18 мая 2024, суббота, 11:11
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Страчаныя скарбы

Страчаныя скарбы

На пачатку дзевяностых кінарэжысёр Рышард Ясінскі здымаў дакументальны фільм пра славутага беларускага спевака Міхася Забэйду-Суміцкага. Сродкі тады на вытворчасць выдзялялі настолькі мізэрныя, што нават выезд у суседні горад быў вялікай праблемай. Але здолеў неяк Ясінскі здымкі правесці нават у Варшаве і Празе.

Мала таго, што матэрыял зняў найцікавейшы, дык яшчэ наважыўся ў Польшчы пайсці па следу нейкай цьмянай легенды пра тое, што жыве недзе там чалавек, які добра ведаў знакамітага артыста і захаваў нават нейкія яго паперы

У невялікім мястэчку пад Варшавай сапраўды знайшоўся чалавек з адпаведным прозвішчам. Толькі не той, каго шукаць ужо было позна, а ягоны сын. Рышард змог адолець зразумелую яго насцярожанасць да нечаканых гасцей. І пасля доўгай размовы з’явіўся нарэшце перад агаломшаным рэжысёрам старадаўні куфэрак, поўны лістоў, дакументаў, нот, фотаздымкаў.

Кінадакументалісты былі ў адчаі – канец экспедыцыі, стужка амаль на сыходзе. Сёе-тое, вядома, знялі. Але ж які скарб там яшчэ заставаўся!

На развітанне чалавек той сказаў, што разумее выдатна, якая гэта каштоўнасць для беларусаў. І што ён, далёка ўжо не малады, у апошні свой шлях куфэрак напэўна ж не возьме.

Вярнуўшыся ў Менск, Рышард Ясінскі падаўся адразу ў Міністэрства культуры, у іншыя ўстановы: трэба ж звязацца з тым чалавекам, пераканаць яго ў нашым найвялікшым зацікаўленні. Там жа такія матэрыялы!

Але чынавенства глядзела на яго пустымі вачыма.

Няма ўжо на свеце Рышарда Ясінскага. І невядома, ці жывы той пан з-пад Варшавы. І хто цяпер скажа, дзе куфэрак Забэйды-Суміцкага. І колькі ўвогуле скарбаў прайшло вось гэтак, нібы сыр міма вароны-раззявы!

Калісьці, яшчэ ў часы савецкага росквіту, летувісы выказалі пажаданне перадаць нашай краіне тую частку віленскага архіву, якая, на іх погляд, бясспрэчна беларуская. Але ж тутэйшаму цырымоннаму кіраўніцтву у міжсуседскіх стасунках найважнейшым падаецца заўсёды прэстыж. А таму ў Вільню накіравалі не абы якога там навукоўца, а партызанку з зоркай Героя. Каб ведалі нашых!

Партызанка, ледзь зірнуўшы на рукапісы, адразу заўважыла ненавісную лацінку нацыяналістаў. І правакацыю нядобразычлівых суседзяў спыніла рашуча, па-партызанску: “Гэта – не наша!”

І сапраўды, навошта нам тая лацінка? Нашы архівы – гэта старанна, з непрыхаванай любоўю, задакументаваная гісторыя партыйнага ды калгаснага будаўніцтва. А што дакастрычніцкі перыяд – нібы хата пасля пажару, дык хіба таму трэба здзіўляцца? Была ж вайна, гітлераўскае нашэсце. Вось мы і страцілі незлічоныя скарбы нашай матэрыяльнай і духоўнай культуры. Нават крыж Еўфрасінні Полацкай, наша святыня, няведама дзе…

Так, сапраўды, у час вайны ў ведамстве Розенберга былі створаны адмысловыя каманды, якія на акупаванай тэрыторыі займаліся пошукам твораў мастацтва ды іншых каштоўнасцяў.

Але хіба гэта былі першыя і апошнія рабаўнікі?

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай, калі беларускія землі забрала Расія, сюды рэгулярна пачалі прыязджаць экспедыцыі адмыслоўцаў. Яны метадычна даследвалі губерню за губерняй, збіраючы рарытэты, якія цікавілі археаграфічную камісію ды іншыя ўстановы.

А потым была Першая сусветная вайна. І пад выглядам выратавання каштоўнасцяў ад нямецкай навалы ўсё, што тут яшчэ заставалася, вывезлі ў Маскву ды іншыя гарады. Але Беларусь сапраўды нейкая загадкавая краіна: колькі ні чэрпай, а тут усё яшчэ нешта застаецца.

У кароткі час чынавенскага пярэпалаху пачатку дзевяностых дэпутат Вярхоўнага Савета Алег Трусаў здолеў нават на свой запыт дамагчыся ад Міністэрства унутраных спраў Беларусі падрабязнага спісу тых скарбаў манет і ювелірных вырабаў, якія з1964 па 1991 год былі вывезены ў Маскву. Толькі ў згаданы перыяд беларускія каштоўнасці вывозілі ў тую прорву 36 разоў. Колькасць вывезеных адзінак – 2088.

І тут немцы вінаватыя?

Аднак і гэта яшчэ не ўсё. У спісе не пазначаны скарб з Глыбокага. І яшчэ адзін, зусім унікальны, знойдзены каля вёскі Карытніца Бялыніцкага раёна – 225 залатых манет ХVІ-ХVІІ стагоддзяў. А гэта доказ таго што вывозіла каштоўнасці не толькі адно міністэрства. Шмат хто імкнуўся дагадзіць маскоўскаму кіраўніцтву, рабуючы ўласную краіну.

Дзе гэта ўсё? Правалілася ў расійскую бездань? Ніхто нічога не верне?

Яшчэ як яны ўмеюць вяртаць!

Пасля заключэння Рыжскай дамовы Савецкая Расія цягам сямі год вяртала Польшчы каштоўнасці, якія бальшавікі прызналі польскай спадчынай. І заадно ў чарговы раз абрабавалі Беларусь.

Дык вось і нагода – нейкая там саюзная дамова з Расіяй, правапераемніцай СССР. Нашы гістарычныя каштоўнасці не ствараліся ў працэсе савецкай вытворчасці. Яны з’яўляюцца ўласнасцю толькі беларускага народа. Дык чаму ж не скласці падрабязны рэестр усіх незаконна вывезеных у Расію нацыянальных каштоўнасцяў – ад крыжа Еўфрасінні Полацкай, Радзівілаўскага летапісу да апошняй манеты? І пачаць, у адпаведнасці з міжнароднымі нормамі, перамовы па ўсім спісе і па кожнай адзінцы асобна. Юрыдычнаму працэсу па вяртанні вывезеных скарбаў перашкаджае толькі адно: комплекс малодшага брата. Дакладней, чалядніка.

Такія мы бедныя! Такія няшчасныя… Вунь зрабілі муляж крыжа Еўфрасінні і радуемся, нібы дзіця. Нацыянальная наша святыня!..

У першыя гады незалежнасці не толькі Літву, але і ўсю былую імперыю ўсхвалявала навіна: у Вільні рэстаўратары Катэдры знайшлі неверагодна вялікі і каштоўны скарб. Нават папярэднія звесткі аб тым красамоўна сведчылі, што знаходка сенсацыйная.

Але сапраўднай сенсацыяй было тое, што знайшлі гэты скарб яшчэ ў савецкія часы. Адмыслоўцы, ацаніўшы яго гістарычную і мастацкую вартасць, цудоўна разумелі, што ў адпаведнасці з непахіснай традыцыяй усё гэта стане ўласнасцю ненажэрнага “старэйшага брата”. А таму знойдзенае сховішча замуравалі зноў. Да лепшых часоў. З надзеяй на будучую незалежнасць.

Не ў тыя далёкія часы, а ўжо ў лютым 1991 года, выехаў з Менску сакрэтны канвой. Дарога ў Маскву была ўжо небяспечнай, і міліцыянты моцна рызыкавалі. Бо везлі яны немалыя каштоўнасці – 29 залатых манет. Савецкі Саюз дажываў апошнія месяцы.

І тутэйшыя спяшаліся выслужыцца.

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях