19 апреля 2024, пятница, 12:22
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Палёт штурмавіка над гняздом зязюлі

18
Палёт штурмавіка над гняздом зязюлі

Ходзяць чуткі, што ў Драздах ахоўнікі бачылі цень Чаушэску.

Прывід паводзіў сябе памяркоўна. У асабістым стаўку правіцеля вудзіў рыбу. Спроба затрымаць самазванца скончылася нічым. Цень рассеяўся ў стылым снежаньскім змроку. Толькі з вады выцягнула пільная варта абрывак лескі, на якім гойдаўся зусім рэальны паплавец.

Здарэнне пустое, увагі не вартае. Але яно ўсхвалявала чамусьці афіцыйную Беларусь. Нядобры знак. Выразны сігнал да мабілізацыі ўсіх наяўных сіл і сродкаў. І што самае дзіўнае, першымі на тое адрэагавалі аператыўна нават не спецслужбы, а нашы слаўныя сокалы. Штурмавікі. Вартавыя мірнага неба. Кажуць, нібыта нейкі эіпаж, пралятаючы над гняздом зязюлі, убачыў з неабсяжнай вышыні жахлівае відовішча – краіну без яе нязменнага правадыра.

Навіна, якую прынеслі яны з таго палёту, уразіла страшэнна найперш палітрукоў. І яны адразу паімкнуліся пісаць адозву. Ад імя ўсіх пілотаў, тэхнікаў, начальнікаў складоў ды іншых адмыслоўцаў чырвонасцяжнай штурмавой авіябазы. А таксама іх сем’яў і, вядома ж, ветэранаў. Высокаідэйная тая адозва звернутая была да ўсяго асабовага складу Узброеных сілаў краіны. А таксама да міліцыі і незлічоных спецслужбаў. Заклік просты. Згуртаваўшыся, утрымаць на пасадзе галоўнакамандуючага. Праштурхнуць яго на чацверты тэрмін. Выстаяць перад жудасным прывідам выбараў.

Усхваляваныя тым авіязаклікам афіцэры ды генералы паспяшаліся ў Мінск на свой сход. Каб тую ініцыятыву самай ідэйнай авіябазы зрабіць агульнай для ўсяго нашага войска. Нечым даўно знаёмым, замшэла-савецкім павеяла ад гэтай магутнай хвалі казённага патрыятызму. І зусім непажаданыя вынікі яна можа даць. А раптам падумае электарат, што калі правіцелю ў выбарчай кампаніі даводзіцца абапірацца на ўзброеныя сілы, то кепскія ў яго насамрэч справы.

Але ёсць тое, што ёсць. Сапраўды, каму ж яшчэ, як не чырвонасцяжным штурмавікам, сёння апекавацца хістаннем дыктатарскага крэсла? І на зямлі, і ў хмарным небе ў іх адна толькі думка: а як там у Драздах? І ўсё ж незразумела, навошта ў прымітыўную прапагандысцкую гульню спатрэбілася ўблытаць менавіта лётчыкаў? Ёсць жа ў войску танкісты, артылерысты. Або тыя ж сапёры. Хутчэй за ўсё іх магло ўсхваляваць прафесійнае пытанне: а ці дастаткова глыбокі бункер у дыктатара?

Аднак патрыятычны заклік з неба марным не застаўся. Калі хто і адгукнуўся на яго ўсім сэрцам, дык гэта бравы міністр самых унутраных нашых спраў. Ён адразу ўцяміў, адкуль вецер дзьме. І што крамольны паплавец у запаветным ставе – ніякая не выпадковасць. Час патрабуе пільнасці. А таму ўсе ўнутраныя органы пераводзяцца на ўзмоцнены рэжым службы. З трынаццатага снежня па дваццаць першае. Як кажуць, загадана выжыць. Ні кроку назад. За намі – Крэсла.

Міліцыя рашуча паслала падалей нейкую там лібералізацыю. І не памылілася. А як жа інакш, калі правадыр асабіста папярэдзіў падуладны край пра ворагаў народа. З часоў далёкай хрушчоўскай адлігі ніхто пра іх не ўзгадваў. А тут – адкрытым тэкстам. І тое зразумела. Надзвычай небяспечныя людзі. Нават у прэзідэнты наважыліся балатавацца. А тут яшчэ і гэты нахабны прывід у Драздах.

Выйсце з такой небяспекі, як заўсёды, адно – зачыстка тэрыторыі. Па ўсё тых жа даўно знаёмых кропках. Вось нібыта ціхая на першы погляд сядзіба ў Бабры. А ўнутраным органам добра вядома, што жыве там Алесь Пушкін, мастак. Той самы, што калісьці вываліў пад самы ганак найвышэйшай з усіх адміністрацый тачку гною. Раптам ён і падчас гэтых выбараў наважыцца на нешта адпаведнае? А таму – дробная правакацыя. Хуткі суд. І трынаццаць сутак як лёду. Начальства можа спаць спакойна.

Тое ж і ў сталіцы. Адказныя эксперты каторы месяц даследуюць кампутары чатырох ненадзейных журналістак па нейкай дохлай справе. А за некалькі дзён да выбараў высвятляецца, што ўсё тое не дарэмна. З вінцікаў і мікрасхем крамольных кампутараў лёгка складваецца вельмі крыўднае слова. А што калі яно на адрас самага бездакорнага з кандыдатаў? Так, напэўна! І таму імгненна ўзбуджаецца чарговая крымінальная справа. На ўсякі выпадак. У мэтах прафілактыкі.

Стабільнасць – гэта жыццё ў звыклым рэчышчы. І ўжо шмат хто ў гэтай краіне па закліку няўрымслівых вайскоўцаў выпраўляецца ў палёт над гняздом зязюлі. Нейкім бабулькам раптам падалося, што ў няспынным патоку машын на мінскіх вуліцах павінен быць кіроўца без правоў. Патэлефанавалі ў міліцыю. А тая, як заўжды, з народам. Наладзіла адразу шыкоўную пагоню. З сірэнай і мігалкамі. За першай жа машынай, якая трапіла на вочы. І што цікава, ні ў чым не памылілася! За рулём таго аўто сядзеў Зміцер Дашкевіч, вядомы моладзевы лідэр. Правы ў яго, на вялікі жаль, былі. Але хіба гэта перашкода? Машыну затрымалі. На пэўны час. Пакуль не пройдуць выбары.

Потым аперацыя вартавым парадку падалася не надта маштабнай. І ў дадак затрымалі яшчэ некалькі моладзевых актывістаў – Насту Палажанку, Уладзімера Яроменку, Мікалая Дземідзенку. Падставы ўсё тыя ж – некаму нешта здалося.

Якімі смешнымі і вартымі жалю падаюцца сёння даўнія шабашы нячыстай сілы на гары Брокен. Тым болей, рахманыя здані старадаўніх брытанскіх замкаў. Ды нават і той славуты цень, што па словах вядомага эканаміста блукаў калісьці па Еўропе. Самы страшны з усіх атабарыўся ў ціхай Беларусі. Гэта прывід магчымай страты ўлады. Ад яго каторы год калоціць усю краіну. Фантасмагарычныя падзеі адбываюцца штодня ў гэтай анамальнай зоне. Раней існавала меркаванне, нібыта абвастрэнні псіхікі здараюцца ў пэўныя сезоны – вясной і ўвосень. А тут высвятляецца паціху, што яно можа распаўсюдзіцца і на ўсе чатыры. І віной таму ўзгаданы прывід.

Дык можа варта аднойчы сабрацца разам і прапанаваць яму пакінуць гэты край. Падстава ёсць выдатная – снежаньскія выбары. Досыць нам адмысловых тых сезонаў. Няхай зноў будуць усе яны звычайныя. Вясна. Лета. Восень. І зіма – белая, прыгожая. Без нячыстай сілы.

Написать комментарий 18

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях