Віктар Івашкевіч: Сэнс удзелу ў выбарах, калі на іх магчыма перамагчы (відэа)
3- 25.01.2008, 14:41
«Сэнс удзелу ў любых выбарах існуе толькі тады, калі на іх магчыма перамагчы. А ў беларускіх варунках перамагчы магчыма толькі, калі ўлада выканае 12 умоваў Еўразвязу. Таму кампанія “Еўрапейская Беларусь” – гэта есць падрыхтоўка да выбараў у сэнсе дамагання рэальных ўмоваў свабодных выбараў і вызвалення ўсіх палітвязняў», - заявіў адзін з лідэраў партыі БНФ Віктар Івашкевіч, камэнтуючы адносіны кампаніі “Еўрапейская Беларусь” да ўдзелу ў парламентскіх выбарах.
Па словах палітыка, ідучы на выбары дэмакратычныя сілы павінны прапанаваць выбаршчыкам нейкае пасланне. Як мяркуе Івашкевіч, праграмма далучэння Беларусі да Еўропы, якую прапаноўвае кампанія “Еўрапейская Беларусь” – гэта вельмі выразнае пасланне, ясная пазіцыя ў адрозненні ад пазіцыі ўладаў на самаізаляцыю.
“Калі ўлады не пойдуць на дэмакратызацыю краіны, калі будуць рыхтаваць замест сапраўдных выбараў выбарчы фарс, наш народны рэфэрэндум, які будзе адбывацца ў розных формах: у выглядзе мітынгаў, збору подпісаў, публікацый у прэсе, будзе альтэрнатывай гэтаму выбарчаму фарсу”, - падкрэсліў Віктар Івашкевіч.
24 студзеня ў Менску было абвешчана пра пачатак агульнанацыянальнай грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь». Галоўнай мэтай кампаніі яе ініцыятары лічаць забеспячэнне незалежнасці і паспяховага развіцця краіны, што магчыма толькі шляхам інтэграцыі Беларусі ў Еўразвяз.