Уладзімер Някляеў. Партрэт на фоне кратаў
24- Ева Някляева
- 4.05.2011, 21:03
Ну што татуля, так і будзем з табой кантактаваць. Ці па тэлевізары праз “Белсат”, дык вось праз Радыё Свабода.
На чарзе сыгнальныя вогнішчы, тэлепатыя і лісты, напісаныя малаком на палях кніг турэмнай бібліятэкі. Дзякуй Богу, усе ведаем, як рабіць чарніліцу зь хлебнага мякішу. Я тут яшчэ галубятню пляную на дах, толькі суседзі пакуль хаду пляну не даюць.
Ведаеш, пасьля ўсяго таго, што здарылася, забарона нават на тэлефонную размову падалася напачатку драбязой.


Але час ідзе, і тое, што я не магу пачуць твой голас, зразумець, як ты сябе насамрэч сябе адчуваеш – гэта цяжка, канешне. Вольга і адвакаты мне гавораць, што ты не губляеш прысутнасьці духу, што цябе не зламалі, што ты нават можаш пісаць там нешта.
Мне ўвесь час шалёна хочацца проста сесьці з табой і пагаманіць за вячэрай ці гульнёй у покер, ці нават прайсьціся моўчкі ўздоўж затокі.
Але ўлічваючы тое, што калі мы з табой сустрэнемся нарэшце, то так хутчэй за ўсё і будзе — мы будзем моўчкі ісьці, я ізноў і двух словаў не змагу сказаць пра тое, што я насамрэч думаю і адчуваю, то давай я паспрабую тут адну рэч сказаць.

На магіле Васіля Быкава
Гледзячы на выдатных, мужных людзей, зь якімі мне выпаў гонар пазнаёміцца з-за ўсёй гэтай агульнай нашай бяды, мне, канешне, вельмі хочацца гэтак жа як і яны, мужна трымацца. Мне б павучыцца ў Дар'і Корсак, як проста і ясна яна сказала: “Мы перажывем гэты рэжым". Мне ўсё хочацца таксама сказаць штосьці ў гэтым духу, накшталт што "і не такое бывала». І плюнуць праз плячо. Але праўда ў тым, што тое, што з табой робяць, тое, што робяць з усімі намі - гэта самае страшнае, што я, чалавек неваеннага пакалення, калі-небудзь бачыла ў сваім жыцьці. Перад маімі вачыма ўвесь час паўстае адна і тая ж карцінка, як ты ляжыш, зьбіты, скрываўлены, у сьнезе, і я кожны раз задыхаюся, проста не магу дыхаць нармальна. А тое, што мяне не было побач, калі тваю жонку трымалі за рукі, а цябе цягнулі па падлозе з рэанімацыйнай палаты па нечакана вымерлым калідорам, я сабе ніколі не дарую.

Але вось як раз з-за гэтага ўсяго, я з асаблівае яснасьцю разумею неабходнасьць твайго ўчынку - і ўсіх, хто пайшоў на Плошчу. Таму што нават я да гэтага не бачыла, наколькі шырока разраслося глейкае, балоцістае зло на Беларусі. Штодзённае, руціннае зло, якое так ўелася ў наша жыцьцё, што ўжо нават параўнаньне сытуацыі з Кафкам пасьпела стаць клішэ.

Я хачу табе сказаць, што я табой вельмі ганаруся. Я страшна цяпер ганаруся наогул беларусамі.Таму што нягледзячы на тое, што мы вельмі любім сябе лаяць за млявость, я нідзе і ніколі ня бачыла столькі ўпартасьці і гераізму. Гэтак жа як зло стала руцінным, гераізм стаў практычна штодзённым. Прыйсці на Плошчу. Прынесьці перадачу ў турму незнаёмаму чалавеку. Не зманіць, калі вельмі просяць. Не зламацца, калі вельмі ціснуць. Гледзячы на ўстойлівасьць і мужнасьць людзей вакол, я не магу ня верыць, што мы з табой вельмі хутка сустрэнемся.
З любоўю, дачка Ева.
5 траўня. Суд Фрунзенскага раёну Менску