18 мая 2022, среда, 6:19
Сим сим, Хартия 97!
Рубрики

Замест Беларускай Народнай Рэспублікі маглі абвясціць Вялікае Княства Літоўскае

5
Замест Беларускай Народнай Рэспублікі маглі абвясціць Вялікае Княства Літоўскае

Малавядомыя факты пра аднаўленне беларускай незалежнасці.

Напярэдадні святкавання 104 годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ўзгадаем пра перадумовы гэтай падзеі і звернем увагу на малавядомыя факты. Ці ведалі вы, што замест БНР нашы продкі маглі прачнуцца ў ВКЛ?

Урад БНР 1918

Першая спроба пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і акупацыі Вялікага Княства Літоўскага Расеяй (у 1772—1795) аднавіць сваю дзяржаву была зробленая ў 1812 годзе, пасля ўрачыстага вітання французскіх войскаў у Вільні, Менску, Магілёве. 1 ліпеня 1812 быў створаны Часовы Урад ВКЛ. Нашыя землі афіцыйна называліся «вызваленымі ад расейскага прыгнёту». Напалеон Банапарт абвясціў пра аднаўленне ВКЛ са сталіцай у Вільні. Яно складалася з Гарадзенскай, Віленскай, Менскай губерняў і Беластоцкай вобласці. Старшынём Ураду стаў Станіслаў Солтан. Існуе меркаванне што Напалеон меў намер стварыць у Падняпроўі і Прыдзвінні яшчэ адну дзяржаву пад назваю Беларусь.

Мапа ВКЛ

Потым былі паўстанні 1831 і 1863 гадоў.

У студзені 1905, пасля растрэлу ў сталіцы імперыі працоўнай дэманстрацыі, пачалася першая рэвалюцыя. У Беларусі адбываліся буйныя сялянскія хваляванні, якія ў пэўных месцах (Чэрыкаўскі, Клімавіцкі, Горацкі паветы) пераўтвараліся ва ўзброяныя паўстанні. У буйных гарадах Беларусі адбыліся выступленні вайскоўцаў. У кастрычніку 1905 з’явіўся маніфэст Мікалая ІІ «Аб удасканаленні дзяржаўнага парадку».

У адказ на шырокую незадаволенасць маніфэстам расейскія ўлады справакавалі ў Беларусі цэлы шэраг чарнасоценных пагромаў (Чарнасоценцы — зборная назва прадстаўнікоў правых арганізацый у Расеі, якія выступалі пад лозунгамі манархізму, вялікадзяржаўнага шавінізму і антысемітызму), у некалькіх гарадах растралялі мітынгі.

На наступны дзень пасля публікацыі маніфэста трагічныя падзеі разгарнуліся ў Менску. Каля вакзала адбыўся 20-тысячны мітынг, які праходзіў пад заклікам утварэння дэмакратычнай рэспублікі. На загад менскага губернатара П. Курлова войскі адкрылі па мітынгоўцах агонь. Ахвярамі сталі каля 100 жыхароў Менска, параненыя больш за 300.

Гэтыя падзеі нарадзілі чарговае аднаўленне беларускага нацыянальнага руху.

Заняць «пачэсны пасад між народамі», адраджэнне мовы, культуры — такія мэты ставілі перад сабою патрыёты Бацькаўшчыны.

Ачолілі гэты рух паплечнікі, якія злучыліся ў першай беларускай партыі Беларуская Сацыялістычная Грамада. У нацыянальным пытанні першая праграма партыі прадугледжвала ўтварэнне незалежнай Беларускай дэмакратычнай рэспублікі.

Падчас Першай сусветнай вайны браты Іван і Антон Луцкевічы разам з Вацлавам Ластоўскім выступілі з прапановай пра аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага са сталіцай у яго гістарычным цэнтры Вільні, якая была акупаваная на той час немцамі.

У часе вайны нацыянальныя рухі ў Еўропе адчулі вялікі імпульс да незалежнасці.

Беларусь панесла вельмі буйныя чалавечыя страты ў вайне. Пасля гвалтоўнай эвакуацыі ўглыб імперыі на Віленшчыне колькасць насельніцтва зменшылася на прыблізна 20%, на Берасцейшчыне на 45%, на Гарадзеншчыне — больш чым на палову. У суседзяў ужо выношваліся планы аб далучэнні нашых земляў да будучых уласных нацыянальных дзяржаваў.

Прызнаючы беларусаў самастойным народам, немцы цывілізавана ставіліся да нашай мовы і культуры. На акупаванай тэрыторыі пры непасрэдным удзеле Івана Луцкевіча былі адкрытыя 200 пачатковых школ з выкладаннем па-беларуску, беларуская настаўніцкая семінарыя.

Браты Луцкевічы і Аляксандр Уласаў

У гэтых умовах беларускія нацыянальныя лідары зрабілі стаўку на рэалізацыю ідэі Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага — стварэння на зямлі былога Княства агульнай дзяржавы.

19 снежня 1915 Канфедэрацыя апублікавала на чатырох мовах Краю (беларускай, літоўскай, польскай, ідыш) зварот («універсал»), якім абвясціла пра свой намер стварыць дзяржаву. Прыводзім тэкст гэтага дакумента ў арыгінале:

«Абы Літоускіе і Беларускіе землі, каторые здауна прыналежалі да Вялікаго Князьства Літоускаго, а цяпер апанаваны Нямецкімі войскамі, станавілі пры новых варунках гісторычных нераздзельнае цела на фундамэнці незалежнасці Літвы і Беларусі, як суцэльнай дзержавы, засцерагаючы усім націям у яе межах усе правы, уважаючы на важнасць вялікаго гісторычнаго момэнту, забыушыся крыуд узаемных, свар і недавер’я, маючы на мэці адно карысць супольнае Бацькаушчыны».

Вызначэнне нутранага ладу будучай краіны ўскладалася на Устаноўчы Сойм у сталіцы — Вільні, сфармаваны шляхам агульных, роўных, наўпроставых выбараў пры таемным галасаванні. У склад дзяржавы меркавалася ўключыць Віленскую, Ковенскую а таксама часткі Гарадзенскай, Сувалкаўскай, Менскай і Курляндскай губерняў. Адноўленае Вялікае Княства Літоўскае меркавалася спачатку як унітарная («суцэльная») дзяржава без унутраных межаў. Стварэнне асяродкаў нацыянальнай дзяржаўнасці асобных народаў не прадугледжвалася, народам дэкларавалася толькі свабода культурнага развіцця. Канфедэраты звярнуліся да ўсіх народаў, арганізацый і грамадзян літоўска-беларускіх губерняў Расейскай імперыі з заклікам далучыцца да іх.

Жанчыны БНР браліся за самыя цяжкія справы, якія не давалі публічнага замілавання. Усе гэтыя жанчыны былі да фанатызму верныя тым ідэям, якім яны прысвяцілі жыццё, — ва ўсіх успамінах абавязкова адзначаецца гэтая іх якасць.

Разам з тым 6 студзеня 1916 у Коўне адбылася канферэнцыя літоўскіх і латышскіх арганізацый, якія стварылі Галоўны літоўскі народны камітэт. У дэкларацыі канферэнцыі сцвярджалася, што літоўцы і латышы, добраахвотна аб'яднаўшыся, утвараюць незалежную дзяржаву — Вялікае Княства Літоўскае — з 2 аўтаномнымі тэрыторыямі. Канферэнцыя прапанавала беларусам далучыцца да новай дзяржавы ў якасці трэцяй аўтаномнай часткі.

Улетку 1916 Беларускі народны камітэт на чале з Антонам Луцкевічам прапанаваў ідэю больш шырокага дзяржаўнага ўтварэння ад Балтыйскага да Чорнага мора. Гэтая дзяржава павінна была складацца з Беларусі, Літвы, Латвіі і Украіны. Замест адной дзяржавы з аўтаномнымі тэрыторыямі планавалася стварыць канфедэрацыйны альянс незалежных дзяржаваў — Злучаныя Штаты, як напісаў Луцкевіч.

Спачатку як літоўскія, так і нямецкія палітычныя колы даволі ўважліва назіралі за развіццём праекта Канфедэрацыі, у прыватнасці, ёй цікавіўся будучы дыктатар Літоўскай Рэспублікі Антанас Сметона. Рэзка адмоўна аднесліся да ідэі польскія дэмакраты, якія мелі ідэю федэрацыі Літвы і Польшчы па ўзоры былой Рэчы Паспалітай.

У сакавіку 1918 года ў Радзе БНР вызначыліся прыхільнікі трох галоўных саюзаў. Гэта былі саюз з Расіяй, саюз з Германіяй і саюз з Украінай. Кожная з гэтых краін ужо захапіла частку тэрыторыі Беларусі, мела намер аформіць захоп як частку сваёй тэрыторыі, ці, як Германія, перадаць беларускія землі краінам-саюзніцам — Літве і Польшчы.

У 1917 беларускія арганізацыі працягвалі выступаць за ўтварэнне Беларуска-Літоўскай дзяржавы, прычым рабілі гэта, негледзячы на пазіцыю Літоўскай Рады (Тарыбы), што заявіла аб прэтэнзіях на беларускія землі. Ідэю такой дзяржавы ў верасні 1917 падтрымаў Беларускі нацыянальны камітэт у Менску.

Літоўская Тарыба ў снежні 1917 заявіла пра аднаўленне незалежнасці Літоўскай рэспублікі са сталіцай у Вільні у хаўрусе з Нямеччынай. З яе падтрымкай 16 лютага 1918 адбылося абвяшчэнне Дэкларацыі незалежнасці Літвы. Немцы прызналі новую дзяржаву і акупацыйныя ўлады перадалі Тарыбе цывільную ўладу.

Паміж Тарыбай і Віленскай беларускай радай існавала дамоўленасць пра магчымасць стварэння ў будучым федэрацыйнай Беларуска-Літоўскай дзяржавы. У выніку ў склад Тарыбы з 24 чалавек былі ўведзеныя 6 прадстаўнікоў Віленскай рады, у тым ліку Вацлаў Ластоўскі, Іван Луцкевіч, Янка Станкевіч а ў кабінеце міністраў незалежнай Літвы з’явілася Міністэрства беларускіх справаў пад кіраўніцтвам Язэпа Варонкі. Юрысдыкцыя міністэрства пашыралася на тэрыторыю былой Гарадзенскай губерні, асобныя паветы Віленскай і Сувалкаўскай губерняў. Гэтая тэрыторыя з насельніцтвам каля 2 млн чалавек павінна была мець статус аўтаномнай адзінкі з дзяржаўнай беларускай мовай.

Гартаючы старыя нумары газеты «Беларускі голас», якую ў 1950-х-1990-х гадах выдаваў у Канадзе Сяргей Хмара і якая захоўваецца ў маім хатнім архіве, трапіў на адзін цікавы нумар. У №3 за 25 ліпеня 1952 года «Беларускі голас» надрукаваў на першай старонцы некралог, прысвечаны светлай памяці Язэпа Варонкі.

Нацыянальныя арганізацыі аб’ядналіся ў Вялікай Беларускай Радзе. Дзеля вызначэння далейшага лёсу Беларусі Рада склікала ў Менску Усебеларускі з’езд (кангрэс) у снежні 1917. Старшынём быў абраны Іван Серада. На з’ездзе прагучаў заклік: «Няхай жыве Беларуская Народная Рэспубліка!» З’явілася прапанова стварыць Беларускую Рэспубліку ў складзе федэратыўнай Расеі, аднак сярод дэлегатаў з’езду ўсё большую вагу набіралі незалежніцкія настроі.

Іван Серада

Дэлегаты падзяліліся на тых, хто змагаўся за поўную незалежнасць, і на тых, хто выступаў за аўтаномную дэмакратычную рэспубліку ў складзе Расеі. Дэлегаты кангрэсу выказалі трывогу, што камуністы вядуць у Берасці перамовы пра мір без уліку інтарэсаў Беларусі. Запрошаныя на кангрэс камуністы ад удзелу ў ім ухіліліся, але пільна сачылі за падзеямі. Орган камуністаў — Паўночна-Заходні абкам РСДРП (б), якім кіраваў Мяснікян (яго імём названая напрыклад вуліца ў Мінску ля вакзалу — Мяснікова), не прызнаваў не толькі права беларусаў на самавызначэнне, але і нават самога факта існавання беларускай нацыі. Убачыўшы, што на з’ездзе набіраюць вагу незалежніцкія настроі, камуністы пастанавілі разагнаць яго з дапамогай вайсковай сілы, дэкрэт падпісаў старшыня народных камісараў Ландэр (таксама мае вуліцу імя сябе ў сталіцы). Частку дэпутатаў арыштавалі, з’езд спыніў паседжанні, але Рада Усебеларускага з’езда, якой дэлегаты перадалі сваю ўладу, выбрала са свайго складу Выканаўчы камітэт, які ўзначаліў Язэп Варонка, адзін з кіраўнікоў Грамады.

Напрыканцы студзеня 1918 у Вільні прайшла Беларуская канферэнцыя, якая прыняла рэзалюцыю аб імкненні стварыць незалежную суверэнную дэмакратычную дзяржаву з дзвюх асноўных нацыянальных тэрыторый — беларускай і літоўскай, у найшчыльнейшай еднасці з Курляндыяй.

Грамадска-палітычная і літаратурная газета «Гоман», якая выпускалася ў Вільні, выступала за нацыянальна-культурнае адзінства беларусаў і незалежную Беларускую рэспубліку ў складзе адроджанага ў форме канфедэрацыі ВКЛ.

Гэты курс на аб’яднанне Беларусі з Літвой, Латвіяй і ў перспектыве з Украінай быў абумоўлены шырокім колам прычынаў, найперш неабходнасцю выйсця да мора, і вядома патрэбаю нацыянальнай абароны.

19 лютага 1918 камуністы ўцяклі з Менску пасля пачатку наступу нямецкіх войскаў. Выканаўчы камітэт здолеў выйсці з падполля. У сваёй першай Устаўной грамаце 21 лютага камітэт абвясціў сябе ў Беларусі часовай уладай. Выканкам стварыў Урад Беларусі — Народны Сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам, але Менск занялі немцы, якія канфіскавалі сродкі Урада, скінулі з яго будынку бчб сцяг і разагналі службоўцаў. У адказ на такую палітыку Германіі наш Урад неаднаразова выступаў з нотамі пратэсту, кажучы, што акупацыя кайзераўцамі пазбавіла Беларускі ўрад магчымасці стварыць неабходную ўзброеную сілу для адстойвання недатыкальнасці сваёй тэрыторыі. Негледзячы на гэта, Выканкам Рады Усебеларускага з’езда зноў звярнуўся да беларусаў 9 сакавіка з Другой Устаўной граматай, дзе пазначаліся дзяржаўны лад Беларусі, правы і свабоды яе грамадзянаў.

У сакавіку 1918 у Берасці была падпісаная мірная дамова між Савецкай Расеяй і Германіяй, без удзелу беларускай дэлегацыі. Гэтая дамова пакідала частку Беларусі немцам (перадаем прывітанне падзелам Рэчы Паспалітай).

Дваццаць восем гадоў таму, 25 сакавіка 1993 года, упершыню шырока, з удзелам як вышэйшых ўлад краіны, так і выбітных землякоў з замежжа, святкавалі дату нараджэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Тады верылася ў адраджэнне ідэалаў БНР, хуткія дэмакратычныя перамены, у набыццё доўгачаканага «шчасця і дабрабыту».

23 сакавіка Антон Луцкевіч выступіў на паседжанні Народнага Сакратарыята, дзе казаў аб тым, што фармальна Беларусь застаецца тэрыторыяй Расеі, бо першая і другая ўстаўныя граматы не скасоўваюць абвешчанай на кангрэсе федэратыўнай сувязі з Расеяй, а гэта не адпавядае надзеям і памкненням беларускага народа. У выніку раніцай 25 сакавіка прынялі Трэцюю ўстаўную грамату, у якой абвяшчалася аб незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Абрысы сучаснай Беларусі на мапе БНР
Трэцяя ўстаўная грамата

З Днём Волі, сябры!

Павел Хадзінскі, «Новы Час»

Скачивайте и устанавливайте мессенджер Telegram на свой смартфон или компьютер, подписывайтесь (кнопка «Присоединиться») на канал «Хартия-97».