Итог Минского форума: «Если не будет прогресса, санкции ЕС вернутся»
3- 15.11.2008, 17:46
В Минске завершился форум «Соседство и безопасность: перспективы Беларуси в Европе». Европейцы недовольны политической ситуацией в Беларуси.
Прадстаўнік беларускага міністэрства замежных спраў Дзяніс Сідарэнка падчас выступу на форуме выказаўся за працяг дыялёгу паміж Эўразьвязам і Беларусьсю. Але трэба, маўляў, зьвяртаць увагу “на чаканьні, а не на ўмовы, патрабаваньні і ўльтыматумы”. Ён выказаўся за вырашэньне візавага пытаньня для грамадзянаў Беларусі. А таксама стварэньне юрыдычнай базы стасункаў з Эўразьвязам:
“Мы бачым, як распрацоўваецца новае пакаленьне пагадненьняў паміж ЭЗ і Ўкраінай, ЭЗ і Расеяй. Ці павінны мы вяртацца да пагадненьня аб супрацоўніцтве і партнэрстве, якое так і не ўступіла ў сілу, і распрацоўвалася ў сярэдзіне 90-х? Ці патрэбна новая дамова? Давайце разам думаць. Але калі мы будзем распрацоўваць новае пагадненьне, то гэта трэба пачынаць рабіць сёньня”, -- заявіў чыноўнік.
Прадстаўнікі нямецкага міністэрства замежных справаў адзначылі, што чакаюць ад Менску канкрэтных крокаў у накірунку дэмакратыі і правоў чалавека. Калі пазытыўныя сыгналы з боку афіцыйнага Менску матэрыялізуюцца ў канкрэтныя крокі, то ёсьць шанец на тое, што пачнецца новая фаза ў стасунках паміж Эўропай і Беларусьсю. Кіраўнік аддзелу Расеі, Беларусі і Малдовы нямецкага МЗС Эрнст Райхель адзначыў, што патрабаваньні Эўразьвязу — “у інтарэсах беларускага народа”.
У інтэрвію “Радыё Свабода” нямецкі дэпутат Міхаэль Лінк заявіў, што Нямеччына ёсьць адвакатам Беларусі ў Эўразьвязе, але не Лукашэнкі. Падводзячы вынікі першага месяцу пасьля прыпыненьня санкцый, спадар Лінк адзначыў, што пакуль вельмі многа плянаў, але вельмі мала вынікаў. Бо рэформа — гэта не рыторыка, а дзеяньне. Спадар Лінк адзначыў, што эўрапейцы незадаволеныя палітычнай сытуацыяй у Беларусі.
Ці вернецца Эўразьвяз да палітыкі санкцый празь пяць месяцаў?
“Гэта вельмі небясьпечна, калі спачатку робіш санкцыі, а потым здымаеш з-за палітычных прычын. Цяпер Эўразьвяз адчыніў дзьверы для Лукашэнкі і сказаў, калі праз 6 месяцаў ня будзе прагрэсу, санкцыі вернуцца. Як яны будуць выглядаць, я ня ведаю. Але я чакаю ад Эўразьвязу, што ён будзе настойваць на сапраўдных дэмакратычных рэформах у Беларусі. Так званыя парлямэнцкія выбары не былі крокам у добрым кірунку”, -- заявіў Міхаэль Лінк.
На пытаньне, ці будзе Эўропа каардынаваць з ЗША свае крокі адносна Беларусі, спадар Лінк сказаў, што цяпер мала канкрэтнай каардынацыі, бо спачатку Эўразьвяз павінен гаварыць адным голасам:
“Вы самі ведаеце, што гэта не заўсёды лёгка: Нямеччына гаворыць адно, Францыя другое, Польшча трэцяе і так далей. Мы ўжо вельмі задаволеныя, што змаглі каардынаваць самі сябе. І потым з новым прэзыдэнтам ЗША будзе значна лягчэй каардынаваць палітыку, чым з ранейшым. І тут ёсьць пэрспэктывы для Беларусі, бо старая амэрыканская адміністрацыя ў прынцыпе не была гатовая для новых перамоваў зь Беларусьсю”, -- заявіў еўрапейскі палітык.
Чакалася, што ўдзел у форуме возьме начальнік палітаддзелу генэральнага сакратара рады Эўразьвязу Хэльга Шмід. Аднак замест Менску яна паехала на саміт Эўразьвяз — Расея. Старшыня форуму доктар Райнэр Лінднэр адзначыў, што Эўропа чакае ад беларускіх уладаў канкрэтных крокаў:
“Як мага хутчэй выканаць 12 пунктаў, якія дагэтуль застаюцца ў сіле. І з боку Эўразьвязу мы чакаем канкрэтных крокаў. Напрыклад, спрашчэньне візавага рэжыму, якое мы хутка чакаем. І ад форуму таксама будзе накіравана заява ў бок Эўразьвязу, каб менавіта гэта пытаньне вырашылася хутчэй”, -- заявіў старшыня Менскага форума.