23 декабря 2024, понедельник, 11:18
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Наста Шпакоўская: Было б няшчыра сьпяваць пра тое, як усё зашыбісь

6

Вакалістка гурта Naka верыць ў тое, што мы невыпадкова нарадзіліся менавіта на гэтай зямлі.

Лідар гурта Naka Наста Шпакоўская на беларускай рок-сцэне заўжды трымалася асабняком. Яе песьні не назавеш фарматнымі, хоць нешта зь яе рэпертуару магло б гучаць на радыё. Творы Naka, асабліва напісаныя ў апошні час, хутчэй можна назваць нязручнымі, бо Наста піша пад уплывам ад тых падзеяў, якія адбываюцца наўкол. Асобам, якім ёсьць што сказаць, у Беларусі даводзіцца ня вельмі салодка. Вось і гурт Шпакоўскай пэўны час быў у стане «ідэалягічнай замарозкі» і пад сваёй назвай канцэрты даваць ня меў магчымасьці. Трэці студыйны альбом, які называецца «Довольна» музыкі ўсё ж прадставілі ў Менску. Яго прэм’ера адбудзецца таксама ў Кіеве і Маскве. Неўзабаве пасьля выхаду новай праграмы, Наста адказала на пытаньні сайту charter97.org.

- Відэа на загалоўны трэк з вашага альбому «Довольна» суправаджае даволі таямнічае прысьвячэньне – ліванскаму філёзафу Талебу ды амэрыканскаму кінарэжысэру Аранофскі. З чаго гэта раптам?

- Гэтыя людзі ў той ці іншай ступені зьвязаныя з балетам і вобразам балерыны. Каб быў іншы пасыл, то не было б палёту для фантазіі. Мы абралі гэты трэк за загалоўны, бо ён самы пазытыўны ў творчасьці гурта. Кліп зьнялі менавіта на яго, бо падаецца, што ў пэрыяд усеагульнага росквіту і радасьці абсалютна лягічна пра гэта сьпяваць.

- Калі слухаеш твае песьні і чытаеш, каму і чаму яны прысьвечаны, то складваецца такое ўражаньне, што табе да ўсяго ёсьць справа. Цябе сапраўды клапоціць лёс рэвалюцыянераў з Кот’д’Івуара, і ты праўда сымпатызуеш расейскай апазіцыі, што прысьвячаеш ім свае творы?

- Я бы не прывязвалася тут да канкрэтнай тэрыторыі. І я не намагаюся вырашыць нейкія праблемы. Я намагаюся сказаць, што людзі, ня важна да якой нацыі прыналежныя, сталі ў большасьці сваёй зомбі. Мы не знаходзім у сабе сілы і мужнасьці называць рэчы сваімі імёнамі і адэкватна рэагаваць на тое, што вакол нас адбываецца. Важна, каб людзі паўсюль заставаліся людзьмі і максымальна шчыра ацэньвалі сябе і тое, што адбываецца наўкол.

- Кожны сольны канцэрт Naka суправаджае дабрачынная акцыя. Адчуваеш рэальны плён ад гэтай дзейнасьці?

- Манэтызацыя нашай творчасьці на сёньня выглядае сумнеўнай, але я рада, што пры гэтым мы можам дапамагчы тым, хто сапраўды мае ў гэтым патрэбу. Мы супрацоўнічаем з арганізацыяй «Чарнобыльскі бусел», езьдзім у дзіцячыя дамы ды дапамагаем канкрэтнымі рэчамі. Падчас апошняга свайго канцэрту, напрыклад, сабралі 3,5 мільёны рублёў, якія пойдуць на тое, каб набыць сланцы для дзетак з Бегомльскага інтэрнату. Ня думала, па-шчырасьці, што ў нас атрымаецца сабраць такую суму.

- Расейскамоўныя музыканты зь Беларусі часта кажуць, што па-беларуску ім ня хочацца пісаць, бо гэта будзе няшчыра, бо ня думаюць яны на гэтай мове. А табе па-беларуску лёгка пішацца?

- Зусім нядаўна імгненна напісалася новая песьня, якая называецца «Чакаем», ажно сама ўразілася таму, што магу напісаць такі сур’ёзны, неадназначны і шматслойны тэкст. Зь некаторымі людзьмі я намагаюся размаўляць па-беларуску, і ў мяне няма ніякага табу на мову. Я нарадзілася ў Менску, мае карані ў Беларусі і Польшчы, я тутэйшая, таму ў мяне няма праблемаў і комплексаў на гэты конт.

- Гэта значыць ты можаш назваць сябе патрыёткай?

- Тут не зусім ясна, якое значэньне гэтае слова мае ў тых абставінах, у якіх мы знаходзімся. Калі бярэцца палітычны падтэкст, то не магу сябе так назваць. Калі ж вядзецца пра прагу да свабоды, справядлівасьці ды любові, то так, я патрыётка.

- Ты неяк сказала, што не хацела б, каб твае дзеці жылі ў гэтай краіне.

- Я казала, што не хачу, каб мае дзеці жылі ў такой краіне, гэта розныя рэчы. Мне хочацца, каб мае дзеці мелі свабоду выбара, магчымасьці для рэалізацыі і шанец праявіць сябе ў поўнай ступені. Хоць я разумею яшчэ і тое, што тыя перашкоды, якія здараюцца тут, спрыяюць фармаваньню іншых якасьцяў. Магчыма, калі б яны жылі ў іншых матэрыяльных і духоўных умовах, яны б мелі шанец зрабіць больш, чым мы. Але я так не сьцвярджаю, бо можна паехаць у Англію мыць посуд ды звар’яцець праз паўгады, а можна жыць тут, сутыкацца зь перашкодамі, незапатрабаванасьцю і нерэалізаванасьцю, але пры гэтым станавіцца мацней. Я веру ў тое, што мы нарадзіліся невыпадкова менавіта на гэтай зямлі.

- Чалавек ва ўмовах несвабоды можа адчуваць сябе свабодным, па-твойму?

- Свабода – пытаньне духоўнае, унутранае. І кожны сам для сябе стварае тую свабоду, якой ён варты. У мяне раней быў такі ваяўнічы досыць настрой, калі адчула ўвесь абсурд і цынізм таго, што адбываецца. Падумала, што трэба нешта з гэтым рабіць, а потым капнула глыбей і прыйшла да высновы, што адказваць трэба пэрсанальна за сябе.

- Цябе шануюць найперш за адкрытасьць і эмацыйнасьць. Але давялося сустрэцца з меркаваньнем тых, хто не прымае тваю творчасьць. Цікава, што ты адкажаш на такія закіды. Па-першае, цябе вінавацяць у залішняй тэатральнасьці.

- Мяркую, калі б мая праца ў тэатры трымалася ў сакрэце, то ніхто б тады і не заўважыў нейкую «тэатральнасьць». З такім жа посьпехам гэта можна закінуць кожнаму, хто трошкі больш вядзе сьцягном на сцэне – Гаркушу, напрыклад, Мэрліну Мэнсану ці гурту «Мутнаевока». Да таго, як мяне сталі дакараць за тэатральнасьць, я ня думала, што гэта кепска. Калі я спачатку і хацела скарыстаць нейкія іншыя эфекты, то хутка зразумела, што найважнейшым ёсьць сутнасьць песень. Таму я факусую ўвагу найперш на тым, што я хачу сказаць. У мяне няма задачы весяліць ды забаўляць публіку.

- Занадта пэсымістычныя песьні – гэта яшчэ адзін з распаўсюджаных дакораў да цябе.

- Гэта справа ўспрыманьня. Сапраўды часам кажуць: блін, гэта так тужліва, у нас жыццё і так сумнае. Сьпявала б, маўляў, вясёлыя песьні, дык было б у мяне ўсё крута. Іншая справа, што ў адных мае сьпевы выклікаць смур, а другія кажуць, што бачаць у іх сьвет, яны змушаюць іх пераасэнсоўваць тое, што адбываецца ў жыцьці. Я разумею, што немагчыма спадабаецца ўсім. Хачу заставацца сумленнай перад самой сабой і казаць тое, што я адчуваю.

- Пры ўсім жаданьні не назавеш, скажам, песьню «Всех забрали» аптымістычнай.

- Канешне, мне пераважна сумна ад таго, як мы жывем, дзе мы жывем, што нас атачае. Было б няшчыра сьпяваць пра тое, як усё зашыбісь, давайце, маўляў, ня думаць ні пра што ды танчыць.  Ня мой фармат мысленьня. Калі ўсе будуць сьпяваць пра тое, як усё выдатна, то гэта будзе падмена рэчаіснасьці.

- Якія ты сама для сябе вынесла ўрокі за гэтыя амаль 10 год на сцэне, і ці зразумела ты куды рухацца далей?

- Я зразумела, што ня мушу працаваць на пэўны вынік, а проста атрымліваць задавальненьне ды рэалізоўвацца ў працэсе. Я пазбавілася ад вялікай колькасьці ілюзій, і гэта здорава. Цяпер я разумею, што нават калі гэта мала каму патрэбна, я не павінна спыняцца.

Размаўляў Сяргей Будкін, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 6

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях