапейскі.

Сыйдуцца людзі. Грамадзяне свабоднай краіны. Той, што не знікае нікуды нават у самыя змрочныя часы. Без якой няма народа. Як і яе – без гэтых людзей. І вецер свабоды зноў падхопіць самы прыгожы ў свеце сцяг. І ўзнікне надзея, што разам мы гэтым шляхам некуды дойдзем.

Дык як жа туды не пайсці?..

Там збіраюцца тыя, каму абрыдла жыць у краіне глухіх. У правінцыі халуёў. На вуліцах, пад асфальтам якіх схаваны ахвяры сталінскіх катаў. У зоне маўчання.

Ня гэткай хацелі бачыць яны Беларусь.

Ня гэткай?.. А што зрабілі дзеля таго, каб іншай была краіна?

А можа, гісторыя раздае ўсім па заслугах? Вунь суседзі нашы – Літва. Стаялі на лютым марозе, баронячы свой парламент. З голымі рукамі сталі непахісна на шляху ўзброеных да зубоў імперскіх дэсантнікаў і іх танкаў. Не пабаяліся зімаваць у халодных кватэрах. Толькі б незалежнасць. Толькі б свабода.

А ў нас не спатрэбіліся ніякія танкі. Прыехалі з Масквы трое нахабных мужыкоў і, з пагардай акінуўшы позіркам тутэйшае кіраўніцтва, павярнулі гісторыю нашу ў мінулае.

Дык хто ж у тым вінаваты? Шарэцкі, які першым крыкнуў: “Разыходзьцеся! Сітуацыя пад кантролем”? Ці нехта іншы?

Сядзім пад венікам. Маўчым. Ганарымся ліпавай незалежнасцю, якую адрынуць можа ўмомант усяго адзін чалавек. І ліпавай стабільнасцю, якая залежыць толькі ад таго, паверне маскоўскі чыноўнік газавы венціль або пакіне ўсё як ёсць. І ніякага выйсця з гэтага стану няма. І не прадбачыцца.

Але ж ёсць шлях! Еўрапейскі.

І ён рана ці позна некуды нас прывядзе. Бо не бывае шляхоў, якія не прыводзяць нікуды. Не вядзе нікуды тупік. У які нас загнала гісторыя. А дакладней, мы самі загналі сябе. Таму што заўсёды, куды б мы ні паімкнуліся, нам катастрафічна не хапае людзей. А можа, нават толькі аднаго чалавека. Яшчэ аднаго.

Як было гэта ў тыя дні, калі ў безнадзейнай краіне ўзнікла раптам Плошча Каліноўскага. Незлічоны натоўп на праспекце, на межах плошчы рассечаны ланцугамі людзей у чорным. Дзве плыні рухаюцца з розных бакоў да плошчы. Насустрач адна адной. Але іх раздзяляе чорная гэта сцяна. Проста біблейскае супрацьстаянне. Вось-вось пахіснецца сцяна. Злучацца разам дзве сустрэчныя плыні. І скончыцца летаргія.

Хістаецца сцяна. Здаецца дробязі не хапае, каб пераважыць. Можа, аднаго чалавека. Зараз ён прыйдзе. Далучыцца.

Але ён не прыйшоў. Не пакінуў свой дом. У той дзень знайшліся ў яго больш важныя справы. І засталося ўсё, як было.

Дык ісці або не ісці?

Гэта пытаецца ён, той чалавек. І яго даўно ўжо ведае кожны. І можа нават убачыць

У бліжэйшым люстэрку.

Не ісці?.. Ісці?..

Написать комментарий 1

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях