20 апреля 2024, суббота, 0:58
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

«Зброя. Золата. Кабеты»

2
«Зброя. Золата. Кабеты»
Фото: svaboda.org

Размова з Пітам Паўлавым пра пратэсты, музыку і пераезд у Польшчу.

Вядомы беларускі гітарыст, удзельнік гурту N.R.M.by Піт Паўлаў у 2020 годзе актыўна ўдзельнічаў у пратэстах у Менску. Ён іграў ды сьпяваў перад кардонам АМАПу, а таксама на дваровых канцэртах. У Варшаву ён пераехаў 3 месяцы таму, а дагэтуль заставаўся ў ахопленай рэпрэсіямі Беларусі.

Пра тыя падзеі і сваё сучаснае жыцьцё Паўлаў расказаў у размове з «Радыё Свабода».

Ледзьве не схапілі там, дзе арыштавалі Памідорава

Піт Паўлаў расказвае, што ў 2020-м актыўна ўдзельнічаў у акцыях пратэсту ў Менску, не хаваўся ад камэр. Да таго моманту, пакуль аднойчы не адчуў небясьпеку і нават пачаў баяцца вяртацца дахаты.

«З гэтага моманту я пачаў неяк проста жыць і думаць, што рабіць. У мяне пачаліся дваровыя канцэрты. Мяне гэта так захапіла, што на ўсіх 15 маніфэстацыях я граў і між імі яшчэ ў дварах канцэрты. Я яшчэ граў пасьля Новага году. Людзям здавалася, што я хіба не чалавек, бо стаю з гітаркай, падае сьнег, яны ўсе ў футрах, а я, такое ўражаньне, нейкі герой коміксу. Вось яны (сілавікі. — РС) пад’яжджаюць, вяжуць усіх, а я сядаю ў машыну і зьяжджаю», — кажа музыка.

Фото: svaboda.org

Піт прыгадвае выпадак, калі яго ледзь не затрымалі на тым жа месцы, дзе схапілі музыку Аляксандра Памідорава.

«Я граў праз тыдзень у тым самым лесе, дзе павязалі Памідора з Ножыкам (Лэсьлі Найфам, музыкам гурту Gods Tower. — РС), сілавікі за гэты тыдзень пасьпелі выкарчаваць усе лаўкі, бо тыя былі пафарбаваныя ў бела-чырвоны, і там не было на чым стаяць, але засталіся сьметніцы бэтонныя. Я баяўся, калі я падскочу і ня траплю на гэтыя сьметніцы, то абавязкова зламаю ногі, — усьміхаецца Піт. — У нас была мясцовая «служба бясьпекі», яны хадзілі з рацыямі. І прыбягае адзін, кажа: «Ну ўсё, прыехалі! Але яшчэ грайце, яны ж пакуль нас знойдуць… «Калі сілавікі наблізіліся, мы проста адступілі два крокі ў лес і стаім. Сілавікі ідуць, лаюцца, нічога ня бачаць, ліхтарыкамі сьвецяць сабе, я мог дакрануцца да іх! Яны так прайшлі, я сеў у «тачку» і таксама зьехаў».

Фото: svaboda.org

Гэта былі самыя блізкія кантакты зь сілавікамі за ўвесь час пратэстаў, кажа Піт. Ніводнага разу музыку не тэлефанавалі і не прыходзілі дахаты. Паўлаў дадае, што ўсё адно рабіў нейкія захады бясьпекі і чакаў «гасьцей».

«За два дні як забралі Мацкевіча (мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча арыштавалі 4 жніўня 2021 году. — РС), я сустрэў яго на Цнянцы, кажу: «Усё, узяліся за ўсіх. Можа, зваліш?» Ён такі: «Не, гэта мой сьвядомы выбар, я застаюся». І праз два дні яго забралі. У мяне ўзмацнялася ўражаньне, што кулі ўжо трапляюць да мяне, у мой акоп. Я сядзеў да апошняга, потым я паехаў на канцэрт у Вільню, 15 жніўня, іграць для польскай тэлевізіі».

У Вільні Піт сыграў канцэрт, прысьвечаны юбілею выхаду зборніка Адама Міцкевіча.

«Пасьля гэтага прэзыдэнт польскай тэлевізіі прапанаваў: «Заставайся, знойдзем працу, знойдзем дзе жыць, усё знойдзем». А я такі ў шорціках, без гітары, без «прымочак», проста безь нічога, з адным заплечнікам. Сказаў, што не магу так. І яшчэ амаль паўтара месяца я сядзеў у Менску, але ўжо рыхтаваўся, чакаў на прапанову ад тэлевізіі і потым амаль месяц зьбіраўся. Як высьветлілася, падрыхтавацца немагчыма. На мяжы дзіка хваляваўся, але ніхто нічога не спытаў, чаму машына забітая гітарамі, і я праехаў. Карацей, у мяне няма ніякага тлумачэньня, чаму мяне не забралі».

Цяпер Піт Паўлаў працуе рэдактарам аддзелу культуры на польскай тэлевізіі, займаецца рок- і поп-музыкай, дакумэнтальнымі фільмамі, канцэртамі, кліпамі. Музыка прызнаецца, што праца яму вельмі падабаецца, але ён усё адно хоча вярнуцца ў Беларусь.

«Акрамя чорнага, з гэтай спадчыны не застанецца нічога»

Піт Паўлаў кажа, што з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне ён фізычна і маральна сабраўся, пачаў трэнавацца і нават хацеў ехаць ваяваць.

«Калі я пачуў пра пачатак вайны, я ня мог у гэта паверыць некаторы час, гэта не зьмяшчалася ў маёй галаве. Той «я» застаўся ў мінулым, а цяпер ёсьць нейкі новы «я». Увесь час ад пачатку нашай рэвалюцыі ў мяне быў такі павышаны цяглічны тонус, я пачаў займацца спортам, пачаў рыхтавацца да больш сур’ёзных падзей. Унутры адбылася мабілізацыя. Я памятаю, калі бамбавалі Кіеў, я запісаў гімн Украіны на беларускай мове. Увесь гэты час у мяне было жаданьне паехаць ва Ўкраіну, каб ваяваць, але я сачыў 24/7 і высьветлілася, што беларусу трапіць туды — гэта сапраўдны квэст».

Фото: svaboda.org

У нейкі момант музыка зразумеў, што лепш будзе заставацца і перадаваць сваю веру ў перамогу іншым людзям, бо гэта вельмі запатрабавана.

«Маладое пакаленьне наагул не гатовае было да вось гэтых «горак». Яны паверылі ў перамогу, а калі здарыўся аблом, яны дагэтуль думаюць, што будзе толькі пагаршэньне. У іхным жыцьці быў уздым і пагаршэньне, а ў нашым — гэта ўжо шостыя выбары, былі яшчэ 90-я і Савецкі Саюз, у якім мы зьбіраліся жыць да сьмерці, разваліўся за тры дні. У нас ёсьць дакладны досьвед, як хутка гэта ўпадзе і растварыцца, зьнікне. Калі хто ня верыць, паглядзіце, як хутка зьнік «бацька нацыі» Назарбаеў. Так і ў нас не застанецца нічога. Мы мусім памятаць гэтыя чорныя старонкі, але, акрамя чорнага, з гэтай спадчыны не застанецца нічога».

Новы альбом N.R.M.by

Напярэдадні Новага году Піт Паўлаў выдаў музычны альбом «Зброя. Золата. Кабеты», праца над якім доўжылася больш за дзесяць гадоў. Польская тэлевізія зрабіла візуалізацыю альбому: запісалі вялікі відэаканцэрт, які потым падзеляць на кліпы. Канцэрт на беларускай мове «Зброя. Золата. Кабеты» паказвалі ў навагоднюю ноч па ўсёй Польшчы.

«Са мной былі мае музыкі, акрамя басіста, бо ён застаўся ў Менску. Да нас далучылася Людміла Крукоўская, якая атрымала год «хіміі», але здолела выехаць, і Вася Ярмоленка, які атрымаў тры гады «хіміі», адседзеў доўгі тэрмін на Валадарцы. А бубнач Антон тут ужо быў, у Польшчы, і мы разам падрыхтавалі праграму. Тут я атрымаў доступ да найлепшых музыкаў, якія толькі ёсьць, у духавой сэкцыі зайгралі тры палякі. Атрымалася ўсё вышэй за мае чаканьні, яно гучыць менавіта так, як я хацеў: такая кантрабандысцкая капэля, якая грае авантурысцкія песьні», — апавядае Піт.

У новым альбоме вельмі адчуваецца, як зьмяняецца ягоны ўласны музычны стыль, кажа Паўлаў.

«Я вельмі ўдзячны, што ёсьць гэты альбом , бо я мог пісаць не ад сябе, а ад майго літаратурнага пэрсанажа, які жыве сто гадоў таму і ў ягоных руках замест гітары шасьціструннай наган з шасьцю набоямі. І гэта ўсё накладае адбітак на яго дзеяньні. Дзякуючы майму сябру Глебу Галушку, які гэта прадусаваў, завастрыўся ўплыў ангельскай музыкі, натуральна, мой любімы Red Hot Chilly Peppers. Гэтая любоў ня можа праявіцца ў N.R.M.by. І ў альбоме ёсьць крышачку аркестровасьці, джазавасьць, уплывы рамантычнай савецкай, прыгодніцкай музыкі, быццам я нарэшце напісаў саўндтрэкі да савецкіх фільмаў, дзе заўсёды музыка была кепская, крышачку кандовая».

Фото: svaboda.org

Таксама музыка працуе над новым альбомам N.R.M.by Паўлаў кажа, што яго пачалі пісаць яшчэ да падзей 2020 году. Уплыў на кружэлку аказаў і пачатак вайны ва Ўкраіне.

«Некалькі песень маюць у сабе вайну. На шчасьце, тут ёсьць хлопцы, якія музыку запісваюць, студыі павывозілі, тут ёсьць з кім рэпэтаваць. Адзінае, што ў некаторых тэкстах пачынае зьяўляцца погляд на сытуацыю з Польшчы. Я ня ведаю, можа, гэта для песень будзе лепей, можа горш. Гэта фіксацыя рэчаіснасьці... Нам трэба навучыцца жыць, панізіць крышачку гэтую плянку да больш зручнага паняцьця — «годнасьці». Калі проста ўсё рабіць годна, жыць годна, ты ўвесь час будзеш адчуваць, што ўсё адбываецца так, як мае быць. Гэты вельмі просты прынцып дае стрыжань, трымаючыся за які лёгка можна ісьці па жыцьці, абапірацца на сваю ўласную годнасьць».

Фото: svaboda.org
Написать комментарий 2

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях