4 мая 2024, суббота, 6:50
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларусы для Расеі -- «грамадзяне» Паўднёвай Асеціі

6
Беларусы для Расеі -- «грамадзяне» Паўднёвай Асеціі

Рэха міратворчага танкавага шпацыру ў напрамку Тбілісі скаланула свет. Старанна падрыхтаваны і бяздарна пастаўлены спектакль з трэскам праваліўся. Расійская меладрама пра абарону слабых і пакрыўджаных перарасла ў крывавы фарс. А да пастаноўшчыка нечакана прычапілася слова “акупант”.

У гэтыя некалькі дзён шмат хто нарэшце зразумеў, кім насамрэч з’яўляецца Расія. Краіны Еўропы зрабілі на гэты конт адпаведныя высновы. Польшча паспяшалася пагадзіцца на размяшчэнне на сваёй тэрыторыі элементаў амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны. Лакальны, здавалася б, канфлікт так ці інакш закранае ўсіх. Невядома толькі, ці зразумела тое Беларусь. Калі не, то бліжэйшыя яе перспектывы даволі незайздросныя. Апантанае жаданне расійскага кіраўніцтва каго-небудзь абараніць часу непадуладнае. Межаў не ведае. І выяўляецца заўсёды надзіва аднастайна. У выглядзе імклівага танкавага маршу. Калісьці братняя бронетэхніка абараніла Будапешт ад пагрозы дэмакратыі. Потым Прагу ад дысідэнтаў. Тэлебачанне ў Вільні – невядома ад каго. Цяпер вось узнік яшчэ адзін напрамак братняй дапамогі. Спатрэбілася тэрмінова абараніць інтарэсы новаспечаных расійскіх грамадзян у Паўднёвай Асеціі. Увайшлі. Абаранілі.

Але на тым чамусьці не спыніліся. І пайшлі сабе ў напрамку Тбілісі. Дзе, як вядома, прэзідэнт абраны быў без дазволу Расіі. А гэткія выбрыкі бліжэйшых суседзяў Масква не разумее і дараваць не можа. А таму абаронцы і вызваліцелі ўзялі Горы, Сенакі, Зугдзідзі, Поці. Захапілі Інгурскую ГЭС. Узарвалі мост на чыгунцы, якая Грузію злучае з Арменіяй. Але яны ўпарта называюць сябе міратворцамі. І патлумачыць не спяшаюцца, навошта ім у такім разе спатрэбіўся той няшчасны мост у Арменію. А тым больш гэты рэйд у глыбіню краіны, калі грузінская армія сама адышла да Тбілісі. І падпісана нават пагадненне аб спыненні агню.

Вайскоўцы не разважаюць. Яны выконваюць загад. І за свае подзвігі атрымліваюць адпаведныя ўзнагароды. Журналісты, асабліва заходнія, наздымалі шмат сведчанняў тых подзвігаў расійскіх вызваліцеляў на грузінскай зямлі. І пра тое, як рабуюць яны крамы на захопленай тэрыторыі. Як самалёты вядуць прыцэльнае бамбаванне жылых кварталаў у Горы. Але асабліва ўражвае шэраговы, непрыкметны эпізод на падкантрольнай расійцам дарозе. Вайсковы патруль спыніў для дагляду цывільныя машыны. Рэпарцёр ўбачыў у аднаго з салдат залатую лыжку, якая нахабна тырчэла з кішэні. “Ты дзе яе ўзяў?” – настойліва дапытваўся ён у салдата. Падбег афіцэр. Але гнеў ягоны абрынуўся не на салдата, які так недарэчна выставіў перад аб’ектывам трафей. Журналістаў пагнаў ён прэч. Ім яшчэ пашанцавала. Маглі расстраляць. Людзі ў камуфляжы не любяць, калі хтосьці здымае не тое.

Захад упарта рамантызуе Расію. Вельмі ўжо хочацца пабачыць і там дэмакратыю еўрапейскага кшталту. Да таго ж Расія, як бы там ні было, - гэта Леў Талстой, Чэхаў, Дастаеўскі. Загадкавая славянская душа. Толькі забыліся добразычліўцы, што тую Расію ў семнаццатым пьяныя матросы згвалцілі і расстралялі. А сённяшняя – простая, як тэлеграфны слуп. Уся ўлада – чэкістам. Закон “по понятиям”. І бязмежная нянавісць да ўсіх, хто не хоча ад яе залежаць. Не выпадкова на ўсеагульным апытанні пра тое, якая гістарычная постаць сёння можа быць нацыянальным сімвалам краіны, паразумеліся раптам ўсе. Не Леў Талстой. Не Пушкін. І нават не бязмежна любімы Пётр Першы. Сталін!.. Не варта валіць усё на вінаваты ў розных грахах Крэмль. “Народ и партия – едины”. Магчыма, як ніколі.

Захад напэўна пасля гэтай вайны паціху даспее. Стабільнасцю газавай трубы вядома ж не ахвяруе. Але пэўныя высновы, для Расіі надзвычай непрыемныя, з вайсковай авантуры будуць непазбежна.

А што ж Беларусь?

Расійскі амбасадар у Мінску Аляксандр Сурыкаў выказаў непрыхаванне абурэнне з тае нагоды, што тутэйшае кіраўніцтва не прадэкляравала выразна гарачую падтрымку візіту бронетанкавых калон у Грузію. І дадаў недвухсэнсоўна: “Граждане, попавшие в Южной Осетии под геноцид, форменно говоря, и граждане Беларуси”. Вось так – шчыра, проста, зразумела. Калі асеціны – грамадзяне Беларусі, то беларусы, “форменно говоря”, - грамадзяне Паўднёвай Асеціі. А тутэйшы надзвычай грозны начальнік у разуменні расійскага кіраўніцтва нічым не адрозны ад сціплых таварышаў Какойты і Багапша. Рана ці позна, Расія захоча і беларусаў надзейна “абараніць”. А ўжо ад каго – зусім не істотна.

Экзатычныя думкі выказаў не які-небудзь легкадумны аглядальнік або заштатны патрыёт. Дыпламат зазвычай выказвае пазіцыю урада, які яго накіраваў. Ён ведае, што гаворыць. Саюзная дамова з імперскай Расіяй - зусім не жарты.

Малая каўказская вайна яшчэ не скончана. І невядома, куды там усё павернецца. Але ўжо цяпер яна засведчыла той факт, што здаваць у архіў імперскую ідэю Расія не збіраецца. А ў дыялогу з незгаворлівымі, упартымі суседзямі яна заўсёды можа скарыстаць самы пераканаўчы аргумент.

Тым болей, што залатая лыжка ёсць пакуль не ў кожнага салдата.

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях