25 апреля 2024, четверг, 1:52
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Тры розныя сусьветы

13
Тры розныя сусьветы

Розныя людзі, розныя краіны і розныя суды.

Так сталася, што апошнім часам я бачыў некалькі судоў і акцыяў пратэсту ля іх. Гэта было падчас маіх стасункаў з расейскімі сябрамі, найвыразьней – падчас судовага працэсу так званых «балотнікаў». Гледзячы на спробы спыніць «каток» судовай ці сьледчай сыстэмы пры дапамозе «адзіночных пікетаў» ці спробаў правесьці санкцыянаваную масавую акцыю (і нават прымаючы ў гэтых рэчах удзел), я выдатна разумеў нізкую эфэктыўнасьць гэтых дзеяньняў, але стаяць у баку ня мог.

Учора зранку, стоячы пасьля чарговай начной вахты на Майдане Незалежнасьці, я глядзеў і слухаў, што адбываецца на сцэне, там заклікалі выразіць падтрымку «закладнікам», захопленым урадавымі сіламі падчас пабоішча на Банкавай і пазьней. Першым адказам на заклік ехаць да апэляцыйнага суду Кіева было: застацца на майдане, проста на усялякі выпадак, бо там заўседы знойдзецца чым дапамагчы. Але потым, узгадаўшы апісаньне падзеяў, я, зачэплены словам «салідарнасьць», ўсё ж вырашыў дабрацца да суду.

Калі я падышоў да галавы калёны, што фармавалася на вачох, там ішла цікавая дыскусія. Што лепей: рушыць калёнай да мэтро (і ехаць ім), ці, скарыстаўшыся на тое, што ўлады чарговы раз (ужо трэці запар) замініравалі найбліжэйшыя станцыі мэтро, ісьці пехатой. Ісьці было не так ужо й далёка, тры прыпынкі мэтро і яшчэ крыху. Калі абралі шэсьце, я палічыў, што асабіста нічога не згублю і ўзяў у ім удзел. Лірычнае адступленьне: шэсьце, зразумела, было несанкцыяваным, Януковіч, напэўна, папросту забыўся папярэдзіць сваіх апанэнтаў, калі і якіх закладнікаў ён будзе браць.

Пачатак шэсьця амаль не адрозьніваўся ад звычайных «дазволеных» акцыяў у Беларусi, сабраліся са сьцягамі, плякатамі і без і рушылі ходнікамі. Першым «сюрпрызам» стала міліцыя, ці можна мовіць «не стала»? Бо яе не было. Пакуль калёна рушыла па «нашай» тэрыторыі, гэта было лёгка тлумачыць яе адсутнасьцю, але наперадзе была барыкада, за якой пашыхтаваўся «Беркут».

Ня тое каб я хацеў іншага, але міліцыя ніяк сабе не пазначыла, быццам на натоўп блізкі да тысячы чалавек, што абыходзіць іх з правага флянгу, ім было напляваць. Пераход праз вуліцу, дзе стаяў спецназ, быў падземны, але з улікам коўзкага надвор’я «самаарганізатарам» (двум хлопцам з мэгафонамі), ані на хвіліну не прыйшло ў галаву пагнаць натоўп нізам, прайшлі абоч спэцназу, ані на імгненьне не спыніўшыся.

Далейшая хада ўжо зусім не нагадвала «беларускае шэсьце», мала таго, што так і не зьявілася ніводнага міліцыянта, натоўп жвава арыентаваўся на мясцовасьці, легка і без ніякіх ваганьняў займаў адну, а то і дзьве палосы руху, або вяртаўся на ходнікі, калі узьнікала неабходнасьць. Насамрэч, дарога была даволі доўгай, і ўвесь час паветра трымцела ад патрабаваньняў вызваліць закладнікаў і заклікаў далучыцца да акцыі, традыцыйнае «Слава Украіне! Героям слава!» таксама гучэла ва ўсю моц. Эмацыйны ўздым ад гэтага шэсьця быў папросту фізычна адчувальны, тыя зь мінакоў, хто быў ня ў стане далучыцца да шэсьця, былі відавочна ўзрушаныя, не было ня тое што абыякавасьці да дзеі, як безьліч разоў было ў Маскве, ніводнага разу не прагучэла «Хай сядзяць!», якое на радзіме лягчэй пачуць, як нешта іншае.

Нарэшце наперадзе паказаўся будынак суду. Як звычайна, ён быў абнесены высокім плотам з брамай і КПП. Калі натоўп наблізіўся да брамы, стала зразумела, што міліцыянты зусім не зьбіраюцца дабраахвотна прапускать нас . Гэта навіной не зьяўлялася, наадварот, падобная тактыка даволі распаўсюджаная. «Навіной» у параўнаньні з Беларусьсю было наступнае: пачакаўшы выезду з тэрыторыі першай жа машыны, натоўп хіснуўся наперад і разьмеў мянтоў і «беркутаў», часткова раскідаўшы іх па зямлі.

Разгубленыя міліцыянты і «Беркут» спрабавалі хапаць людзей на тэрыторыі суду, але было ужо запозна, адзінае, што яны маглі зрабіць, гэта заклікаць на дапамогу яшчэ «беркутаў» і выціснуць праз пэўны час людзей з тэрыторыі. Уся справа ж у тым, што ў гульню з выцісканьнем гуляць могуць абодва бакі, а прыкладна трыццаці «беркутам» супрацьстаяла бы амаль тысяча актывістаў. Празь некалькі хвілін сам сабою сфармаваўся «кампраміс»: шыхт «Беркуту» не спрабуе ціснуць на людзей, а яны не парушаюць уяўнай мяжы са свайго боку (мэтар-паўтара, што засталіся між дзьвюма групамі). Усё супрацьстаяньне заняла пару хвілін. Амаль адначасова зь нетраў суду зьявіліся народныя дэпутаты і сваякі тых, каго мусілі былі судзіць (дарэчы частка сваякоў ішла з калёнай). Калі у нас судзілі людзей за ўяўныя «масавыя парушэньні грамадзкага парадку» (як зараз удзельнікаў «Балотнай справы» у Маскве), да апошняга паседжаньня ўключна так званая «група падтрымкі» была нібы шаўковая, і кінутае гнеўнае слова: «Ганьба!» было амаль адзінай рэакцыяй, якую дазволілі сабе людзі, чые сваякі і сябры былі асуджаныя на доўгія тэрміны па непрыхаванаа сфальшаваных абвінавачваньнях, і тое не было агучана журналістамi па заканчэньні працэсу.

Але і ў іх не гучэла ніякай пэрсаніфікацыі, некая «дыктатура», «несправядлівы суд», і ані ў кога не складалася уражаньня, што суддзя, агучыўшы вырак – мае прозьвішча… Што пракурор сеньня пойдзе дахаты, а твой блізкі чалавек на доўгія гады стане называць «хатай» – камэру, альбо барак… Амаль тое ж зараз у «балотнай справе»: Марыя Баронава (адна з падсудных), пачынае на голым месцы бараніць пракурораў і суддзю, быццам не разумее як гэта выглядае…

Так, у нас няма і няма адкуль узяць народных дэпутатаў Верхоўнай Рады», а проста мужчыны засталіся? Я ня бачыў самога паседжаньня і таго што адбывалася у калідорах суду, працэсы былі перанесеныя, таму патрапіць на іх мы не пасьпелі. Але я чуў расповяд двух людзей, што у калідоры суду сілай прымусілі пракурора зірнуць у вочы маці падсуднага, якую той ужо вырак на два месяцы растаньня. Слухаючы іх у двары суду, іх, якія тлумачылі, што ужо зараз кожны віньцік «сыстэмы» павінен разумець што нават шанец на літасць – і той трэба адпрацаваць, я разумеў што так, тая грамадзкая абструкцыя (сапраўдная прымусовая экскамунікацыя) спрацуе, што сытуацыю і сапраўды можна давесьці да таго, што дзяці не пажадаюць падаць сваім бацькам рукі, бо з гэтых рук ня змытыя чырвоныя кроплі пралітае крыві.

Толькі чаму адныя маюць права бараніцца, а іншыя не?

Сярод людзей, што прыйшлі і прынеслі з сабою сапраўдную салідарнасьць, я бачыў сваякоў тых людзей якіх павінныя будуць судзіць, і ні ад аднаго не пачуў стандартнай абрыдлай фразы: ня трэба злаваць суддзю. Гэтым разам замест расчараванай чарады авечак і бараноў побач сталі мужныя ваяры, для якіх гонар - не пусты гук. І амаль у той самы час (з розьніцай у некалькі дзён) навіна: каб падтрымаць Сяргея Крывава яго партыя (РПР-Парнас) зладзіла несанкцыяваную акцыю пратэсту (хацелі ўжо як дарослыя) – пікет з расьцяжкай каля ізалятару «Матросская цішыня» (гэта падтрымка чалавека на шасьцідзясятыя суткі галадоўкі). Пакуль Крываў ледзь не паміраў, яны стаялі з плякацікамі у аднаасобных пікетах і аднаго разу (напрыканцы галадоўкі) выйшлі з расьцяжкай… Ці так ратуюць жыцьце чалавеку?

Гэта сапраўды як тры розныя сусьветы, і ужо воўкам хочацца выць: «За што?” Божа, чаму ты адабраў у гэтых людзей годнасьць, мужнасьць, адчуваньне асабістага гонару і пакінуў ім жыцьце… я гэтага не разумею, бо яны ж няздольныя зь яго скарыстацца…

P.S. На сёняшні дзень тры чалавекі вызваленыя з-пад варты, двум з вышэйзгаданых людзей зьмененая мера стрыманьня, адному прысуджаны штраф.... Зразумела, што без «народных дэпутатаў», без «майдану», без міжнароднага ціску гэта наўрад ці адбылося б, але факты ёсць факты...

Максім Вінярскі, спецыяльна для charter97.org, Кіеў

Написать комментарий 13

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях