22 декабря 2024, воскресенье, 9:32
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Уладзімір Някляеў пра падземны ход ад Крэва да Тракая

17
Уладзімір Някляеў пра падземны ход ад Крэва да Тракая

Чые вялікія літоўскія князі?

Ва ўсіх гістарычных (дый мастацкіх) кнігах, якія давялося мне прачытаць, чорным па белым напісана, што вялікія літоўскія князі — гэта вялікія літоўскія князі. І ніякія іншыя. Таму мяне здзівіла, калі на літаратурнай сустрэчы ў Вільні некалькім маладым літоўцам раптам захацелася пра гэта падыскутаваць.

У пару майго юнацтва адной з форм «идеологической работы с населением» (найперш з моладдзю) былі так званыя дэбаты кшталту: «Ці ёсць жыццё на Марсе?», або «Ці ўсіх пусцяць у камунізм?». Дэбатавалі калі не кожны дзень, дык кожны тыдзень, таму прыдумаць, пра што ў чарговы раз дэбатаваць, было няпроста, і арганізатары дэбатаў бегалі сярод удзельнікаў: «Падкіньце тэму!»

Дык вось… Нашы літоўскія сябры прыдумалі сёння (ці нехта ім падкінуў) тэму літвінізм. Нібыта ён пагражае нацыянальнай бяспецы літоўскай дзяржавы.

Не аднойчы спрабаваў я давесці маім літоўскім сябрам, што нікому і нічым літвінізм не пагражае. У той форме, у якой існуе ён у Беларусі, ён ёсць еўрапеізмам, які ўзнік з разумення таго, што толькі ў еўрапейскім напрамку пралягае шлях да захавання нацыянальнай ідэнтычнасці і дзяржаўнага суверэнітэту беларускай дзяржавы, што ніяк не закранае суверэнітэту дзяржавы літоўскай.

Найбольшы шанц ступіць на гэты шлях мелі беларусы напачатку 90-х мінулага стагоддзя — адразу пасля абвяшчэння незалежнасці. Гістарычным шанцам тым мы не скарысталіся, і калі стала відавочна, што еўрапейскі шлях зноў для нас (Бог ведае на які час) перакрыты, шмат хто кінуўся ў запозненыя шкадаванні, а я напісаў паэму «Паланэз». Паэму з двума сюжэтамі — пра няспраўджанае каханне і пра страчаную гісторыю…

У паэме ёсць такія радкі:

Літва! Ад слёз у горле горка,

Як назву вымаўлю тваю:

Літва! Па ўсёй зямлі стаю

Я на святых тваіх пагорках.

Дзеля чаго ўва мне ты будзіш

Надзею голасам крыві?

Літва! Ты ўжо была? Ты будзеш?

Калі жывая, дык жыві!

І калі ты не ў праху вояў,

Не ў мройным часе залатым,

А ў духу тым, што прагне волі, —

Тады ты ёсць, калі ты ў тым!

Дух, які прагне волі, — вось што для нас гістарычная Літва, вось што такое наш літвінізм. І калі дзесяць гадоў таму ў перакладзе на літоўскую мову выйшла кніга «Polonez», з прэзентацыямі якой я аб’ездзіў ці не ўсю Літву, усе літоўцы гэта разумелі. Нават нацыяналісты з іх лозунгам «Літва для літоўцаў!», якім чытаў я ўрыўкі з паэмы на мітынгу ў Лукішках. Калі б не было гэтага разумення, кнігу не пераклалі б і не выдалі, а тым больш не арганізавалі б прэзентацыі па ўсёй Літве. І ніхто тады не пытаў «Чые вялікія літоўскія князі?», бо гэта было б проста смешна. А вось праз дзесяць гадоў пытаюць. І як бы ўсур’ёз. Як некалі ўсур’ёз пыталіся, ці ўсіх пусцяць у камунізм.

Яшчэ нядаўна я ўсур’ёз займаўся палітыкай — і не забыўся, што яна такое. Асабліва ў часы глабальных зрухаў, на хвалі якіх уздымаецца як дух чалавечы, так і ўсплывае людское смецце. Палітыканчыкі, папулісты, якія нацягваюць на сябе тогі выратавальнікаў нацыі, пнуцца любымі спосабамі прыцягнуць да сябе ўвагу. І тут найпершы спосаб, апрабаваны стагоддзямі, нагнятанне страху. А для гэтага трэба прыдумаць страшылку. Напрыклад, беларускі літвінізм. Той, які пагражае суверэнітэту Літвы. І што з ім рабіць? А межы перакрыць, каб яго спыніць! І напляваць, што літвінізму такога няма. Затое межы ёсць.

Я нарадзіўся ў Крэве. На зямлі Вялікага Княства Літоўскага — колішняй магутнай еўрапейскай дзяржавы. Пад сценамі Крэўскага замка, дзе была падпісаная Крэўская унія, якая аб’яднала Вялікае Княства Літоўскае з Польшчай. Гісторыя Крэва, гісторыя Вялікага Княства, якую распавядаў мне мой дзед, а яму — ягоныя дзяды і прадзеды, была гісторыяй майго дзяцінства. І я не забіраю, і ніхто з беларусаў не мае намеру забіраць яе ў нашых суседзяў, але ж і не адмаўляцца нам ад яе, калі яна ваша і наша.

Крэўскі замак зараз у руінах. Іх можна перанесці з Беларусі ў Літву, але падмурак застанецца ў той зямлі, на якой мураваўся. Літоўцы лічаць яе літоўскай зямлёй, палякі — польскай, расейцы — рускай. А беларусы (як бы іх раней ні называлі, але якія з’яўляліся на гэтай зямлі і сыходзілі ў яе) нібы ні пры чым. У такім разе, дзе яны жылі і жывуць?..

Яны бяздомныя?..

Амаль тры апошнія стагоддзі Расія высяляла беларусаў з еўрапейскага дома. Вырывала нашы карані з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, каб перасадзіць іх у гісторыю Расійскай імперыі. Тое самае адбываецца зараз. І фактычна тыя літоўцы (дзякуй Богу, іх няшмат), якія прыдумалі «небяспечны беларускі літвінізм» і адмаўляюць беларусам у праве на агульную нашу гістарычную спадчыну, дапамагаюць Расіі перацягнуць Беларусь з усходу Еўрапейскага Саюза на захад Расійскай імперыі.

У гісторыі майго дзяцінства была легенда пра падземны ход, які вёў ад Крэва да Тракая. Ён лучыў нашых продкаў, ратаваў іх у ліхія часіны, дапамагаў змагацца з ворагамі. Незалежна ад таго, быў той ход насамрэч ці яго не было, ён — гісторыя. І не варта засыпаць яго смеццем. Па ім яшчэ хадзіць і хадзіць і нам, і нашым нашчадкам.

Уладзімір Някляеў, «Радыё Рацыя» са спасылкай на «Ніву», №27, 2024 г.

Написать комментарий 17

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях