24 декабря 2024, вторник, 2:39
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Беларускія гісторыкі пра заяву Леаніда Рашэтнікава: фальсыфікат і глупства

18
Беларускія гісторыкі пра заяву Леаніда Рашэтнікава: фальсыфікат і глупства
Статут ВКЛ на беларускай мове

Гісторыкі патлумачылі расейскаму шавіністу, калі з’явілася беларуская мова.

Дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Леанід Рашэтнікаў заявіў, што «беларуская мова была створаная пастановай пасяджэньня аргбюро ЦК ВКП(б)». Пры гэтым ён спаслаўся на расейскую газэту «Правда» за 1926 год, паведамляе "Радыё Свабода".

Газэта «Мужыцкая праўда», 1862 год

Аднак беларускія гісторыкі, якія вывучаюць адпаведны пэрыяд, заявілі, што Леанід Рашэтнікаў займаецца фальсыфікацыяй, бо такой пастановы не існавала.

Гісторык, кандыдат навук Уладзімер Ляхоўскі назваў заяву Рашэтнікава глупствам.

«Узгадаем тыя акты савецкай улады, якія прызнавалі беларускую мову за афіцыйную мову так званай Літоўска-Беларускай ССР у 1919 годзе. І згадаем першае абвяшчэньне БССР, там таксама беларуская мова лічыцца мовай дзяржаўнай. Можа ён меў на ўвазе менскую Акадэмічную канфэрэнцыю 1926 году? Але там была толькі канстатацыя патрэбы прадоўжыць урэгуляваньне правапісу і падобнае. Таму сказанае — абсалютнае глупства, чалавек недасьведчаны, гэта проста палітычны піяр. Да навукі і да ісьціны гэта ня мае ніякага дачыненьня».

Уладзімер Ляхоўскі сказаў, што ня ведае такога дакумэнту, пра які кажа дырэктар расейскага інстытуту.

«І на такія рэчы трэба менш зьвяртаць увагі», — раіць Ляхоўскі.

Кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская кажа, што дакумэнт, пра які кажа Рашэтнікаў, ёй ніколі не трапляўся.

«Калі ён мае на ўвазе „беларусізацыю“, то яна пачалася раней, з 1924 году. Яна пачалася зьверху і даволі імкліва разьвівалася. Тым больш што кіраваў рэспублікай на той момант нацыянал-камуніст Алесь Чарвякоў. А што тычыцца гэтай „пастановы“, то для мяне проста дзіўна: ён падае фармулёўкі, якіх не магло быць у прынцыпе. Я думаю, што гэта нейкая прыдуманая паперка. Такога дакумэнту не існуе. У кіраўніцтве ў 1926 годзе было шмат нацыянальна арыентаваных людзей. І раптам яны маглі выдаць такі дакумэнт. У тых умовах гэта было немагчыма. Гэта нейкі фальсыфікат».

Паводле старшыні Таварыства беларускай мовы Алега Трусава, усё, што кажа Рашэтнікаў, «гэта лухта і ня варта займацца гэтым барахлом».

«Я ведаю адно, што ў расейскім перапісе 1897 году беларуская мова як мова народаў Расеі стаяла, і запісалася 6 мільёнаў чалавек. Няхай глядзіць расейскія кніжкі і ня дурыць нам галавы, няхай возьмуць перапіс 1897 году ў Расейскай імпэрыі. Нават шляхта запісалася, што родная мова беларуская. Уся Смаленская губэрня запісалася, што па-беларуску гаворыць. І толькі чатыры паветы напісалі, што на „вялікарускім нарэчыі“ гавораць».

Прафэсар лінгвістыкі Генадзь Цыхун: беларуская мова існуе шмат стагодзьдзяў

Насамрэч у лістападзе 1926 году ў Менску была праведзена Акадэмічная канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Яе падрыхтоўка і ход сапраўды былі пад кантролем ЦК ВКП(б). Яно і прымала пастанову пра правядзеньне канфэрэнцыі. Там было шмат замежных гасьцей, напрыклад, латыскі паэт Яніс Райніс. Але канфэрэнцыя мову, вядома, не «стварала» — яна займалася рэформай правапісу і альфабэту.

На момант правядзеньня канфэрэнцыі 1926 году толькі традыцыя беларускамоўнага пэрыядычнага друку налічвала 65 гадоў, а літаратура на беларускай мове існавала ўжо шмат стагодзьдзяў. Напрыклад клясычны рыцарскі гатычны раман «Трышчан і Іжота» быў перакладзены на беларускую мову ў XVI стагодзьдзі.

Cусьветнавядомамы беларускi лінгвіст, прафэсар Генадзь Цыхун пракамэнтаваў выказваньні расейскіх аналітыкаў.

- Генадзь Апанасавіч, ці існуе самастойны беларускі народ?

- Вядома існуе. Гэта навуковы факт.

- Сёньня высокапастаўлены расейскі аналітык заявіў, што беларуская мова была створана пастановай ЦК ВКП(б) ад 1926 году. Як бы вы маглі гэта пракамэнтаваць?

- Я не магу камэнтаваць такія ненавуковыя выказваньні. Гэта ніжэй майго навуковага гонару.

- Дык як лінгвіст, прафэсар Генадзь Цыхун адказаў бы на пытаньне, ці існуе самастойная беларуская мова?

- Натуральна, існуе і існавала, як і ўсе астатнія славянскія мовы. Проста так выпадкова ніхто ня можа сказаць, што, вось, гэтая мова існуе, а гэтая — не існуе. Беларуская мова існуе з часу, калі праславянская мова разышлася і стварыліся асобныя мовы. Тут ніякіх пытаньняў ня можа быць. Так адбывалася з усімі мовамі. Гэта бясспрэчны факт, што беларуская мова існуе. Іншая справа ў якіх гістарычных абставінах ёй даводзіцца існаваць. Гэта ўжо іншая справа.

- А як лінгвістыка адказвае на пытаньне, як даўно існуе беларуская мова?

- На гэтае пытаньне розныя лінгвісты адказваюць па-рознаму. Некаторыя лічаць, што на ўсходзе славянскага арэалу, быццам бы, пэўны час існавала старажытнаруская ці агульнаруская мова. Але ня ўсе лінгвісты прытрымліваюцца гэтай думкі, таму што ў паўднёвых славян не было такой агульнай мовы, у заходніх таксама не было. Іншая справа, што племянныя мовы на ўсходзе маглі разысьціся пазьней. Але гэта неістотна. Некаторыя беларускія лінгвісты, напрыклад, Воўк-Левановіч, казалі, што быццам бы існавала гэтая ўсходнеславянская моўная супольнасьць, зь якой потым атрымаліся руская, беларуская і ўкраінская мовы, але даказаць гэта нейкімі навуковымі аргумэнтамі цяжка. А я думаю, што беларуская мова існуе з таго самага часу, як і ўсе астатнія славянскія мовы, якія паступова разышліся ад агульнай праславянскай мовы.

- Дык колькі стагодзьдзяў ужо існуе наша мова?

- Ну колькі менавіта стагодзьдзяў — цяжка сказаць, але можна лічыць, што ў VI-VII стагодзьдзях нашай эры яшчэ існавала праславянская моўная супольнасьць. Але ўжо і тады ў розных канцах славянскага сьвету пачалі фармавацца некаторыя фанэтычныя рысы і сам разьдзел пачаўся.

Ну а тыя, хто лічыць, што існавала ўсходнеславянская моўная супольнасьць, кажуць, што разыходжаньне яе пачалося ў ХІІ-ХІІІ стагодзьдзях. Але ўсё гэта ўмоўна, бо і тады існавалі мовы асобных племянных аб’яднаньняў, і яны задоўга да таго маглі існаваць.

Я не прытрымліваюся гэтага пункту гледжаньня і не лічу, што існавала ўсходнеславянская моўная супольнасьць, якая пазьней за іншыя распалася.

Написать комментарий 18

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях