8 марта 2021, понедельник, 12:23
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Я нарадзіўся, бо маю маці ўратаваў беларускі настаўнік

Я нарадзіўся, бо маю маці ўратаваў беларускі настаўнік
Барыс Хамайда
фота: racyja.com

Пранікнёны аповяд найстарэйшага віцебскага апазіцыянера.

27-га студзеня, паводле прапановы Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных нацый, адзначаецца Міжнародны Дзень памяці ахвяраў Халакосту.

27 студзеня 1945 году былі вызвалены вязні нацысцкага канцлагеру Асвенцым (або Аушвіц-Біркенау), які знаходзіўся на тэрыторыі сучаснай Польшчы. У лагеры смерці загінула незлічоная колькасць ахвяраў: гісторыкі называюць лічбы ад палутара да 4 мільёнаў чалавек, пераважная частка з іх былі габрэямі, перадае «Радыё Рацыя».

Для Беларусі тэма Халакосту мае выключнае значэнне, бо падчас мінулай вайны нацысты знішчылі тысячы жыхароў тутэйшых мястэчак.

Найстарэйшы віцебскі апазіцыянер Барыс Хамайда на ўсё жыццё запомніў аповед сваёй маці, якая нарадзілася ў мястэчку Калышкі Лёзненскага раёну.

10 ліпеня 1941 году мястэчка захапілі нямецкія войскі, а мясцовых габрэяў сагналі ў гета. Дзядулю Барыса Хамайды немцы забілі прыкладам аўтамата.

А бабуля з 17-гадовай дачкой апынуліся за крок да смерці ў дзень знішчэння Калышкаўскага гета17 сакавіка 1942 году, распавядае віцебскі актывіст:

– Маю маці пра карную аперацыю папярэдзіў нямецкі салдат. Мабыць, ён сімпатызаваў ёй, нават падараваў хустачку… Параіў уцякаць, але яна адмовілася пакідаць у гета сваю маці, маю бабулю. Калі насельнікаў гета пачалі зганяць на плошчу, маці закрычала, што яна не габрэйка – што прыехала з сям’ёй з Расеі. Наўрад ці хто б ёй паверыў, але насустрач ішоў настаўнік мясцовай школы, Аляксандр Васільевіч Кароткін.

Гледзячы карнікам у вочы, ён сказаў: «Так, яна сапраўды не габрэйка. Адпусціце дзяўчыну!».

Можна ўявіць, чым рызыкаваў настаўнік беларускай мовы, які выдатна ведаў, што маці завуць Рахіль, бо вучыў яе ў школе, і быў знаёмы з нашай сям’ёй! У маці былі светлыя валасы, немец паглядзеў і дазволіў ёй выйсці з калоны. Але яна бегла побач, прасіла адпусціць яшчэ й бабулю. Урэшце з калоны выштурхнулі і яе…

Атрымліваецца, праз 6 гадоў я нарадзіўся, дзякуючы беларускаму настаўніку. Пасля вайны ўжо 23–гадовая Рахіль выйшла замуж за Ханона Хамайду. Пакуль ён быў на фронце, ягоную першую сям’ю – жонку і траіх дзяцей – расстралялі ў Віцебскім гета…

Халакост у Беларусі яшчэ не дастаткова даследаваны, лічыць Барыс Хамайда. Дакладна не вядомая колькасць ахвяраў, не ўшанаваная належным чынам іх памяць. І нават тыя помнікі на месцах расстрэлаў, якія пачалі з’яўляцца ў 1950-я гады, дагэтуль хаваюць праўду: на большасці шыльдаў напісана пра «загубу савецкіх людзей», безыменных і пазбаўленых каранёў.

Даўно мінулі савецкія часы, адзначаныя антысемітызмам, але выглядае, што і ў сучаснай Беларусі мала што змянілася. Бо таталітарныя ўлады не дбаюць пра гістарычную памяць, кажа Барыс Хамайда.

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».