19 июня 2024, среда, 7:11
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Андрэй Саннікаў растлумачыў, чаму трэба узмацняць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

25
Андрэй Саннікаў растлумачыў, чаму трэба узмацняць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

Ёсць два фактары.

Былы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 году, колішні палітвязень, лідэр кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў расказаў «Радыё Свабода», чаму важна змаганьне са злом, а не тэарэтычнае навучаньне.

— Карэспандэнт «Радыё Свабода» ў Брусэлі Рыкард Юзьвяк паведамляе, што гэтымі днямі абмяркоўваецца новы пакет санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, але пра гэта няма згоды. Апошнім часам сярод беларускіх апазыцыйных палітыкаў ідуць спрэчкі наконт санкцый — нехта кажа, што іх трэба ўзмацняць, нехта — што яны не даюць выніку і толькі шкодзяць. Якая ваша пазыцыя?

— Мая пазыцыя заўсёды была пасьлядоўная — гэта ўзмацненьне санкцый. Ёсьць два фактары, якія я лічу галоўнымі ў гэтай справе.

Па-першае, вызваленьне палітвязьняў. Я лічу, што любыя санкцыі маральна апраўданыя, таму што ў нас сядзіць больш за 5 тысячаў палітвязьняў, зь іх зьдзекуюцца кожны дзень, ідуць рэпрэсіі. Патрабаваньні вызваленьня, не падмацаваныя санкцыямі, гэта проста пусты гук.

А па-другое, удзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне. Здымаць санкцыі — значыць дапамагаць агрэсару Пуціну і суагрэсару Лукашэнку весьці агрэсіўную захопніцкую вайну супраць Украіны.

У мяне ніколі не было ваганьняў наконт гэтага, бо толькі праз санкцыі можна вызваліць палітвязьняў, і мой асабісты досьвед пра гэта сьведчыць.

— Той жа Рыкард Юзьвяк паведамляў, што Беларусь ня трапіла ў апошнія санкцыйныя пакеты Эўразьвязу, бо такая пазыцыя Ўкраіны. У яго даволі сур’ёзныя крыніцы ў Брусэлі. Таму, калі зыходзіць з праўдзівасьці гэтай інфармацыі, як яе можна ацаніць?

— Я таксама лічу, што ў Рыкарда Юзьвяка даволі сурʼёзныя крыніцы — ён амаль што ніколі не памыляўся ў сваіх «інсайдах». Я схільны давяраць таму, што нейкая гульня адбываецца, у тым ліку і з удзелам Украіны.

Але ж апошнія рашэньні прэзыдэнта Зяленскага — увесьці санкцыі супраць буйных галінаў прамысловасьці ў Беларусі — нібыта павінны гэтую тэндэнцыю зьнішчыць, калі яна была.

Аднак гульня працягваецца — мы ведаем, што Урзуля фон дэр Ляен ня згадвала Беларусь, калі цяпер у Кіеве гаварыла пра дзясяты пакет санкцыяў. Можа гэта было выпадкова, а можа і не.

Я лічу, што зноў робіцца памылка. Нават у такой сурʼёзнай сытуацыі, калі Лукашэнка дапамагае Расеі і нават фактычна ваюе з Украінай, нехта спрабуе гуляць у ранейшую гульню: «А давайце паспрабуем адцягнуць Лукашэнку ад Пуціна». Але як адцягнуць, калі тэрыторыя Беларусі цалкам выкарыстоўваецца для вайны супраць украінцаў і кантралюецца Крамлём, а не Лукашэнкам?

— Вы ўчора крытычна выказаліся пра новы плян Рады Эўропы дзеля падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасьці. Ці маглі б вы коратка патлумачыць асноўныя праблемы з гэтым плянам?

— Я ведаю, як гэта працуе, і гэта нічога не дае. І я там не згадаў яшчэ адзін небясьпечны фактар, а я думаю, што ён зьявіцца, бо ўскосныя прыкметы гэтага ёсьць, — гэтыя мерапрыемствы плянуюцца з удзелам рэгіянальных і мясцовых уладаў Беларусі.

Як падтрымку Беларусі яны прапануюць гендэрныя пытаньні, змаганьне з гвалтам супраць жанчын, адмену сьмяротнага пакараньня і гэтак далей. Гэта іх парадак дня, а ня наш. Наш парадак дня — злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі і ваенныя злачынствы. Гэта вайна ва Ўкраіне і дапамога людзям, якія зьяўляюцца ня толькі ахвярамі вайны, але і ахвярамі рэжыму Лукашэнкі — дапамога дзецям, дапамога хворым, гуманітарныя праграмы.

Часткова гэта ёсьць у мандаце Рады Эўропы, а часткова яна можа выступіць ініцыятарам такіх скаардынаваных дзеяньняў. Было рашэньне Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы аб стварэньні міжнароднага трыбуналу па ваенных злачынствах. У дачыненьні да Лукашэнкі трыбунал павінен быць створаны ня толькі па ваенных злачынствах, але і па злачынствах супраць чалавечнасьці.

Пакуль што ўсё, што рабілася, гэта быў піяр з боку пэўных апазыцыйных групаў, якія ня ведаюць, як працуе Міжнародны крымінальны суд.

Што тычыцца агучанага пляну, дык у нашай сытуацыі зразумела, што ніякай адмены сьмяротнага пакараньня пры гэтым рэжыме ня будзе. Ці змогуць яны праводзіць кампанію супраць гвалту ў адносінах да жанчын у нашых турмах ці калёніях? Не.

Мы ведаем асноўную праблему Беларусі — рэжым Лукашэнкі. Пэўны час Рада Эўропы настойліва прапаноўвала Лукашэнку мараторый на сьмяротнае пакараньне, і тады Беларусь абяцалі прыняць у Раду Эўропы. Нават на месячны ці двухмесячны мараторый яны не пайшлі — а я ведаю, што і такія прапановы былі.

Колькі яшчэ можна даказваць характар гэтай улады? Злачынная ўлада. Паўнавартасная, жорсткая, абсалютна антынародная дыктатура. Ніякіх зрухаў па выкананьні парадку дня Рады Эўропы пры гэтай уладзе ня будзе. Таму я заўсёды прапаную змаганьне са злом, а не тэарэтычнае навучаньне.

— І вы там напісалі альтэрнатыўныя прапановы — што, на вашую думку, эўрапейскім структурам варта рабіць у падтрымку Беларусі. Калі ласка, скажыце, што вы лічыце найбольш важным?

— Я ведаю, што нічога гэтага не адбудзецца, бо, на жаль, Рада Эўропы кантактуе з махлярамі. Ад майго імя, ад імя беларусаў, яны зацьвердзілі гэты плян, але я не даваў на гэта згоды.

Прапановы простыя: падмацаваньне дакумэнтамі працэсу ўнівэрсальнай юрысдыкцыі — стварэньне міжнароднага трыбуналу; дапамога палітвязьням, кампанія па вызваленьні палітвязьняў.

Сябры Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы напісалі лісты 1302 палітвязьням. Але чаму 1302? А астатнія чатыры зь нечым тысячы — гэта хто? Я ўвесь час пра гэта гавару. Я ведаю, што адбываецца зь людзьмі, якія па сутнасьці палітвязьні, але ў сьпісе іх няма. Гэта добрая ініцыятыва, але гэта павінна быць кампанія ціску на Лукашэнку, а ня разавая акцыя «для птушачкі».

— Як вы бачыце асноўныя задачы беларускіх дэмакратычных палітыкаў, якія цяпер за мяжой? Што яны, і ў тым ліку вы самі, павінны і могуць зрабіць, каб рэальна паспрыяць зьменам у Беларусі?

— Шмат што павінны і могуць рабіць. Не заўсёды пра гэта можна гаварыць публічна. Я сам не заўсёды магу казаць публічна, што я раблю.

Па-першае, трэба прызнаць, што ў нас больш за 5 тысяч палітвязьняў. Я часта сутыкаюся з тым, што мне кажуць: «Вось у вас там ёсьць лічбы — больш за тысячу, і ўсё».

Па-другое, трэба ўвесь час трымаць гэтае пытаньне на міжнародным парадку дня. Калі абмяркоўваюцца санкцыі, часам кажуць, што нібыта Ўкраіна лічыць, што можна неяк утрымаць Лукашэнку ад таго, каб беларуская армія пераступіла ўкраінскую мяжу. Але ня згадваюць, што ў нас таксама ёсьць палонныя.

Вайна ў Беларусі ідзе, рэжым ваюе з народам, і ёсьць ваеннапалонныя — гэта палітвязьні, іх трэба вызваляць. Яны таксама павінны быць уключаныя ў парадак дня перамоваў паміж Украінай і Захадам. Бо гэтыя людзі падтрымліваюць Украіну. Сярод палітвязьняў не падтрымліваюць Украіну хіба адзінкі.

Таксама трэба дапамога семʼям і дзецям пацярпелых. Бо ў нас саджаюць шматдзетных бацькоў.

Я адмоўна стаўлюся да ідэі наладжваць перамовы паміж Лукашэнкам і Захадам. Бо гэта прывядзе да захаваньня рэжыму.

Кампаніі ў падтрымку палітвязьняў шкодзіць стварэньне сьпісаў. Такія сьпісы могуць быць, але нельга іх апублічваць і нельга гаварыць пра крытэры — хто з палітвязьняў «першапачатковы», а хто не. Паўтаруся: у нас больш за 5 тысяч палітвязьняў, і мы павінны ўвесь час пра гэта нагадваць.

І мы павінны патрабаваць ад заходніх палітыкаў салідарнасьці — публічных выказваньняў пра сыстэму катаваньняў у беларускіх турмах, публічнага расьсьледаваньня таго, што ідзе на экспарт, і агучваньне імёнаў тых, хто адказвае за сытуацыю з палітвязьнямі. Трэба, каб міжнародныя арганізацыі патрабавалі візытаў у турмы, сустрэчаў з палітвязьнямі.

— Вы сказалі ўкраінскаму Youtube-каналу «Фабрыка навін», што не выключаеце свайго ўдзелу ў новых прэзыдэнцкіх выбарах пасьля зрынаньня рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Што б вы адказалі тым, хто кажа, што будучы прэзыдэнт — кім бы ён ці яна ні былі — цяпер у любым выпадку знаходзіцца ўнутры Беларусі?

— Можна ўзгадаць яскравых палітыкаў — Томаса Ільвэса ў Эстоніі, Валдаса Адамкуса ў Літве, Віку-Фрайбэрге ў Латвіі — такіх прыкладаў шмат. А рашэньне пра ўдзел будзе камандным. Мая каманда складаецца ня толькі з тых, хто цяпер за мяжой, але і ў Беларусі. Кагосьці вы ведаеце, а кагосьці не.

Калі краіны Балтыі зноў здабылі сваю незалежнасьць, людзі, якія былі за мяжой, працавалі амбасадарамі, а потым міністрамі замежных спраў — я з такімі людзьмі працаваў. Бо замежны досьвед, калі людзі не адрываюцца ад сытуацыі ў Беларусі, вельмі карысны.

Я лічу, што асабліва моладзь, якая прыедзе ў Беларусь з замежным досьведам, будзе вельмі запатрабаваная ў новай сытуацыі.

Написать комментарий 25

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях