19 апреля 2024, пятница, 14:21
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Мастацтва ў няволі не жыве

4
Мастацтва ў няволі не жыве

Нечаканую навіну на гэтым тыдні прынесла тэлебачанне. Нібыта Беларусь у бліжэйшыя гады чакае неверагодны ўздым культуры.

Мастацтва расквітнее як ніколі. І гэта не пустыя абяцанні, а цвярозы, можна сказаць, матэматычны разлік. Падстаў для аптымізму шмат. Каб у тым пераканацца, варта назваць хаця б асноўную. Кіраўнік краіны асабіста зоймецца пытаннямі культуры.

Заслухаўшы адпаведны даклад Паўла Латушкі, ён, вядома ж, не разлічваў на вялікія дасягненні на гэтай ніве. Міністр на пасадзе толькі год. Не той час, каб здзейсніць штосьці значнае. А таму ўся ўвага была скіравана ў будучыню, калі па ўсіх разліках і павінен адбыцца доўгачаканы росквіт.

Як і ў кожнай галіны айчыннай гаспадаркі, у той культуры таксама ёсць свая ўласная пяцігодка. А як жа інакш – незабыўны савецкі досвед, традыцыя. Іх нікуды не падзець, не пазбыцца. Афіцыйнае паведамленне аб лёсавызначальнай сустрэчы яскрава засведчыла істотны факт. Кіраўнік дзяржавы адразу сканцэнтраваў увагу міністэрства на галоўным – “поручил активизировать работу по принятии в ближайшее время государственной программы развития культуры на 2011-2015 годы, предусматривающей новый инновационный подход в совершенствовании этой сферы”.

У чым сутнасць гэтага новага падыходу, удзельнікі высокай нарады не ўдакладнялі. Ёсць і ўсё – чаго тут разважаць. Узгадалі хіба што два моманты, магчыма, найбольш значныя. Па-першае, у Беларусі цяпер будзе прысуджацца штогадовая тэатральная прэмія. А па-другое, пры міністэрстве пачне дзейнічаць грамадская рада, у якую увойдуць народныя і проста заслужаныя дзеячы мастацтва, а таксама і моладзь. Новаствораная суполка дапаможа кіраўніцтву міністэрства не збочыць з абранага курсу. Калі гэта і ёсць той самы “новый инновационный подход”, то чаму ад яго так выразна патыхае нафталінам?

Была калісьці ў міністэрства гэткая рада. Узначальваў яе артыст Купалаўскага тэатра Мікалай Яроменка. Дзейнасць той рады, калі адпалі высокія папяровыя словы, сканцэнтравалася на размеркаванні той вартай жалю драбязы, якая выдаткоўвалася дзяржавай на мастацтва. Разы са два яна сабралася ў сваім грувасткім складзе. Было шмат пустапарожняй балбатні. А потым высветлілася, што шмат у каго процьма ўласных клопатаў. На паседжанні ўрэшце рэшт прыходзіла хіба што некалькі адстаўных спевакоў. І яны вырашалі, каму з кінарэжысэраў даручыць чарговы фільм, або якая п’еса можа быць пастаўлена ў тэатры. Надзвычай кампетэнтная кампанія. Менавіта яе так не стае сёння нашаму затурканаму мастацтву.

А вось тэатральная прэмія – гэта ўжо штосьці. Аднак мімаволі паўстае няпростае пытанне: а каму ж яе ўручаць і за якія дасягненні? Штосьці не чутно апошнім часам пра сенсацыйныя спектаклі, дзівосныя балеты, выдатныя оперы. Можа, з’явіўся дзе-небудзь малады і дзёрзкі сцэнічны калектыў, які ўразіў публіку нечаканай пастаноўкай? Не, усё глуха тут і ціха. Толькі шалее і грукоча “наша ўсё” – любімы высокім начальствам “Славянскі базар” ды раве ў тэлевізары ўсё тая ж папса. А за межамі гэтага за апошнія шаснаццаць год усё вынішчана ідэалагічным спецназам дашчэнту. На такой прасторы мастацтва імгненна не адраджаецца. Патрэбны не толькі час. Але разлічваць на штосьці добрае ўжо не даводзіцца. Ад міністэрства зноў было запатрабавана ўсімі сродкамі “поддерживать эстраду”.

Відавочна новы міністр шчыра імкнецца штосьці карыснае зрабіць для занядбанай культуры Беларусі. Але вось тое, што гэтай справай зацікавіўся раптам і начальнік краіны, асаблівага аптымізму не дадае. Ён ужо не аднойчы распачынаў раптоўныя паходы на тэрыторыю мастацтва з мэтаю яго далейшага ўздыму. Чым тое скончылася, вядома ўсім.

Адна з першых кіраўнічых сустрэч з дзеячамі мастацтва адбылася з нагоды прэзентацыі незабыўнага шэдэўра – Габелена стагоддзя.

Між раскіданых па ягонай пярэстай прасторы выяў вядомых людзей планеты знайшлося месца і адзінаабранаму. Але што характэрна, ён месціўся ў той слаўнай кагорце нават вышэй за папу рымскага. Гэта акалічнасць проста ўразіла правадыра. Вось яно, сапраўднае мастацтва. Могуць жа, калі захочуць. Разумеюць глыбінную сутнасць жыцця. Верай і праўдай служаць працоўнаму народу. Проста і выразна акрэслілі магістральны шлях тутэйшага мастацтва. Менавіта туды яно і павінна ісці – шляхам Габелена.

Потым была адпаведная сустрэча з пісьменнікамі. Ён адразу разгледзеў іх сапраўднае аблічча. І ўвесь той недаспелы Саюз, які не хацеў зразумець, што ад яго патрабуецца ў новых умовах, змушаны быў проста сысці са сцэны. Амаль у падполле. Паспрабуйце знайсці ягоны след ў сённяшнім Мінску.

Замест таго ўпартага адразу быў створаны Саюз памяркоўны. Надзейны, пад генеральска-міліцэйскім кіраўніцтвам. Зразумела, там няма ні Рыгора Барадуліна, ні Генадзя Бураўкіна, ні Анатоля Вярцінскага, ні Уладзіміра Арлова ды іншых вядомых пісьменнікаў. Але затое ён упэўнена крочыць сёння шляхам Габелена.

А яшчэ быў высокі візіт на кінастудыю “Беларусьфільм”. Там да яго загаддзя рыхтаваліся і дзейнічалі рашуча. Кінематаграфістаў адразу падзялілі на сваіх і чужых. У ліку непажаданых апынуліся Ігар Дабралюбаў, Вылеры Рыбараў, Віктар Дашук ды яшчэ шмат хто з тых майстроў, якія маглі і ўмелі рабіць кіно. Але нікога тое ўжо не цікавіла. Самым надзейным было загадана ў кароткі тэрмін стварыць сапраўдныя блокбастэры, якія проста агаломшаць гледачоў. І вогуле ператватыць “Беларусьфільм” у Галівуд. У што кінастудыя ператварылася ў хуткім часе, нават гаварыць не варта.

І вось кіраўнік дзяржавы зноў апякуецца мастацтвам. Рыхтуе сабе і яму новую пяцігодку, поўную неверагодных перамог і адметных дасягненняў. Застаецца толькі паспачуваць усяму жывому, што тут яшчэ недабіта і засталося выпадкова па-за ўвагай найвышэйшага кіраўніцтва.

Аднак не ўсё так безнадзейна ў Беларусі. Нават асфальт часам прабівае трава. І на здратаванай тэрыторыі айчыннай культуры сустракаюцца дзіўныя анамаліі. На ўскраіне Мінску з’явілася раптам дзікарослая тэатральная суполка. Паўразваленая хаціна. Два пакойчыкі. Пралом у сцяне між імі. Але патрабавальны і неспакойны дух мастацтва пажадаў пасяліцца менавіта тут. І пачувае сябе настолькі ўтульна, што маленькі тэатрык наважыўся падацца ў вялікі свет. Яго ахвотна прымалі на прэстыжных фестывалях. Самая патрабавальная публіка, самыя знакамітыя дзеячы мастацтва Еўропы і Амерыкі – у ліку ягоных адданых аматараў.

І ўсё гэта не дзякуючы клопату дзяржавы, а насуперак яе намаганням. Загадка? Напэўна. Але феномен гэты выдатна тлумачыць красамоўная назва паспяховага калектыву – “Свабодны тэатр”.

Мастацтва ў няволі не жыве. Старую ісціну не перайначыць. Каб жыць і дыхаць, яму патрэбны хаця б пралом у сцяне. Пажадана, не ў суседнюю камеру.

У вялікі свет.

Написать комментарий 4

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях