Франака Вечорку в военкомат везли на «Лексусе» службы безопасности президента
- 11.06.2008, 10:09
Три месяца назад председателя культурной комиссии партии БНФ Франака Вечорку незаконно отчислили с факультета журналистики БГУ, а сейчас власти хотят призвать его в армию.
У інтэрвію “Радыё Свабода” Франак Вячорка распавёў, што ён ня супраць службы ў войску, але Радзіме служыць можна і іншымі справамі.
.
- У Вас была мэдкамісіся ў ваенкамаце. Што Вам там сказалі?
- Сёньня я быў на мэдычнай камісіі ў ваенкамаце Савецкага раёну Менску. Там пануе хаос, зьмяніўся ваенком, і ўсе дактары ў разгубленасьці. Я прыйшоў, мяне адразу сустрэлі, без чаргі правялі, ўзялі картачку, ўсё выдалі і сказалі, што яны мяне вельмі даўно чакалі. Я прайшоў усіх дактароў, вельмі хутка, мне паўсюль паставілі традыцыйнае Г1, значыць "годны" баз усялякіх там дадаткаў, і я ўжо пачаў хвалявацца, што тут жа мяне напэўна забяруць у частку. Але не, знайшліся дактары, якія мне яшчэ прапісалі абсьледаваньне.
- І калі яно будзе?
- Ужо заўтра я пайду ў адзін шпіталь правярацца па зроку, пасьля заўтра буду класьціся ў шпіталь, каб праверыць сэрца, ціск... Хапае бедаў, хапае хваробаў, каб не служыць у гэтым войску. Прынамсі, служыць можна іншымі справамі, іншымі ўчынкамі.
- Тры месяцы таму Вас адлічылі з факультэту журналістыкі БДУ. З таго часу ці спрабавалі Вы неяк абскардзіць адлічэньне і аднавіцца на вучобе?
- Мяне адлічылі загадам 18 лютага праз пару дзён пасьля прыезду на журфак Аляксандра Лукашэнкі, адлічылі беспардонна, па-хамску і досыць подла, нягледзячы на тое, што я добра вучыўся. Я ж падаў адразу скаргі на імя міністра, падаў у суд. Суд ужо прызначыў судзьдзю па маёй справе, і я спадзяюся, што неўзабаве пачнецца разгляд маёй справы. Прынамсі ў выпадку, калі мяне будуць прызываць у войска, я буду настойваць на адтэрміноўцы з тае прычыны, што яшчэ не разгледжаная мая скарга на рашэньне аб маім адлічэньні.
- Вы ведаеце, што са Зьмітром Жалезьнічэнкам была такая ж самая сытуацыя, яго прызвалі не разглядзеўшы скаргу на адлічэньне з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Калі будзе такая ж самая сытуацыя, як з адлічэньнем Жалезьнічэнкі, як Вы будзеце дзейнічаць?
- Мы з Жалезьнічэнкам паплечнікі. На дзіва, блізкія, з падобнымі сытуацыямі, мы зь ім мусім праломліваць гэтую сыстэму, мусім ламаць гэтую закасьцянелую дзедаўшчыну, гэтую досыць хамскую ўладу і стаўленьне ў боку дробных чыноўнікаў, што тычыцца і войска... Але я Вам скажу, што нават сёньня, калі я быў у ваенкамаце, я адчуў, што можна перарабляць гэтую сыстэму, можна яе патрошку ламаць. Напрыклад, калі я зайшоў да хірургаў -- адзін быў мужчына, другая -- жанчына, а калі выходзіў, дык ужо хірург крычаў на хірургіцу: "Ты, маскалька, што не даеш яму па-беларуску гаварыць, прыехала сюды і ўказваеш". Умоўна кажучы, у хірурга прачнулася адчуваньне патрыятызму і любові да роднай мовы. І калі пачалася дыскусія, на якой мове мне размаўляць, то хірург стаў на мой бок. І быў яшчэ цікавы факт з псыхіятарам, таксама я спрабаваў яго схіліць на наш бок і ўвайсьці ў маю сытуацыю. Я яму паказаў вельмі яскравую, сакавітую характарыстыку на маю асобу ад старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага. У адказ на што ён сказаў: “Ай, годзен...” Я кажу: “Пачытайце ўважліва, я ж у турме сядзеў некалькі разоў, апошні раз у студзені, і раздражнёны я часта”. Ён кажа: “А хто ў Вас у БНФ у турме ня сядзеў, усе сядзелі”, -- і паставіў мне “годны”. Апроч такіх сьмешных фактаў уражаньне досыць добрае, працуюць там людзі , а не зьвяры.
- Апошнім часам супрацоўнікі ваенкаматаў пачалі тэлефанаваць бацькам дзяцей, якія вучацца ў Польшчы па праграме Каліноўскага, каб тыя паведамілі, калі з вучобы дзеці вернуцца на вакацыі. Больш за 30 апазыцыйным актывістам у рэгіёнах тэлефанавалі таксама і выклікалі на мэдкамісіі. Прадстаўнікі ўлады кажуць, што ня робяць ніякай розьніцы паміж маладымі апазыцыянэрамі і звычайнымі маладымі людзьмі, маўляў, патрабаваньні да ўсіх аднолькавыя. Можа, сапраўды так, няма ніякай розьніцы, і гэта стандартная працэдура, няважна, апазыцыянэр ці не апазыцыянэр?
- Гэта, мякка кажучы, дэмагогія. Ёсьць розьніца, і да ўсіх дэмакратычных актывістаў надзвычай пільнае стаўленьне, што тычыцца вучобы, напрыклад. Ні ў якім разе нельга прапускаць вучобу, нельга атрымліваць кепскія адзнакі, каб не даваць падставаў, якія можна выкарыстаць супраць цябе. У выпадку з войскам тое самае. Калі мяне затрымлівалі і везьлі ў ваенкамат на службовым "Лексусе" службы бясьпекі прэзыдэнта, то гэта як нішто іншае сьведчыць пра тое, што стаўленьне да нас надзвычай пільнае, надзвычай асаблівае. Я думаю, што гэта ўсё зьявілася, паўстала пасьля выступу Лукашэнкі з зваротам да беларускага народу, калі ён сказаў праверыць, ці служылі гэтыя апазыцыянэры ў войску? Чыноўнікі ўзяліся за працу і пачалі правяраць і пачалі нас цкаваць гэтым войскам і гэтымі ваенкаматамі, што па сутнасьці ёсьць вялікім прыніжэньнем.
- Гэтыя людзі са службы бясьпекі прэзыдэнта паказалі вам свае дакумэнты?
- Якія дакумэнты? Гэта лапы і хвост -- іхнія дакумэнты. Вялікія бугаі ў белых гарнітурах з залатымі запанкамі, бліскучымі гальштукамі з шыкоўным "Лексусам", якія паводзяць сябе гаспадарамі, якія прынамсі самі на ланцугу ў гаспадара галоўнага ў гэтай краіне. Прынамсі мне пасьля сказалі, што яны са службы бясьпекі. У нас, як прыйдзем да ўлады, будзе прафэсійнае войска, уступім мы ў НАТО, у нас будзе добрае абмундзіраваньне, з добрымі танкамі, авіятэхнікай, з добрымі нават ботамі, а не гэтымі кірзавымі 60-га году вырабу. І тады ў нас будзе годнае войска, за якое ня сорамна, як зараз у Літве. Тады ня будзе паўставаць пытаньне прымусовага прыводу да ваенкамата. Людзі будуць самі прыходзіць, і для іх гэта будзе ганаровым абавязкам, а пакуль гэта проста прыніжэньне.
- Вы думаеце, што як толькі Беларусь уступіць у НАТО, дык адразу людзі пабягуць запісвацца ў войска?
- Я думаю, што пакуль Беларусь уступіць у НАТО, у нас людзі пачнуць па-іншаму жыць і па-іншаму ставіцца да жыцьця.
- Франак, ваш удзел у палітыцы выклікае часам даволі недобразычлівую крытыку ў сувязі з тым, што ваш бацька Вінцук Вячорка ў свой час узначальваў Партыю БНФ – даводзілася чытаць на інтэрнэт-форумах выказваньні, што маўляў, як Лукашэнка цягне сваіх дзяцей ва ўладу, гэта і Вячоркі ствараюць палітычную дынастыю.
- Цяжка тут пярэчыць альбо абвергнуць. Проста ў нас з дзецьмі Лукашэнкі розныя дарогі. Іх дарога пасыпаная раскошай, дыямэнтамі цынізму, яшчэ лукашэнкавага цынізму. Мая дарога ў палітыцы ляжыць праз Акрэсьціна, праз суды, праз адлічэньні і нават праз прызыў у войска. Тое, што не давядзецца перажыць Віктару Лукашэнку...
- Дзеля справядлівасьці варта сказаць, што Віктар Лукашэнка служыў у войску.
- Можа гэта ягоны адзіны плюс. Гэтыя людзі не ідуць у палітыку, гэтыя людзі цягнуцца за вушы. Яны як саламяныя лялькі, як толькі Лукашэнкі ня будзе ў палітыцы, іх ў паміне ня будзе. А я, калі выбраў сабе гэтую дарогу, выбраў сабе гэты шлях, то я іду туды надоўга.
- Вы атрымалі пасаду старшыні культурніцкай камісіі Партыі БНФ без судзеяньня бацькі?
- Вядома. Я ў фронце з 13 гадоў, я на ўправе штодня праводжу болей часу, чым нават сакратары Партыі БНФ -- ад раніцы да зьмярканьня сяджу. І з маімі сябрамі, паплечнікамі па “Моладзі БНФ”, па Партыі БНФ працую, нешта выдумляю, нешта робім, дзейнічаем. І мяне ніколі не грызла сумленьне, гэтак сама як і не грызла сумленьне ў ліцэі. Я лічу, што я годна раблю сваю справу, і культурніцкая камісія мне толькі ў гэтым спрыяе. Прытым я толькі атрымаў яе з рук Аляксея Марачкіна, несумненнага аўтарытэта для мяне. І вельмі цешуся, што мне ўдалося пераняць ягоную працу.