18 мая 2024, суббота, 9:55
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

На лініі Сталіна зноў ідуць баі

4
На лініі Сталіна зноў ідуць баі

Люты – месяц адмысловы. Ёсць у ім незразумелы, недарэчны дзень. Нейкіх там “защитников Отечества”. Не Айчыны. І не Бацькаўшчыны. А менавіта “Отечества”. Калі гаворка ідзе пра тое, незабыўнае савецкае, то ад яго і следу ўжо не засталося. І нагода для ўсенароднага свята яшчэ ў тыя, савецкія часы, выклікала ў гісторыкаў вялікі недавер.

Колькі ні шукалі, ніякіх доказаў перамогі чырвоных над немцамі пад Псковам у гэты дзень васемнаццатага года не знайшлі. Хутчэй наадварот. Галоўнакамандуючы таварыш Крыленка збег ад граху падалей у тыл. Там ЧК узяла яго за галіфе і ледзь не ўзнагародзіла за адвагу пралетарскай куляй. Але браты па партыі ўратавалі. Вось і ўся героіка. А нагодай для свята сталася паездка дэлегацыі жанчын да чырвонагвардзейцаў, з якіх фармавалася вайсковая частка. Каб падняць іх баявы дух, дэлегаткі, па даручэнні Троцкага, адвезлі ім сціплыя падарункі і сказалі некалькі слоў у падтрымку. І гэта святкаваць? У незалежнай Беларусі?..

Але ж хочацца! А таму лепш нічога новага не прыдумляць. Не было ніякіх подзьвігаў? Зробім выгляд, што былі. І так адсвяткуем!..

Сёлета вайсковае ўзбуджэнне пачалося задоўга да ўрачыстай даты. З’явілася паведамленне, што мудрае кіраўніцтва набыве яшчэ адзін ракетны комплекс. Найноўшы. Апошняе слова расійскай ваеннай прамысловасці. Страшэнна дарагая цацка. Але ж як нам без яе?..

Розныя крыкуны пачнуць даводзіць, што сродкі тыя можна было б скарыстаць па-гаспадарску. Вунь на вуліцы Платонава, амаль у цэнтры сталіцы, – жахлівая руіна, шпітальны недабудаваны корпус. А ў дзевятай клініцы – яшчэ адзін. Але гэтак могуць думаць толькі тыя, хто далей уласнага носа нічога не бачыць. А кіраўніцтва мысліць стратэгічна. Міністр абароны Мальцаў, як паведамілі расійскія “Ведомости”, усё патлумачыў глыбока і грунтоўна. Словы тыя перакладаць не варта, каб не сапсаваць адметны генеральскі стыль: “Говоря о военной опасности – это появляется новое вооружение и естественно, любое государство будет сопротивляться, чтобы появились новые элементы опасности”. Думка амаль афарыстычная. “Новые элементы опасности” – гэта часткі сістэмы супрацьракетнай абароны, якія плануюць размясціць у Польшчы. Пра тыя “элементы” даўно ўсім вядома. І не толькі генерал, але нават салдат, які на кухні бульбу чысціць, добра ведае, што да сродкаў наступальных іх аднесці нельга. Але рэжым палічыў гэта пагрозай і адказ наважыўся даць адэкватны. І вось вам да ўрачыстай даты – маскоўскі падарунак!

Нездарма ж у пенсіянераў ды школьнікаў кішэні вытрасалі, адбіраючы жабрацкія ільготы. Напэўна, збіралі сродкі на ўмацаванне абароны перад варожай пагрозай. На ракетны комплекс наскраблі. А на рэшту наладзілі для простага народа шыкоўнае відовішча на лініі Сталіна. Там, як высветлілася, вораг захапіў нашу калгасную вёску. І ўжо чуліся адтуль нямецкія пераможныя песні і адпаведнае галашэнне жанчын. Але ўдарылі моцна малайцы таварыша Мальцава і пакутнікаў вызвалілі. Гэта хто казаў, што на той славутай лініі падчас вайны жыхары навакольных вёсак ніводнага стрэлу не чулі? Затое цяпер грукат адтуль і ў Варшаве чуваць. І ўжо не міністр абароны, а сам найвышэйшы камандуючы патлумачыў электарату што да чаго: “Мы обеспечиваем этим не только свою защиту от военных угроз, но и наших союзников по Организации Договора по коллективной безопасности”. І што цяпер “наша армия составляет основу региональной группировки войск Беларуси и России”.

Вось так – проста і шчыра. Ледзь паспелі стварыць сваё войска, а яно ўжо аснова нейкай рэгіянальнай групоўкі. Фактычна ўсё тая ж Беларуская вайсковая акруга. Наша войска – частка чужога. А вораг, як і раней, - Захад.

Але хіба гэта Варшава ці Брусэль недвухсэнсоўна пагражаюць суверэнітэту Беларусі? Хіба Галандыя ці Данія збіраліся ўключыць нас у свае межы “шестью областями”? Дык ад якой пагрозы бароніць суверэнітэт краіны ваяўнічы кантынгент таварыша Мальцава? І ці варта здзіўляцца, што ў верасні на Крапівенскім полі пад Воршай, дзе сапраўды нашы абаронцы адстаялі Бацькаўшчыну ад усходняй навалы, ніколі не бывае вайскоўцаў. Затое там процьма амапаўцаў. І поле загаддзя абвяшчаецца мінным.

Бутафорскія баі на лініі Сталіна рэхам адгукаюцца ў галовах электарату. І няма чаго здзіўляцца, што журналісты, пацікавіўшыся ў прахожых на вуліцах нашай сталіцы, ці варта гэты дзень адзначаць у Беларусі, пачулі ў адказ: варта! А ў дадак і фантастычнае тлумачэнне такой неабходнасці. У гэты лютаўскі дзень, як стала вядома з тых тлумачэнняў, Беларусь была вызвалена ад немцаў!..

Так, абароназдольнасць краіны трэба мацаваць. Можна яшчэ закупіць дзесятак ракетных комплексаў. І падрыхтаваць такі “наш ответ Чемберлену”, што самім стане страшна. Нарэшце, можна ўжо зараз капаць акопы. Або абвязаць сябе гранатамі ў чаканні натаўскіх танкаў. Але ўсё гэта палахлівы рэжым не ўратуе.

Ёсць у гэтым небяспечным свеце ўдарная групоўка, ад якой тутэйшых стратэгаў і ракеты не абароняць. Назва ёй – “Газпрам”. І рана ці позна на парозе Чырвонага дома з’явіцца гаспрамаўскі невялічкі дэсант, ветліва пакладзе на высокі стол рахунак і прамовіць сціпла: “Хенде хох!”

І што тады?..

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях