Крэдыт даверу
10- Віктар Івашкевіч, «Белорусские новости»
- 2.06.2011, 14:19
Сёньня ўсе гадаюць — дасьць Расея ці МВФ Лукашэнку крэдыт ці не?
Менавіта з гэтымі крэдытамі зьвязваюць дасьведчаныя аналітыкі і простыя абывацелі перспектыву стабілізацыі курса беларускага рубля, а за ёй — і стабілізацыі ўсёй беларускай эканомікі. А на самой справе праблема ў тым, што Лукашэнка не мае галоўнага крэдыту, без якога ўсе названыя не маюць прынцыповага значэньня, гэта — крэдыту даверу большасьці беларусаў.
Першы раз Лукашэнка падарваў давер да сябе БОЛЬШАСЬЦІ беларусаў, калі на пачатку мінулага году, нечакана для ўсіх, зрабіў дэвальвацыю беларускага рубля на 20%. Тады ён “выкруціўся” даволі лёгка, спісаўшы ўсё на сусьветны крызіс, а беларусы прамаўчалі, зацяліся, але ўсё запомнілі. І калі ў канцы года Лукашэнка пачаў падвышаць заробкі, беларусы устрывожылася і пачалі рыхтавацца да горшага.
Другі раз Лукашэнка падарваў давер да сябе БОЛЬШАСЬЦІ беларусаў, калі абвясьціў, што на прэзідэнцкіх выбарах за яго прагаласавала 80%. Палова людзей лічыла,што за яго прагаласавала 30-40%, а другая палова калі і дапускала, што Лукашэнка набраў 50-60% галасоў, але ну ні як не магла паверыць у 80%. А разгон масавай мірнай акцыі 19 сьнежня і наступныя рэпрэсіі супраць апазыцыі толькі ўзмацнілі гэты недавер. У выніку людзі кінуліся скупаць валюту.
Не дапамог і выбух ў мэтро, які дзяржаўныя прапагандысты паспрабавалі выкарыстаць, каб адцягнуць ўвагу ад эканамічнага крызісу. “Нейкая мутная справа” — падумалі беларусы і кінуліся скупаць машыны і залатыя сьліткі. Далей — болей. Толькі ўрадавы чыноўнік заявіць, што ўсё будзе добра, — беларусы тут жа кідаюцца скупаць алей і бытавую тэхніку. Толькі Лукашэнка заявіць,што праз месяц-два вы забудзеце аб крызісе, — беларусы ў паніцы бягуць скупаць соль і запалкі (быццам заўтра вайна). Улады нарэшце зразумелі лёгіку паводзінаў людзей і на месяц наогул схаваліся і замаўчалі, што дазволіла беларусам у адносна спакойнай абстаноўцы заняцца арганізацыяй чорнага рынку.
Але надоўга ва ўладаў вытрымкі не хапіла. І вось ужо “жэстачайшэ” ідуць “андропаўскія” аблавы, ўводзяцца “дысцыплінарныя” сшытачкі, аднаўляецца рэгуляваньне цэнаў, міністраў пераводзяць на “ваенныя рэйкі”, прадпрыймальнікам пагражаюць турмой, а рабочым — 50-гадзінным рабочым днём. Наогул, як у тым анекдоце: “Як падвысіць надоі і адначасова зэканоміць кармы? Трэба меньш карміць і больш даіць — вось і ўсе рынкавыя метады!”.
Можна, вядома, прымусіць усіх начальнікаў цэхаў на заводах, выкладчыкаў у інстытутах, настаўнікаў у школах кожную гадзіну зачытваць падручнікі па ідэялогіі. Можна прыставіць да кожнага зь іх амапаўца ці міліцыянта. Можна вывесьці на вуліцы гарадоў войскі,зачыніць усе незалежныя газэты і арыштаваць тысячу апазыцыянераў. Але ўсё гэта не верне даверу беларусаў да сёньняшняй ўлады. А значыць, не будзе даверу і ў крэдытораў, і ў інвестараў. А значыць, не будзе ні крэдытаў, ні інвестыцыяў (у неабходных для пераадоленьня крызісу аб’ёмах).
Ці разумеюць усё гэта прызначаныя Лукашэнкам адказнымі за параадоленьне крызісу, Мясьніковіч і Пракаповіч? Я думаю, разумеюць. Ці разумеюць яны,што пакуль іх галоўны начальнік захоўвае ўладу, ніякага рэальнага выйсьця з крызісу ня будзе? Я думаю, разумеюць. Ці здольныя яны адхіліць свайго начальніка ад улады? Я думаю — не, бо баязьліўцы і прыстасаванцы не могуць рабіць учынкаў, а могуць толькі “выжываць”. Таму Мясьніковіч і Пракаповіч будуць “выкручвацца”, як ім і загадана.
Што значыць на сёньняшні дзень “выкручвацца”? Гэта спрабаваць падмяніць народны давер да ўлады імітацыяй даверу. Менавіта дзеля гэтага Мясьніковіч публічна зьвяртаецца (і будзе зьвяртацца яшчэ) да апазыцыйных эканамістаў з прапановай стаць ягонымі кансультантамі. Менавіта дзеля гэтага “трезвомыслящие люди” са сьпецслужбаў раяць (натуральна, толькі дзеля агульнага дабра і прагрэса) апазыцыйным палітыкам “крычаць і прасіць” аб ”дыялогу з ўладай”. Менавіта дзеля гэтай імітацыі тыя ж дабрадзеі раяць ісьці на палаткавыя выбары “пры любых умовах”. У хуткім часе ўладныя прапагандысты пачнуць кампанію за “яднаньне ўсіх здаровых сілаў беларускага народу дзеля выратаваньня суверэнітэту і супольнага выхаду з крызісу”. “Забудзем тое, што нас разьядноўвае! Адкінем палітычныя амбіцыі дзеля вырашэньня эканамічных праблемаў на карысьць простага народу!“ — будзе заклікаць БТ. “Тых , хто дапаможа ўладзе і народу ў цяжкі час, улада не забудзе і аддзячыць”, — будуць нашэптваць “трезвомыслящие люди” са сьпецслужбаў. Урад будзе дэманстраваць “канструктыўную апазыцыю” народу па БТ, а заходнім дыпламатам — на форумах і канфэрэнцыях. Ярмошына будзе заяўляць аб падрыхтоўцы супер-дэмакратычных парляменцкіх выбараў па партыйных сьпісах. Дыктатар будзе шматзначна маўчаць.
Усё гэта будзе працягвацца, пакуль Лукашэнка не атрымае крэдыты і ад МВФ, і ад Расеі. Як толькі ён іх атрымае (ці не атрымае), то выйдзе на першы плян і заявіць, што яго “тошнит” ад гэтых “дзермакратычных” кансультантаў, якія давялі сваімі рэформамі народ да галечы, і ад гэтага ўраду, які пайшоў на паваду ў антынароднай апазыцыі, і ўсіх разгоніць. Але я перакананы, што гэтая імітацыйная гульня ўсё роўна Лукашэнку не выратуе. А вось замарацца ўдзелам у гэтай імітацыйнай кампаніі можна на ўсё жыцьцё.
На працягу пяці месяцаў пасьля акцыі 19 сьнежня 2010 года беларуская апазыцыя прайшла жорсткае выпрабаваньне рэпрэсіямі на трываласьць. Гэтае выпрабаваньне выявіла як мужнасьць і прынцыповасьць адных, так слабасьць і подласьць другіх. Прычым пералічаныя якасьці выявіліся ў тых людзей, ад якіх большасьць “аналітыкаў і дэмакратычнай супольнасьці” гэтых якасьцяў не чакала.
Сёньня мы ўваходзім у новы этап выпрабаваньняў — ВЫПРАБАВАНЬНЕ СПАКУСАЮ “ВЫЖЫВАНЬНЯ”. Цяжкасьць гэтага этапу ў тым, што гэтая спакуса прапануецца ўладай на фоне толькі што перажытых маральных і фізічных пакутаў. Кожны, вядома, сам выбірае — “выжываць” яму ці працягваць змаганьне. Але я перакананы, што менавіта тыя палітыкі, якія не скарацца, не пабягуць у дарадцы дыктатарскім халуям і кандыдатамі на палаткавыя псэўдавыбары, а прынцыпова застануцца на баку абкрадаемага ўладамі народу, урэшце рэшт атрымаюць ад гэтага народу такі неабходны для Беларусі КРЭДЫТ ДАВЕРУ.
Кампрамісы
Ах, кампрамісы, кампрамісы — Улева крок ці ўправа крок.І ўжо жандар праходзіць міма,І ўжо не ўзьведзены курок. І ўжо не выдумкаю злою І не абразьлівым радком, А літасьцівай пахвалою Цябе аблашчваюць крадком. Яны руку падаць гатовы, Хоць і з аглядкаю, а ўсё ж… А за сьпіной — напагатове Крывы з зазубінамі нож. Ты толькі збоч, ты толькі збойся, Зьняверся ў нечым хоць на міг — І лоўка прашмыгне забойца Сяброў тваіх, ідэй тваіх. Ах, кампрамісы, кампрамісы — Стратэгій тонкая гульня. І ўжо душу халоднай пысай Абнюхвае шпікоў гайня. І ўжо яны ўсучыць гатовы Свае паскудныя дары. І ўжо сырэе гнеўны порах, І ўжо тупеюць тапары. А потым будзе кроў дыміцца Удараць боты па касьцях Ах, кампрамісы, кампрамісы — І рукі выпускаюць сьцяг…
Генадзь Бураўкін
Віктар Івашкевіч, «Белорусские новости»
Віктар Івашкевіч. Сябра аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларускі Рух”.
Нарадзіўся 21 верасня 1959 года ў Мінску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У пачатку 80-х — актыўны ўдзельнік моладзевых нефармальных аб'яднанняў нацыянальна-дэмакратычнага кірунку — "Майстроўня", "Талака". З моманту ўтварэння камітэта па стварэнні БНФ у 1988 годзе — актывіст БНФ. Да 1996 года — сакратар Управы БНФ. Уваходзіў у групу лідэраў БНФ, якія адкрыта выступілі з крытыкай Зянона Пазьняка падчас летняга 1996 года з'езду партыі. Увосень 1996 года пакінуў пасаду сакратара Ўправы БНФ. Стаў адным з арганізатараў незалежнага аналітычнага Цэнтра "Супольнасць". У 1997-2001 гадах – рэдактар газеты “Рабочий”, за артыкул з крытыкай прэзідэнта ў ёй быў засуджаны на год абмежавання вsолі. Больш за 10 разоў падвяргаўся адміністрацыйным пакаранням. Падчас арыштаў двойчы трымаў галадоўку.