18 мая 2024, суббота, 11:38
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Імперыя пастаўлена на кон

4
Імперыя пастаўлена на кон

Зноў грымнула старая замшэлая бомба. На мінным полі братняй інтэграцыі. Там заўсёды што-небудзь нагадвае аб вялікім сяброўстве. Гэтым разам радыёстанцыя “Эхо Москвы” распаўсюдзіла вестку, што да тутэйшага начальніка едзе Пуцін. І вязе неверагодны падарунак – узгоднены канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы. Або па-простаму – аброць. Пасля абдымкаў з гэтай нагоды незалежнасць Беларусі пачне адваротны адлік.

Дзіўна, але нават соннае наша балота адгукнулася нечаканым рэхам. Што рабіць? Даставаць карабін з-пад страхі? Ісці ў партызаны?.. Аднак гнеў і абурэнне тут панавалі нядоўга. Журналісты выказалі меркаванне, што чуткі распаўсюджвае гэбуха. Тэстуе ўзровень грамадскай глухаты. Версія падалася вартай увагі. Страх прайшоў. Імпэт згас. І восеньскі туман нагнаў былое раўнадушша. Можа, неяк абыдзецца. І бяда абміне, як бывала ўжо не аднойчы. Нібы хмару, пранясе яе вецер міма. Так хочацца верыць…

Але ж да нас едзе Пуцін.

І не мае ніякага значэння, пра што ён будзе размаўляць. Пра сумесную абарону ад натаўскага нашэсця. Пра цэны на нафту і газ. Або пра чарговы палёт у космас. У падтэксце будзе гучаць усё тая ж тэма: анексія непазбежна. Нікуды не падзенецеся, браткі. Дадушым.

Яны не спыняцца. Вяроўку на шыі рэжыму зацягнуць да канца. Інакш не будзе імперыі. А без яе няма Расіі.

На вялікі жаль, нікога тут асабліва не зацікавілі расійскія выбары. А дарэмна. Былі яны надзвычай красамоўнымі. І свету паслалі выразны сігнал. Найперш пра тое, што краіна паспяхова пазбегла небяспекі дэмакратычных пераўтварэнняў. На сцэне гісторыі зноў з’явіўся Савецкі Саюз. Крыху абноўлены. Без старых маразматыкаў з Палітбюро. Без ленінскіх забабонаў. Без ранейшых неабсяжных тэрыторый. Але з тымі ж амбіцыямі. З прэтэнзіяй на сусветнае лідэрства. З той жа агрэсіўнасцю, падмацаванай магутным ваенна-прамысловым комплексам. З неверагодным нахабствам, выкліканым высокімі цэнамі на нафту і газ. І самае страшнае – з комплексам пакрыўджанай нацыі. У 1933-м свет пераканаўся, у што можа ператварыцца гэткая крыўда.

Расія абрала імперыю.

Побач з намі – краіна, апантаная ідэяй рэваншу. Там ці не кожны, ад палітыка да бамжа, няздольны змірыцца з тым, што ў свеце ніхто ўжо іх не баіцца. Мінулыя выбары пераканаўча засведчылі, што люд тамтэйшы гатовы ахвяраваць чым заўгодна, толькі была б Расія вялікай і магутнай, толькі б яе, як у савецкія часы, баяліся ўсе і паўсюдна.

Улада выйшла на выбары з ідэяй рэваншу. І перамагла бліскуча. Слова, дадзенае электарату, гэтым разам яна стрымае. Можна не сумнявацца, што неверагодныя сродкі і сілы будуць кінуты на адраджэнне імперыі, на вяртанне былых тэрыторый. І тыя, хто не паспеў уцячы за межы расійскага ўплыву, хто не наважыўся на еўрапейскі выбар, - пад страшэннай пагрозай. Імперыі не жартуюць. Слабых не паважаюць. А зброя цяпер у Расіі куды больш магутная, чым у Савецкага Саюза – фантастычныя цэны на нафту і газ.

Наіўная калгасная мудрасць пра ласкавае цялятка, якое харчуецца каля дзьвюх матак, у дзікім полі не дзейнічае. За ўсходняй мяжой – драпежнік. Хцівы. Лоўкі. Цынічны. Перад ім ужо не бразнеш чаркай аб падлогу і з пацалункамі не палезеш. З’есць!

Спадзявацца на тое, што нехта заступіцца за нягеглае цялятка, таксама не выпадае. Нас папярэджвалі. Засцерагалі не аднойчы. Усё марна. Беларусь зацята верыць у цуд на ўсходзе. Прыйдуць і дадуць. І нафты, і газу па коштах, ніжэйшых нават, чым у самой Расіі. Бо яны – браты. А мы ім самыя адданыя.

Чхаць яны хацелі на гэтыя сантыменты. Прыйдуць – гэта так! Але не дзеля таго, каб нешта даць. Прыйдуць, каб забраць. Усё, што мае цану. Бо з наіўнымі толькі гэтак і абыходзяцца.

Пасля ўсяго, што тутэйшай уладай было сказана на адрас магутнага суседа, нават начальнік якога-небудзь убогага дзяржаўнага ўтварэння пакрыўдзіўся б і забыў дарогу да нас назаўсёды. А Пуцін едзе. Перамог сорам, адолеў агіду. Такія нечалавечыя намаганні – дзеля чаго?

Імперыя пастаўлена на кон. Таму ён едзе.

І гэта ўжо не фарс з чаркай аб падлогу. Гэта пагроза рэальная. Уцякаць позна. І карабін з-пад страхі дапаможа не надта. Найперш варта было б утаймаваць пачуцці. Спыніць падлік паездак Мілінкевіча за мяжу. І спрэчкі пра тое, хто тут сапраўдны лідар. Ды паспрабаваць усё ж неяк дамовіцца. Пра агульны супраціў гульням тутэйшых хітруноў з хцівым суседам. Каб у хвіліну найвялікшай небяспекі было каму выйсці на плошчу і крыкнуць: “Годзе!”

Гэта няпраўда, што яны нікога не чуюць. Яшчэ як чуюць! Але сочаць пільна, колькі выйшла. Калі шмат – затояцца. Дачакаюцца лепшай нагоды. Калі мала – кінуць спецназ.

Мінула эпоха бесклапотнай палітычнай валтузні. Надышоў іншы час. Зноў вырашаюцца лёсы. У іх – імперыі. У нас – Бацькаўшчыны. І нікому ніхто не саступіць. Дык што ж у нас будзе?

Паглядзім. Пачакаем.

Хочацца верыць…

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях