Знайшлі мёртвым яшчэ аднаго футбольнага фаната
36- 7.09.2020, 16:10
- 89,999
Што вядома на гэты момант.
Цела 25-гадовага Аляксея Дзямідава знайшлі на ўскрайку мікрараёна Серабранка раніцай 5 верасня. Абставіны яго смерці незразумелыя нават блізкім сваякам, піша «Наша ніва».
«Аляксей жыў з бацькамі ў Бараўлянах, працаваў на аўтамыйцы ва Уруччы. 4 верасня выйшаў на працу. Позна ўвечары маці званіла яму, усё было нармальна, але ўжо праз гадзіну то ніхто не браў слухаўку, то выклік скідвалі.
А раніцай 5 верасня нам паведамілі, што знайшлі цела Аляксея», — расказаў Аляксандр, стрыечны брат хлопца.
Брат кажа, што ў моргу бацькам не паказвалі цела — толькі твар. Пасля яны разглядалі цела сына ўжо дома.
«Цялесныя пашкоджанні былі. На галаве гематома, на барадзе нібыта кавалкі скуры выдраныя. Пальцы збітыя, косткі збітыя на руках. Нага неяк перакручаная — нібы зламаная. Брудная вопратка… Выглядае, што была бойка ці нешта такое, — мяркуе Аляксандр. — Афіцыйнае заключэнне аб смерці будзе праз месяц.
А ў папярэднім, кажуць, напісалі, што прычына смерці — атручванне невыяўленым рэчывам».
Гісторыя дзіўная. Ускладняецца яшчэ і тым, што загінулы Аляксей быў удзельнікам фанацкага руху — заўзеў за «Дынама».
«Я сам брата прывёў у дзвіж, можна сказаць. Пасля ён застаўся ў ім, я адыйшоў. Нейкім надта ўжо актыўным фанатам Аляксей не быў. Але апранаўся адпаведна: спартовы стыль, відаць, што фанат.
Аляксей быў спартыўным хлопцам, баксёрам. Супраць дваіх-траіх мог бы выстаяць альбо адбіцца і збегчы. Плюс у тым раёне, дзе яго знайшлі, яму няма чаго было рабіць.
Таксама зніклі яго рэчы. У моргу казалі, што яны ў міліцыі, у міліцыі — што ў моргу. А ў выніку тэлефона і заплечніка проста няманяма», — кажа брат.
Пахавалі Аляксея Дзямідава 7 верасня.
Гэта ўжо другая загадкавая смерць маладога хлопца, звязанага з фанацкім рухам. 22 жніўня на вуліцы Парніковай у Мінску знайшлі павешаным цела Мікіты Крыўцова, які 10 дзён лічыўся зніклым. Крыўцоў быў фанатам ФК «Маладзечна», яго знікненне здзівіла ўсіх. У суіцыд сваякі не паверылі.